Блогер Сцяпан Пуціла (Нехта) не бачыць праблемы ў тым, што інфармацыя, якую ён публікуе пра беларускіх чыноўнікаў, часам аказваецца непраўдзівай. Пра гэта ён расказаў Кацярыне Маркоўскай у шоу «Морква».
Сцяпан Пуціла і Кацярына Маркоўская
Кацярына Маркоўская: 26 студзеня з твайго канала з’явілася інфармацыя, нібыта падрабязнасці па «цукровай справе». Ты напісаў, што сярод затрыманых былы кіраўнік Магілёўшчыны Пятро Руднік. Але насамрэч там быў іншы чалавек, дырэктар аднаго з заводаў Міхаіл Пруднік. Гэта нармальна, калі такімі неправеранымі злівамі ты падстаўляеш рэальных людзей?
Сцяпан Пуціла: Наіўныя гэтыя чыноўнікі, якія хацелі паўмільёна даляраў адсудзіць ці колькі там… [Экс-кіраўнік Магілёўшчыны Пятро Руднік казаў, што хоча спагнаць 5,2 мільёна еўра са СМІ, якія апублікавалі хлуслівую інфармацыю пра яго — «НН»]
Пятро Руднік
Кацярына Маркоўская: Але чаму не зрабіць публічную рэакцыю, сказаць: «Людзі, я памыліўся!»
Сцяпан Пуціла: Мы напісалі, што не Руднік, а Пруднік. А ў тым першым допісе было «па інфармацыі чытачоў, Руднік і Крыштаповіч». Інфармацыя чытачоў такая была. А потым ужо, калі выправілася, то напісалі не Руднік, а Пруднік.
Кацярына Маркоўская: Паставім так пытанне, ты ўнутрана перажываеш з-за гэтых праколаў ці табе ўсё роўна?
Сцяпан Пуціла: Гэта не б’е па іх рэпутацыі, гэта ж лукашэнкаўскія чыноўнікі!
Кацярына Маркоўская: Значыць, не перажываеш.
Сцяпан Пуціла: Не! Яму хапіла нахабства не вырашыць сітуацыю палюбоўна, а сказаць, што будзе адсуджваць паўмільёна — ці колькі там. Наіўныя беларускія чыноўнікі, што з іх узяць… Іх абсалютна не шкада. Чыноўніка не шкада, шкада толькі свайго іміджу, калі такое [памылкі] будзе здарацца часта.