А ці быў хлопчык? Кажу не пра хлопчыка Міколку, які за месяц пабываў з татам на курортах у Сербіі і Арменіі ды ў Завідаве. Пад «хлопчыкам» маю на ўвазе дыялог, які, нібыта, апошнія некалькі месяцаў вядзецца паміж афіцыйным Мінскам і кіраўніцтвам Еўрасаюзу. Піша Віталь Тарас.

Як напісаў некалі журналіст Аляксандр Геніс пра свайго ката: не тое, каб гаспадар і кот зусім не камунікавалі паміж сабой, але ж і размовай гэта не назавеш.

Сярод часткі журналістаў укараніўся стэрэатып, згодна з якім дзеянні Аляксандра Лукашэнкі заўсёды непрадказальныя. Але ў тым, што тычыцца, прынамсі, замежнай палітыкі, гэты стэрэатып не дзейнічае. Ва ўсялякім выпадку, кажучы словамі класіка, у гэтым вар’яцтве ёсць свая сістэма.

Узяць хоць бы апошнюю сітуацыю з «пераносам» візіту камісаркі ЕС Беніты Ферэра-Вальднэр у Мінск. Варта нагадаць, як 12 гадоў таму тагачасная старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Лені Фішэр падчас свайго візіту ў Беларусь не змагла сустрэцца з Лукашэнкам. Запланаваная сустрэча не адбылася ад таго, што ў кіраўніка дзяржавы раптоўна ўзнікла жаданне пагуляць у футбол.

Можна было б паразважаць у тым сэнсе, што ў чалавека, маўляў, было цяжкое дзяцінства і склаліся няпростыя адносіны з прадстаўніцамі процілеглага полу — напрыклад, з жанчынамі, імёны якіх пачыналіся на літару Ф. (Вось жа, з еўрапейскім палітыкам мужчынскага полу на літару С усё атрымалася добра. І літара Ц раздражнення афіцыйнага Мінску, па ўсім відаць, не выклікае.)

Але больш лагічным будзе дапусціць, што ў аснове двух падобных інцыдэнтаў ляжыць адна і тая ж схема (ці праграмка, ці вірус, які пачынае дзейнічаць у зададзеных параметрах).

Як толькі гульня ў дыялог з Захадам з мэтай націснуць на Маскву заходзіць надта далёка і Масква пачынае ўсур’ёз пагражаць Мінску не даваць больш грошай, наступае «нечаканае» ахаладжэнне ў дачыненнях з заходнімі дыпламатамі.

Прыкладна пра гэта гаварыў у нядзельнай праграме «Аб’ектыў» на «Белсаце» Зянон Пазняк. Яго выказванні пра «чацвярныя стандарты» Еўропы што да Беларусі і пра адсутнасць у краіне сапраўднай апазіцыі маглі падацца некаму брутальнымі. Але па сутнасці запярэчыць палітыку было цяжка. Аляксандр Лагвінец, памочнік Аляксандра Мілінкевіча, таксама запрошаны для ўдзелу ў перадачы, фактычна і не спрачаўся з апанентам у ацэнцы цяперашняга «дыялогу». Ён удакладніў толькі, што абвешчаныя ўладамі Беларусі лібералізацыя і дыялог пашыраюць інфармацыйнае акенца, што дае магчымасць апазіцыі даносіць сваю думку да большай колькасці людзей.

Але ж

ад пачатку «лібералізацыі» прайшло ўжо некалькі месяцаў, а вынікаў пашырэння «акенца» нешта пакуль не відаць.

Зянон Пазняк, між іншага, вядомы як аўтар даволі дакладных палітычных прагнозаў. Гэтым разам

Зянон прадказаў, што месяцы праз два ў Беларусі могуць пачацца народныя хваляванні.
Але адказваць на пытанне, калі можа адбыцца яго вяртанне на радзіму, катэгарычна адмовіўся.

Невядома, колькі яшчэ працягнецца згаданы «дыялог» з Захадам. Магчыма, працяг мараторыю ЕС на санкцыі супраць чыноўнікаў РБ дасць, так бы мовіць, дадатковы час для гульні.

У хакеі ёсць паняцце sudden-death (імгненная смерць) — калі пры нічыйным выніку ў авертайме нехта забівае шайбу, гульня на гэтым сканчаецца. Любая недарэчнасць ці грубае парушэнне правілаў можа прывесці да імгненнай развязкі. Іншая справа, што пераможцаў не будзе. А згуляць матч нанова наўрад ці ўдасца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0