Перасохла адна з галоўных крыніцаў валютных паступленьняў у беларускі бюджэт.

Паводле неафіцыйных зьвестак сёньня ў Салігорску працуе толькі трэці рудакамбінат. Галоўнае кіраўніцтва не кантактуе з прэсай і не інфармуе пра сытуацыю і тэрміны яе выпраўленьня нават сваіх шараговых супрацоўнікаў. Мэнэджары сярэдняга зьвяна таксама ня ведаюць, ці будзе працаваць прадпрыемства заўтра. Паводле іх словаў, тавар экспартуецца празь Літву толькі ў Індыю. Кантракт заключаны ўсяго на 400 тыс. тон.

Пытаньні са збытам на прадпрыемстве востра паўставалі яшчэ ўвосень мінулага году. У сьнежні часова не працавалі першы і другі руднікі. Зьвязана гэта было зь пераходам функцый прадаўца да створанай Беларускай калійнай кампаніі (БКК), куды на парытэтных умовах увайшлі «Беларуськалій» і «Ўралкалій». Пакуль кіраўнікі БКК спрабавалі дамовіца з краінамі-імпартэрамі на пастаўку ўгнаеньняў, «Беларуськалій» працаваў на ўнутраны рынак. Але патрэбы сельскай гаспадаркі ўжо даўно задаволеныя, склады перагружаныя, для захоўваньня прадукцыі выкарыстоўваюць проста вагоны.

Раней экспартам беларускай прадукцыі займалася Міжнародная калійная кампанія (МКК), створаная ў 1992 годзе, пасьля таго як некантраляваны продаж угнаеньняў з былога СССР прымусіў эўрапейцаў увесьці антыдэмпінгавыя санкцыі. МКК выціснула з рынку шматлікіх пасрэднікаў, стварыла аднаканальную сыстэму экспарту і ўвяла адзіную цэнавую палітыку. Кампанія пасьпяхова каардынуе продаж калійных угнаеньняў у 60 краінах сьвету, але патрабуе за свае паслугі каля 7% ад выручкі. Гэта не задавальняла найвышэйшае кіраўніцтва краіны. Паводле іх падлікаў, працуючы праз МКК, дзяржскарб штогод губляў каля 100 млн даляраў. «Мы дамагаемся таго, каб усе сродкі ад продажу ўгнаеньняў як у Беларусі, так і ў Расеі траплялі ў кішэню вытворцаў, а не пасрэднікаў, якія нажываюцца на гэтым. Мы ў гэтым упэўніліся за першае паўгодзьдзе гэтага году, атрымаўшы прыстойны фінансавы вынік па продажы калійных угнаеньняў у параўнаньні з узроўнем мінулага году», – тлумачыў А.Лукашэнка год таму.

Але спэцыялісты кажуць, што рост у 2005 годзе забясьпечаны падвышэнь-нем цэнаў, экспарт «Беларуськалію» ў параўнаньні з 2004-м вырас на 0,8%. Акрамя таго, кіраўніцтва краіны не ўлічыла, што на беларускі хлёркалій накладзены эўрапейскія антыдэмпінгавыя меры. Гэта значыць, што ў новыя краіны Эуразьвязу, у тым ліку і да суседзяў, пастаўляць прадукцыю «Беларуськалію» магчыма толькі праз МКК.

Нягледзячы на гэта, указам прэзыдэнта выключнае права экспарту дадзена дзяржаве праз ВА «Беларуськалій» і ААТ «Беларуская калійная кампанія». Ад самастойнага продажу ў 2006 годзе плянавалася атрымаць 1–1,2 млрд.

Спраўдзіць амбіцыёзныя пляны ня ўдасца. Год таму спэцыялісты скептычна ставіліся да заяўленай дзейнасьці, прагназавалі праблемы на некаторых асноўных напрамках – Лацінскай Амэрыкі, Кітаю.

Перамовы з самым буйным пакупніком – Кітаем – доўжацца з восені. Увесну на сустрэчу прадстаўнікоў пайшло ўсяго некалькі хвілінаў: беларускі бок заявіў пра падвышэньне цэнаў на $40 за тону, кітайскі – пра жаданьне паменшыць яе на $20. У выніку, Кітай пачаў купляць угнаеньні ў Канадзе, заключыўшы дамову і на 2007 год. Сьледам за суседзямі патрабаваць зьніжэньня кошту на $20 за тону пачалі індыйцы.

Але сарваныя перамовы зь першым пакупніком – праблема другасная. «Беларуськалій» увогуле ня мае рынкаў збыту. Стварэньне асабістага паўнавартаснага сеціва збыту патрабуе ня толькі вялікіх сродкаў, але і кваліфікаваных кадраў, пэўнага тэрміну для стварэньня інтэрнацыянальных філіяў.

Самаўпэўненасьць вышэйшых чыноўнікаў ужо прывяла краіну да крытычнай сытуацыі. Гэта толькі на першы погляд пацярпеў Салігорск. Спыненьне аднаго з асноўных здабытчыкаў валюты для ўсёй краіны ня можа не адлюстравацца на яе эканамічным становішчы. За кошт валютных паступленьняў падтрымліваецца курс беларускага рубля, стрымліваецца рост цэнаў. Высокарэнтабэльныя прадпрыемствы фінансуюць стратныя, а іх у Беларусі траціна. Акрамя гэтага, бюджэт не атрымлівае вялікіх падаткаў, якія ідуць на сацыяльныя мэты.

Аптымізму бракуе яшчэ і таму, што беларускі віцэ-прэм’ер адзначыў аб’ектыўныя прычыны падвышэньня кошту на ўгнаеньні – падаражаньне нафты і газу. «Прадпрыемства энэргаёмістае і ня можа працаваць сабе на страту, каб мець магчымасьць аднаўленьня асноўных фондаў», – адзначыў В.Сямашка на пачатку траўня. Гэта дае падставы меркаваць, што ў выніку няўдалых перамоваў з Расеяй у газавым пытаньні «Беларуськалій» сутыкнецца зь яшчэ адной патавай сытуацыяй.

Тацяна Гацура

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0