Заяўнікі вулічнай акцыі на Дзень Волі агучылі сваю пазіцыю адносна маршруту шэсця. Нагадаем, што ўчора Мінгарвыканам дазволіў збор ля Акадэміі навук а 18.00. Івашкевіч: «У каго ёсць сцягі, тым прыйшоў час гэтыя сцягі дастаць».

«Дазвол дадзены. Людзі могуць спакойна прыходзіць да Акадэміі навук, ніхто іх не будзе арыштоўваць і затрымліваць. Акцыя будзе дэманстрацыяй нашай пазіцыі. Кожны можа ўзяць з сабой бел‑чырвона‑белы сцяг, нейкі плакат, партрэт палітвязня.

Загадзя заяўляць пра нейкія далейшыя маршруты не мае сэнсу, бо людзі не нашы падначаленыя. Яны самі прымуць рашэнне, куды ісці», — сказаў В.Івашкевіч.

Лідэр «Еўрапейскай кааліцыі» Мікола Статкевіч быў больш катэгарычны: «Гэты дзень нельга адзначаць на Бангалоры, яго трэба адзначаць на праспекце Незалежнасці. Бангалор для нас не пасуе». Стаўленне да незалежнасці пачынаецца з такіх датаў, як 25 Сакавіка, сказаў ён, бо любая дзяржава для сваёй разбудовы патрабуе гістарычнага і ідэалагічнага фундаменту.

«Цяпер не час для дыскусій, што было зроблена дрэннага, а што добрага ў падрыхтоўцы да Дня Волі. Цяпер не час для дэманстрацыі нейкіх уласных крыўдаў, а час паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Я нядаўна вярнуўся з паездак у Страсбург і Парыж.

Страшна тое, што ёсць палітвязні, а для еўрапейцаў зараз іх у Беларусі нібы не існуе. І толькі выйшаўшы на Дзень Волі людзі змогуць узняць гэтае пытанне», — сказаў старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

На прэс‑канферэнцыі былі прадэманстраваныя налепкі, выпушчаныя да 25 Сакавіка. Чаму яны з’явіліся толькі зараз? «Крызіс апустошвае кішэні не толькі рабочых, але і палітычных партый. Падрыхтоўка да Дня Волі праходзіць без усялякага бюджэту. Няма магчымасці засыпаць краіну ўлёткамі», — кажа В.Івашкевіч.

Таксама было агучана, што святкаванне Дня Волі пройдзе таксама ў рэгіёнах — Гродна, Магілёве, Віцебску.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?