Аднойчы да нас у офіс завіталі два кліенты, і пакуль адзін размаўляў з менеджэркай, другі паваліўся на падлогу, пачаў торгаць нагамі, хрыпець, тады пабарвавеў з твару – і памёр. Піша Ігар Драко.

Доктарка з «хуткай дапамогі» паставіла дыягназ: кровазліццё ў мозг. Прыйшоў участковы, каб скласці пратакол. Час ужо пераваліў за сёмую, у офісе засталіся я, два мае калегі і ўчастковы. Дасталі з шафы каньяк і, як патрабуе традыцыя, перакулілі па тры чарачкі за спакой нябожчыка. І ці то смерць небаракі так на ўчастковага падзейнічала, ці то каньяк на галодны страўнік у галаву даў, ці то яму проста карцела выказацца перад кімсьці, не ведаю, але мне і маім калегам давялося выслухаць наступны маналог:

«Ну вось, быў старшым лейтэнантам, цяпер капітан – і што? Што змянілася? Толькі плаціць трохі болей сталі. А я ж на гэтай працы з кожным днём раблюся ўсё тупейшым і тупейшым. Ні галава нічога добрага прыдумаць не можа, ні рукі зрабіць што‑небудзь. Я не развіваюся, нібы той вожык, тупіковая галіна эвалюцыі».

Згадаўшы гэты выпадак, я заспеў сябе на думцы, што і беларускае грамадства, з яго дзяржаўнасцю і гаспадаркай, можна назваць гэткім вожыкам. Не, паасобку мы пішам раманы і нават зрэдчас чытаем іх, робім вынаходкі, будуем дамы, атрымліваем адукацыю, ходзім у цырульні і фітнес‑залы, знаходзім новыя заняткі і забавы… Здаецца, развіваемся. Раней ездзілі на «Жыгулях», цяпер – на «Peugeot» і «BMW». Раней не ведалі словаў «аўдыт» і «лагістыка», цяпер ведаем. Раней хадзілі ў гастраномы і ўніверсамы, цяпер – у супер‑ і гіпермаркеты. Не, не стаім на месцы, толькі… Толькі чаму, маючы ўсе вонкавыя атрыбуты сучаснасці, мы не адважваемся такімі ж атрыбутамі аздобіць грамадскія дачыненні? Чаму ўнутры краіны няма палітычнага жыцця? Чаму ў нас такая няўдалая эканоміка? Чаму наша культура выглядае як нікому не патрэбны байструк?

Некаторыя на гэтае пытанне даюць просты адказ: «Таму што рыба гніе з галавы». Я катэгарычна супраць такога спрошчвання і зараз скажу тое, да чаго і без мяне, напэўна, ужо даўмелася багата сумленных беларусаў. Справа ў тым, што

ў нас у краіне няма сапраўднага вярхоўнага кіраўніка, яго месца займае персанаж людскіх фантазій, прывід, здань. Дзяржава кіруецца не з адзінага цэнтру, а з таго мноства кабінетаў,
дзе на адказных пасадах сядзяць людзі, у галаве і душы якіх вельмі ўтульна адчувае сябе духоўная бацыла, што носіць назву «лукашэнка» (пісаць абавязкова з малой літары, таксама як мы звычайна пішам, напрыклад,«туберкулёзная бацыла» альбо«бацыла ўтрыманства»). Ніводная бацыла не можа ўзнікнуць там, дзе ёй хочацца, ёй неабходны спрыяльныя ўмовы. Вось вірус грыпу не выказвае сваёй актыўнасці ўнутры доменнай печы, затое як толькі пад канец зімы адліга, дык ён адразу выступае пераможцам: цэлыя школы на карантын зачыняюцца. Арганізм, якому непажадана цярпець такога нахабнага госця, павінен загадзя паклапаціцца аб прафілактыцы ці, як не паспеў зрабіць гэтага, хутчэй падсілкавацца рознымі лекамі.

Сітуацыя з біялагічнымі бацыламі не выглядае занадта складанай: мы альбо загадзя ведаем, якімі наступставамі яны нам пагражаюць, і таму перасцерагаемся, альбо змагаемся з імі, калі яны ўжо сядзяць у арганізме. З духоўнымі ж ці маральнымі бацыламі справіцца не так лёгка. Па‑першае, сустракаючы іх, мы не можам быць упэўненымі, што яны гэта яны. Па‑другое, калі гэтыя бацылы ўжо пралезлі ў галаву ці ў душу, мы можам нават усё жыццё дзейнічаць паводле іх загадаў і не заўважаць гэтага. І па‑трэцяе, біялагічныя бацылы катуюць той арганізм, у які яны трапілі, а духоўныя і маральныя часцей за ўсё здзекуюцца не з гаспадара, з якім яны зжыліся, а з людзей, што з’ўляюцца яго роднымі, падначаленымі ці ўвогуле яму невядомымі (беларускія чыноўнікі і журналісты з дзяржаўных СМІ дэманструюць нам гэта надзвычай яскрава) Гэтае доўгае тлумачэнне, насамрэч, канстатуе толькі адно: краіна знаходзіцца ў небяспецы ў сувязі з тым, што шмат у каго з нашых суайчыннікаў ёсць паталагічны раман з «лукашэнкам».

У свой час дактары не маглі з абыякавасцю назіраць за тым, як чума ці халера вынішчае целыя вёскі і нават гарады. Цяперашнім часам мы не маем права пакідаць няшчасных людзей сам‑насам з «лукашэнкам». І нам можна быць смелымі, бо калі мы ўжо адхварэлі на «лукашэнку» ці заўсёды мелі моцны імунітэт на яго, то нам нічога не пагражае.

Некалі быў папулярным праект «Догма» датскага рэжысёра Ларса фон Трыера. Сярод іншых фільмаў праекту быў адзін з назвай «Ідыёты». Хто глядзеў яго, той памятае, у чым там цымус. Астатнім сцісла распавяду. Сабраліся хлопцы і дзяўчаты, а таксама сталыя мужчыны і жанчыны і прыдумалі сабе гульню, якая мусіць кіравацца адным правілам: кожны якімі заўгодна сродкамі вышуквае ў сабе ідыёта. Як у футболе, трэба забіць мяч у вароты саперніка і праз гэта атрымаць перамогу, так тут праз «ідыёта ў сабе» трэба выйсці за межы, якія ўсталёўвае для асобы грамадства, і такім чынам зрабіцца вольным. У нашым жа выпадку неабходна выгнаць з сябе «лукашэнку», і тады лепей будзе і табе самому, і тым, хто побач з табой, ды й усім беларусам.

І

калі «лукашэнка» сыдзе з душ і галоў беларусаў, адразу ж знікне і ягоная экранная выява на БТ, ОНТ і СТВ і друкаваная версія ў «Савецкай Беларусі», «Народнай газеце» і «Звяздзе».
Упэўнены, пераважная большасць суайчыннікаў ужо даўна правяла аперацыю па бязбольным выдаленні «лукашэнкі» і цяпер толькі чакае, калі і адказныя асобы (міністры, дэпутаты, губернатары, кіраўнікі КДБ і інш.) зробяць тое самае. Мне здаецца, вынікі гэтай аперацыі асабліва ўразяць вайсковых палкоўнікаў і генералаў. Вядома ж! Галоўнакамандуючы быў прывідам, уцелаўленне якога забяспечваў «лукашэнка», што сядзеў у іх галовах і душах, а цяпер перад іх вачыма – адно маршальскі мундзір, у якім няма чалавечай плоці. Во як! Мусіць давядзецца ваярам пэрэпалахі ганяць.

Такія справы, браты‑беларусы. Не ведаю ў падрабязнасцях, як складаўся лёс у гарапашніка вожыка, што ў выніку ён стаў абазначаць сабой тупіковую галіну эвалюцыі, а вось прычына, па якой наша грамадства ледзьве канчаткова не ператварылася ў своеасаблівага «вожыка», на маю думку, відавочная.

Жыхары Беларусі не адрозніваюцца адно ад аднаго ні пасадамі, ні прафесіямі, ні дабрабытам, ні адукацыяй, ні талентамі, ні полам, ні ўзростам, ні яшчэ шмат чым. Цяпер сярод нас ёсць толькі тыя, што выгналі з сябе «лукашэнку», і тыя, што ўпарта жадаюць заставацца вожыкамі.

* * *

Ігар Драко — філосаф.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?