Фонд «Краіна замкаў» запрашае на экскурсію па землях, якія калісьці належалі аднаму з самых уплывовых родаў Вялікага Княства Літоўскага — Сапегам.

У вёсцы Новая Мыш, недалёка ад Баранавіч, знаходзіцца несамавіты на першы погляд парафіяльны касцёл першай паловы ХІХ стагоддзя, пабудаваны на сродкі Францішка Сапегі. Касцёл невялікі, вясковы класіцызм, нічога асаблівага — але гэта толькі на першы погляд. Калі вы трапляеце ўсярэдзіну, бачыце разьблёныя барочныя алтары, амбон, хоры, арган, міжволі ўзнікае пытанне: адкуль тут такое багацце? Унутры касцёла Перамянення Гасподняга вы зможаце палюбавацца ўратаванымі інтэр'ерамі нясвіжскага касцёла бенедыктынак.

Косава вядомае помнікам архітэктуры — рамантычным палацам Пуслоўскіх, збудаваным у 1838 г., які спалучае ў сабе рысы класіцызму і готыкі.

У драўляным косаўскім касцёле 1626 г. (цяпер на яго месцы касцёл Святой Тройцы XIX ст.), 12 лютага 1746 годзе быў ахрышчаны Тадэвуш Касцюшка — герой Беларусі, Польшчы і ЗША, кіраўнік паўстання 1794 г. У Косаве ўдзельнікаў экскурсіі чакае і знаёмства з найцікавейшай экспазіцыяй у доме-музеі Тадэвуша Касцюшкі.

Ружаны вядомыя з пісьмовых крыніц ад сярэдзіны XVI ст. Мястэчка славілася вытворчасцю сукна, дываноў, шпалераў, мастацкіх паясоў і іншых вырабаў, якія ішлі не толькі на патрэбы феадала, але і на продаж. Славіліся Ружаны таксама і кірмашамі.

Перабудова разбуранага замка ў палацавы ансамбль звязаная з імем Яна Самуэля Бекера, прыдворнага архітэктара Сапегі. Комплекс быў задуманы як спалучэнне галоўнага і двух дапаможных карпусоў, аб'яднаных магутнай аркадай. Ансамбль не захаваўся цалкам, аднак манументальныя ўязная брама — трыўмфальная арка, рэшткі пабудоў пакідаюць моцнае ўражанне. 

Слонім — горад, пад'ём якога адбыўся дзякуючы роду Сапегаў. Нават у нашы дні можна ўбачыць гарадскі герб, на якім зашыфравана імя і прозвішча вялікага канцлера Льва Сапегі. З былых часоў да нас дайшоў унікальны ансамбль праваслаўных і каталіцкіх храмаў, ратуша, сінагога, гарадская забудова XVIII-XX стст.

Запісацца ў вандроўку па сапегаўскіх уладаннях можна патэлефанаваўшы:

(17) 203-69-70

(17) 226-03-02

(29) 682-58-07

(29) 772-77-58

Болей інфармацыі — на сайце www.zamak.by.

Фонд «Краіна замкаў». УНП 690382807

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0