У мінулыя выходныя амерыканскія беларусы чарговы раз сустрэліся ў маляўнічым мястэчку Асінінг на беразе Гудзона, побач з Нью-Ёркам, каб разам пагукаць вясну.

Старажытны абрад Гукання Вясны праходзіць ужо не першы раз на ўсходнім узбярэжжы ЗША дзякуючы нястомнай Валянціне Якімовіч і актывістам беларускай грамады — сям'і Алены і Пятра Рыжых, а таксама Ганне Шарко і Аляксандру Мазгавому, заснавальнікам суполкі ў фэйсбуку ''Беларусы ЗША. Разам лягчэй''. Для ўдзельнікаў Гукання Вясны сям'я Рыжых падрыхтавала смачныя беларускія стравы: супы, бліны, салаты, кашу, кампот і розныя прысмакі. Як і ўсе вялікія справы, Гуканне Вясны пачыналася з добрага перакусу. Там жа Валянціна Якімовіч дапамагала кожнаму падабраць беларускі народны строй або вышываную кашулю са сваёй прыватнай калекцыі.

Лічыцца, што нашы продкі беларусы, жыццё якіх моцна залежала ад гаспадаркі і спрыяльнага надвор'я, верылі ў прыход вясны на птушыных крылах. Таму птушак усяляк заклікалі і прываблівалі, каб вясна прыйшла своечасова і паспрыяла добраму ўраджаю. Відавочна, што з абуджэннем навакольля пасля халоднай зімы абуджаліся і чалавечыя пачуцці і, якраз супольныя спевы, карагод і забаўляльныя гульні дазвалялі маладым хлапцам і дзяўчынам пазнаёміцца, узяцца за рукі і, магчыма, абняцца ў часе гульні.

Нью-Ёркская зіма ў гэтым годзе была зусім без снегу і не вельмі халоднай (як і ў Беларусі), таму здавалася, што і вясну клікаць няма патрэбы. Але ў дзень Гукання Вясны надвор'е выдалася па-зімоваму халодным з моцным ветрам.

Ад ветру даводзілася ратаваць саламяных птушак і прытрымліваць ляльку Марэну, каб яна не падала. У гэтым годзе з'явіўся новы персанаж - бусел і ўвогуле святкаванне было падрыхтавана больш грунтоўна, чым у мінулыя гады. Да традыцыйных спеваў і карагодаў арганізатары дадалі болей гульняў і спаборніцтваў. Асабліва эмацыйнай і драматычнай была гульня па кіданні яйка: партнёры мусілі перакідвацца яйкам. Тыя, хто раняў яго, выбывалі з гульні. А тыя, каму ўдавалася злавіць, адыходзілі на крок назад адзін ад другога і працягвалі гульню. Хлопцы спаборнічалі паміж сабой у спрытнасці па нарыхтоўцы дроваў: трэба было збіраць трэскі, раскіданыя загадзя па пляцоўцы. Пераможца вызначалі па колькасці сабраных трэсак. Дзяўчаты спаборнічалі ў хуткасці збору бульбы. Пераможцаў весела павіншавалі і нагадалі, што ў мінулыя часы пераможцы падобных спаборніцтваў звычайна жаніліся або выходзілі замуж у тым самым годзе.

У амерыканскіх рэаліях Гуканне Вясны ў дадатак да захавання беларускай культурнай спадчыны сярод беларускіх эмігрантаў набывае новыя формы і мэты — гэта ўжо свята для ўсіх узростаў: і дзяцей, і старэйшых, а таксама гэта нагода сустрэцца з сябрамі, завесці новыя знаёмствы або проста натхніцца, пакружыўшы карагод з абаяльнай кампаніяй у беларускіх строях.

Болей фота можна пабачыць тут

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?

Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера