Прэзідэнт Азербайджану атрымаў права балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы трэці раз. Раней, дзякуючы паспяховым рэферэндумам, абмежаванні па знаходжанні на пасадзе прэзідэнта скасавалі кіраўнікі Венесуэлы і Алжыру.

Вопыт Аляксандра Лукашэнкі, які ў 2004 годзе шляхам рэферэндуму атрымаў магчымасць балатавацца на пасаду прэзідэнта без абмежаванняў, аказаўся заразлівым. 18 сакавіка ў Азербайджане прайшоў рэферэндум, на якім выбарцы падтрымалі ўсе прапанаваныя 40 паправак у канстытуцыю, у тым ліку і прапанову зняць абмежаванне на паўторнае абіранне адной і той жа асобы на пасаду прэзідэнта звыш двух тэрмінаў. Паводле афіцыйных вынікаў за гэтую папраўку прагаласаваў 91,76% удзельнікаў рэферэндуму. Такім чынам, дзеючы прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, які атрымаў прэзідэнцтва ў спадчыну ад свайго бацькі Гейдара Аліева ў 2003 годзе, не мае больш перашкодаў для чарговага абірання на найвышэйшую кіраўнічую пасаду. Апазіцыя заявіла, што яўка выбарцаў не дасягнула 25%, афіцыйныя дадзеныя сведчаць пра ўдзел у галасаванні 71% грамадзянаў. Тым не менш, вынікі галасавання ўхвалілі назіральнікі ад СНД і дэлегацыя Рады Еўропы.

Аналітыкі тлумачаць поспех Аліева тым, што ён здолеў ажывіць эканоміку, галоўным чынам дзякуючы спрыяльнай цане на нафту (рост ВУП на працягу пяці спрыяльных нафтавых гадоў дасягаў 20%).

Ільхаму Аліеву 47 год, на дзень яго нараджэння жыхары гораду Гянджа выпеклі 5-тонны торт даўжынёй 30 метраў, шырынёй тры метры.

Яшчэ раней вопыт Лукашэнкі пераняў 71-гадовы прэзідэнт Алжыру Абдэльазіз Бутэфліка, які кіруе краінай ад 1999 году. 12 лістапада 2008 году ён правёў праз парламент папраўкі ў канстытуцыі, зняўшы гэтым самым перашкоду для балатавання на пасаду прэзідэнта на трэці тэрмін. 19 сакавіка 2009 году ён распачаў сваю кампанію пад лозунгам «За моцны і стабільны Алжыр» (беларусам гэта нешта ды павінна нагадваць). Алжырскі прэзідэнт разлічвае атрымаць на будучых выбарах не менш 85%, як і ў выніку апошняга галасавання. Падтрымку насельніцтва ён заслужыў дзякуючы разумнаму выкарыстанню звышпрыбыткаў ад дарагой нафты, якія былі накіраваныя на забеспячэнне эканамічных рэформаў і паляпшэнню міжнароднага іміджу. Мясцовая апазіцыя называе 12 лістапада 2008 году «чорнай плямай» у гісторыі Алжыру. Канкурэнцыю Бутэфліку на будучых выбарах складуць пяць малавядомых у краіне кандыдатаў.

Нельга не ўзгадаць у гэтым шэрагу заакіянскага сябра афіцыйнага Мінска Уга Чавеса, які 15 лютага 2009 году перамог на рэферэндуме ў Венесуэле і атрымаў магчымасць абірацца неабмежаваную колькасць разоў. За адмену абмежаванняў на колькасць выбарчых тэрмінаў прагаласавалі 54% тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі. Гэта ўдалося яму з другой спробы — адпаведны рэферэндум у снежні 2007 г. ён прайграў. Сакрэт папулярнасці Ўга — усё тая ж нафта.

Раней 54-гадовы Чавес, які кіруе Венесуэлай ад 2 лютага 1999 г., неаднаразова заяўляў, што хоча застацца на пасадзе прэзідэнта пасля сканчэння свайго другога тэрміну ў 2012 г. і кіраваць краінай мінімум да 2021 году, каб «замацаваць вынікі сваёй працы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?