Бенджамін Батан нарадзіўся вельмі нездаровым 80-гадовым старым. І калі ўсе астатнія дзеці сталелі – ён пачаў маладзець…
Фільм Дэйвіда Фінчэра, пастаўлены па невялічкім апавяданні Фрэнсіса Скота Фіцджэральда – удумлівая эпічная меладрама, што нетаропка доўжыцца дзве гадзіны. Брэд Піт (ізноў пасля “Сямі” ў дуэце з Фінчэрам) і Кейт Бланшэт – з найвялікшай адданасцю граюць закаханых, якія сустрэліся – але размінуцца, бо яна старэе, а ён – маладзее. Пяцігадзінны грым, жэсты й позіркі, сум у вачох, чаканне – у мудрай рэжысуры Дэйвіда Фінчэра адчуваецца смак старых класічных раманаў, калі лёс грае людзьмі, выпадковасці знітоўваюцца ў чараду незвычайных падзей, але самае важнае застаецца. І ці ж вы думалі, што губляеце толькі, калі старэеце?
Галоўны герой стужкі – час.
Цёмныя парцьеры старых дамоў і мундзіры Першай сусветнай, забытыя аўтамабілі – і першыя выступы “Бітлоў”, зачытаныя да дзірак кнігі – і крохкасць імгнення, што сыходзіць. Сама стужка – бурштынавая, састарэлая, як дакумент, настоеная, як добрае віно.
Яно не кожнаму прыйдзецца даспадобы, але варта яго пакаштаваць.