Сітуацыя з каранавірусам у Беларусі кантраляваная. Пацыенты, у якіх была дыягнаставана інфекцыя, знаходзяцца ў здавальняючым стане. У чацвярых ужо ёсць адмоўныя тэсты на каранавірус — людзей назіраюць неабходны перыяд. У аднаго з заражаных каранавірусам — стан сярэдняй ступені цяжкасці. Пра гэта кіраўнік Міністэрства аховы здароўя Уладзімір Каранік распавёў журналістам пасля дакладу кіраўніку краіны, паведамляе тэлеканал СТБ.

«Пацыент, які быў шпіталізаваны 9 сакавіка ў Мінску з пнеўманіяй у не вельмі добрым стане, у стане сярэдняй ступені цяжкасці. Ён схаваў і ад нас, і ад супрацоўнікаў «Ладэ», што знаходзіўся ў Паўночнай Італіі, бо прыляцеў ён рэйсам з Мюнхена. У нас ёсць пэўныя чырвоныя сцяжкі, якія мы паставілі, каб не прапусціць выпадкі інфекцыі. Усе пнеўманіі сярэдняй ступені цяжкасці і пнеўманіі цяжкага цячэння абавязкова тыпуюцца на наяўнасць каранавіруса. Не важна, гаворыць чалавек, што ён быў ці не быў за мяжой — мы тыпуем усіх.

10 сакавіка прыйшоў станоўчы тэст. Дзякуй вельмі добраму супрацоўніцтву з нашымі кітайскімі калегамі па схеме лячэння, якая на сёння лічыцца найбольш эфектыўнай. Гэта зацверджана ўжо ў выглядзе інструкцыі і разаслана ва ўсе медустановы. Неадкладна былі ўжытыя гэтыя падыходы да лячэння. На сённяшні момант прыкметы дыхальнай недастатковасці сышлі, пацыент пераведзены ў здавальняючы стан.

Мы яшчэ раз гаворым, — падкрэсліў Каранік, — што чым пазней чалавек звернецца па медыцынскую дапамогу — тым даўжэй яму трэба будзе лячыцца і тым вышэйшы шанец развіцця ўскладненняў».

Міністр параіў людзям, якія вярнуліся з неспрыяльных раёнаў, здаць тэст, на працягу двух тыдняў абмежаваць свае кантакты, не наведваць грамадскія месцы і сваіх пажылых сваякоў.

11 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што ў Беларусі зарэгістравана 12 выпадкаў каранавіруса: у Мінску — пяць, у Віцебску — пяць, у Гомелі і Гродне — па адным.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру