«У асноўным без рыфмы» ​-​- так называецца кніга вершаў і прозы Паўла Любецкага. У падлеткавым веку ў Паўла выявілі псіхічнае захворванне, і многія магчымасці перад ім зачыніліся. Тым не менш, магчымасць выяўляць сябе ў творчасці засталася, і гэта ўсё яшчэ застаецца адной з рэчаў, якія працягваюць рабіць яго жыццё асэнсаваным. Грошы на кнігу сабралі праз краўдфандынг на платформе ulej.by, у зборы паўдзельнічаў 61 чалавек.

Ініцыятарам выдання кнігі выступіў цэнтр рэабілітацыі для людзей з захворваннямі псіхікі Мінскі клубны дом «Адкрытая душа».

Кніга аформленая незвычайнымі ілюстрацыямі мастачкі Яніны Зайчанкі.

Прэзентацыя «асаблівага» зборніка была запланаваная на 21 сакавіка. Арганізатары абяцалі сустрэчу з аўтарамі і аўтограф-сесію ў краме «Акадэмкніга». Аднак, з прычыны апошніх падзей, звязаных з каранавірусам, было вырашана перавесці прэзентацыю ў фармат анлайн-флэшмобу, натхнёнага рэкамендацыяй ПЭН-цэнтра: «Сядзі дома, чытай кнігі».

Штодня, пачынаючы з 21 сакавіка, у супольнасцях прэзентацыі, калектыў аўтараў праекта і ўсе ахвотныя будуць публікаваць відэа свайго чытання аднаго з твораў кнігі «У асноўным без рыфмы», разам з хэштэгам #сядзідомачытайкнігі або #сидидомачитайкниги.

Відэазварот аўтара Паўла Любецкага да чытачоў:

Кніга «У асноўным без рыфмы» ​​даступная ў крамах «Акадэмкніга» і «Кнiгарня Логвінаў», а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы.

«Я спрабаваў зрабіць кнігу самабытнай: назваў празаічны раздзел «прозай розных аўтараў», да прыкладу, прыдумаўшы розных аўтараў са сваімі стылямі, поглядамі і біяграфіямі і прыпісаўшы ім некалькі твораў. Такім чынам, самі аўтары сталі літаратурнымі персанажамі.

У некаторыя вершы і апавяданні я ўкладаў ідэі з дзэн-будызму. Гэта ўсё яшчэ экзотыка ў беларускай літаратуры. Асобным раздзелам ідуць «сюжэты для фільмаў», там ёсць рэчы, сугучныя класічнай навуковай фантастыцы (той, якую пісалі Кларк, Шэклі, Азімаў і г.д.). На жаль, у сучаснай літаратуры гэтыя тэмы застаюцца забытымі.

Сама па сабе творчасць у мяне максімальна шызоідная, і ёсць уплыў некаторых шызафрэнічных расстройстваў мыслення (у мяне расстройства шызафрэнічнага спектру). Магчыма, камусьці з псіхіятраў можа здацца, што гэта цікавы ілюстрацыйны матэрыял. Я рызыкну выказаць здагадку, што інтэграваць балючыя перажыванні і расстройствы ў тэксты ўдалося», — Павел Любецкі.

«Сутыкаючыся з праблемамі псіхічнага здароўя, людзі часта застаюцца за межамі жыцця, але гэта не адмяняе іх талентаў», — адзначыў кіраўнік клубнага дома «Адкрытая душа» Павел Лотвін.

«Калі я ўпершыню прачытала вершы Паўла Любецкага, у мяне адразу ўзнікла ідэя выдання кніжкі, паколькі яны адначасова і простыя, і напоўненыя жыццём і філасофіяй аўтара, — кажа менеджар клубнага дома «Адкрытая душа» Кацярына Гузоўская-Гора. — Мяне зацікавіла гэта творчасць, і, на мой погляд, яго цалкам можна аднесці да жанру аўтсайдарскага мастацтва, вельмі каштоўнага цяпер у многіх краінах».

Мінскі клубны дом «Адкрытая душа» можна падтрымаць тут.

Набыць гэта ды іншыя новыя выданні і бестселеры можна ў кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, 72).

 РУП «Акадэмічная кніга» УНП 101462648

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0