«Шарм і шляхецкасць! Дзятлава, Іўе… Там нават паветра пахне па-свойму». Як мастак Кастусь Качан жыве зімой у сталіцы, а летам — на малой радзіме
Карціны Кастуся Качана ў гэтую суботу і нядзелю яшчэ можна ўбачыць на персанальнай выставе ў Мастацкім музеі (калі вы лічыце, што мастацтва забівае каранавірус). Гэта адзіны ў Беларусі мастак, які сам пабудаваў уласную мастацкую галерэю, свайго імені, — на грошы ад прададзеных карцін. І зрабіў гэта на сваёй малой радзіме — у Навагрудку.
«Былі грошы толькі на аварыйны будынак»
— Вы адзіны мастак у Беларусі, якія збудаваў уласную галерэю. Як вам хапіла смеласці і рашучасці на такі крок?
— Я вельмі люблю Навагрудак. Гэта ж колішняя сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Я хацеў, каб там быў пэўны культурны асяродак. Таму натхняў мясцовае кіраўніцтва зрабіць галерэю. Яны як быццам усе былі «за», падтрымлівалі мяне. Мяняліся кіраўнікі, новыя мяне таксама падтрымлівалі. Але я зразумеў, што, калі не зраблю сам, нічога не атрымаецца. У мяне былі грошы толькі на тое, каб купіць аварыйны будынак у цэнтры горада, насупраць Замкавай гары. Мне пашанцавала, што на той момант з’явіўся чалавек, які потым стаў маім найлепшым сябрам, гэта Лявонцій Зданевіч. Ён прафесійны архітэктар, і зрабіў мне выдатны праект сядзібы. На ўчастку меўся пусты пляц, памерам 4 соткі, таму было вырашана новую галерэю ўзводзіць на ім. Побач знаходзіўся аварыйны будынак, ён некалькі год прастаяў пусты, развальваўся. Цяпер ён ужо ў нашмат лепшым стане, чым быў першапачаткова. Шмат было камісій, якія вырашалі, што з ім зрабіць, бо гэта гістарычная каштоўнасць. Было прынята рашэнне яго разабраць і скласці нанова. Па замерах, па чарцяжах мы адзін у адзін склалі яго нанова. Звонку цэгла памыта спецыяльнай прыладай. А ўнутры працы не скончаны, бо пакуль няма грошай.
— Аднак у вас ёсць план таго, што размесціцца ўнутры?
— Мая жонка калекцыянуе гістарычнае шкло, прычым вельмі зацята, у асноўным шклозавода «Нёман». Яна дае абвесткі, ходзіць па барахолках — і ёй вельмі шанцуе! Жонка сабрала вялікую калекцыю шкла. У скляпеннях старога будынка плануем выставіць гэтую калекцыю. А на першым паверсе зробім залу з кавярняй. Там будзе прадстаўлена шмат прадметаў матэрыяльнай культуры, сабраных мной, сялянскіх і шляхетных. Гэта і посуд, і мэбля, і іншыя ўбранствы інтэр’ера. Хочам стварыць там атмасферу XIX стагоддзя. Там ёсць цікавы камін, побач з якім можна атрымаць асалоду ад святла і цяпла.
— Распавядзіце, дзе і як набываеце прадметы даўніны?
— Шмат што мне дасталося аб бацькі. У нас захавалася старадаўняя камода і стол.
Бацька ў 1939 годзе набыў гэтую камоду ў камісійнай краме ў Навагрудку. Ён неяк паехаў на кані ў Навагрудак, зайшоў у камісійную краму, убачыў, што прадаецца такая мэбля. Але грошай з сабой не было. Ён вярнуўся ў вёску, пайшоў да аднавяскоўца, які збіраўся купіць у яго карову, узяў грошы, галопам паляцеў у Навагрудак, бо перажываў, каб хтосьці той камоды не забраў, і набыў яе.
Раней у Беларусі было шмат палацаў, абстаўленых дарагой мэбляй, але калі прыйшлі бальшавікі, пачалі ўсё нацыяналізаваць, забіраць. Таму хтосьці вырашыў прадаць тое, што меў. Неяк у вёсцы каля Нарачы выставілі на продаж яшчэ адну шыкоўную камоду! Мы яе набылі таксама. Усё гэта мы выставім у адрэстаўраванай зале, пашыем шторы на ўзор XIX стагоддзя.
Неяк мая жонка набыла венскую каралеўскую кававарку — гэта вынаходніцтва XVIII стагоддзя. Там усё робіцца аўтаматычна, трэба толькі ў адну ёмістасць засыпаць каву, а ў другую заліць ваду, і падпаліць спіртоўку. Недзе праз хвілін 20—30 атрымліваецца прыемная смакам і водарам кава. І сёння мы частуем гасцей кавай з гэтай прылады — некаторыя адмыслова дзеля яе і прыязджаюць.
«У Навагрудку часта сустракаю шляхту»
— Ваша галерэя таксама зроблена на ўзор шляхецкага палацыка.
— Дзед у мяне хоць быў не бедным, меў моцную гаспадарку, але ўсё-такі быў селянінам. Я часта сустракаю такіх людзей, асабліва ў Навагрудку, якія шляхта, — па паводзінах, па мысленні, па выхаванасці. Яны захавалі гэта і ў дзецях, якія годна сябе трымаюць.
— Вы іх адразу ідэнтыфікуеце?
— Так, яны выдзяляюцца. І апранаюцца неяк па-свойму. А вы не са шляхты?
— Мабыць, не. Толькі ведаю, што ў прадзеда было прозвішча Багушэвіч.
— Мне здаецца, што людзі набываюць гэтыя рысы ў працэсе жыцця. Яны становяцца такімі. Калі нарадзіўся селянінам, ты ж не будзеш усё жыццё селянінам. Годнасць набываецца праз адукацыю і выхаванне.
«Пэўны час жылі ў гумне з сенам»
— Вы нарадзіліся на хутары ў Лаўрышаве. Аднак бацькоўскую хату ў адзін момант знеслі…
— Я хадзіў у другі клас, гэта быў 1958 год. Акурат праводзілася такая дурная эканамічная палітыка, калі хутары зносілі і людзей перасялялі ў вёскі. У часы Сталыпіна сялян, наадварот, рассялялі і давалі ім участкі, быў вялікі ўздым аграрнай справы. Тады Расія не толькі забяспечыла сябе прадуктамі, але і прадавала іх за мяжу. А ў савецкі час вырашылі зрабіць наадварот. Гэта быў не эканамічны, а палітычны крок, каб людзі жылі шчыльней, каб імі было лягчэй кіраваць, каб яны адзін аднаго кантралявалі. Калі чалавек жыве на хутары, ён вольны, за ім не паназіраеш. Мой бацька — франтавік, дарэчы, — вярнуўся з вайны з ардэнамі, інвалідам, а з ім зрабілі такое. Я не ведаю, як бацька перанёс гэта, бо я быў яшчэ маленькім, мне было 8 год…
Пэўны час жылі ў гумне. Мы з братам рабілі ў сене норы і там спалі ноччу, а потым раніцай ішлі ў школу. Засталася толькі печ, бацька зрабіў над ёй страху, каб не зацякала, — і там мама раніцай пякла аладкі. Усе хутары перасялялі так, гвалтам.
— Але вашы пазнейшыя адносіны з савецкай уладай былі даволі добрымі, вы сталі прызнаным мастаком.
— Ідэалогія савецкай улады была моцнай. Я ганарыўся, што быў камсамольцам, піянерам. Мы верылі ўсяму, што ішло з радыё і газет, у школе праводзілася прапаганда.
— Якімі былі вашы адчуванні, калі ў адзін момант не стала Саюза?
— Стала больш свабоды. Знік ідэалагічны ціск. Мы агледзеліся, што ўсё не так, як нам здавалася. Хаця мы ж шчыра верылі, што мы самыя шчаслівыя дзеці на свеце. Ужо ў часы Перабудовы мы бывалі за мяжой і, натуральна, было не надта прыемна ўсведамляць, што ўсё не так, як мы думалі.
«Я ведаў, што жонка мяне не падтрымае»
— Цяпер вы жывеце на два гарады — Менск і Наваградак. Цікава, чаму ў вас, каго называюць «песняром малой радзімы», ёсць такая патрэба жыць яшчэ і ў сталіцы?
— Натура ў мяне такая, што я не магу пастаянна жыць на адным месцы. Гэтую зіму я амаль цалкам пражыў у Мінску, у майстэрні. Рыхтаваўся да выставы, трэба было часта бываць у музеі. Таму я ўжо трошкі стаміўся ад Мінску, чакаю, пакуль скончыцца выстаўка і хочацца хутчэй паехаць у Навагрудак. Зімой правінцыя трошкі заціхае, там сумнавата. Хаця с узростам я ўжо не тусоўшчык, не так, як гэта было ў маладосці, я не такі падкі на новыя знаёмствы. Я прыходжу ў майстэрню на праспекце Незалежнасці, мне тут добра аднаму. Але галоўнае — адчуваю рытмы за акном, адчуваю жыццём. Я гляджу з акна на праспект— і мне камфортна, людзі тусуюцца, мітусяцца, ідуць. А ў Навагрудку я гляджу на вежы замка ці на фарны касцёл — і цішыня. Хочацца адчуваць жыццё за акном.
— Ваша жонка стала ініцыятарам пераезду ў Навагрудак?
— Не, наадварот. Я ведаў, што яна не падтрымае маё жаданне стварыць галерэю ў Навагрудку. Дарэчы, я першапачаткова і не думаў пераязджаць. Хацеў адчыніць галерэю — і там кагосьці знаёмага пакінуць. Але потым так склалася, што давялося там быць. Калі я набыў гэты дом, мяне жонка па-ўсякаму адгаворвала. Яна здзіўлялася, навошта гэта трэба. Калі я пачаў будаваць, яна зусім была праціўніцай. А потым адчула, што быццам і не кепска. У Мінску яна рабіла на добрай працы, адміністратаркай у гатэлі «Мінск», але пакінула гэту працу і пачала дапамагаць.
— Сёння вы прадаяце свае карціны праз іншыя галерэі таксама?
— Так, бывае. Аднак апошнім часам прадаецца мала. Ёсць людзі, якія набываюць у мяне даўно. І яны робяць гэта, каб укласці грошы, а не дзеля таго, каб упрыгожыць сваё жыллё. Яны лічаць, што ў мастацтва выгадна ўкладвацца. Адна мая маленкая карціна, памерам 25 на 35 сантыметраў, каштуе ад 400 да 500 даляраў.
«У мястэчках нават паветра пахне па-свойму»
— У вас ёсць шмат прац, прысвечаных беларускім мястэчкам. У іх вельмі асаблівая атмасфера, якая акурат найлепей сведчыць пра беларускі дух.
— Гэтай тэме прысвечана другая зала маёй выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі. Галоўная тэма карцін — гэта мястэчкі. Дзятлава, Любча, Гальшаны, Друя… Мястэчка — гэта ўжо не вёска, але яшчэ не горад. Там вельмі асаблівая планіроўка. Абавязкова ёсць плошча, на якой стаіць храм, ці каталіцкі, ці праваслаўны. Часта стаялі габрэйскія сінагогі. Бо да вайны 50—60% іх насельніцтва складалі габрэі. Каля плошчы ў габрэяў былі свае кварталы, з крамамі, майстэрнямі. Мястэчка — гэта ўнікальны еўрапейскі выпадак, калі некалькі культур і канфесій жылі разам, прычым даволі камфортна, не мелі ніякіх канфліктаў. У Заходняй Беларусі ў мястэчках часта грамадамі жылі і татары. Яны і цяпер засталіся — напрыклад у Навагрудку, у Іўі. У мястэчках яшчэ захавалася свая энергетыка, аўра, там нават паветра пахне па-свойму. Шмат дамоў ацяпляецца печамі. Таму зімой, калі паляць у печы, з комінаў ідзе дым, мястэчкі маюць гэты асаблівы пах. У цэнтры заўсёды знаходзяцца каменныя забудовы. Я хаджу, нават рукамі да іх дакранаюся, нейкую энергетыку атрымліваю. Для мяне гэта кайф, калі я адкрываю для сябе нейкае новае мястэчка, калі засяляюся ў гатэльчык, то я гатоў блукаць па ім, занатоўваць, і радуюся, калі адчуваю, што знайшоў вобраз, які стане новым творам.
— Сённяшнія мястэчкі захавалі атмасферу?
— З цягам часу усё ідзе ў горшы бок. Бо быццам бы задумваюць добрую справу, рамантуюць дамы, але робяць гэта непрафесійна. Трэба рабіць гэта з гісторыкамі, археолагамі, рабіць грунтоўна. А ў нас калі кіраўнік вырашае зрабіць, ён наймае не прафесіяналаў, а звычайных будаўнікоў. Бывае, што я адкрыў для сябе пэўнае мястэчка, пасля наведваю яго праз год 5 і засмучаюся. Бо шмат што страчваецца, а нават калі не страчваецца… Спадзяюся, што прыйдзе час, калі краіна будзе багацейшай, і тое, што замазана, можна будзе адняць і зрабіць так, як трэба.
«Паціху прывыкаеш — і пачуццё прытупляецца»
— Вы шмат ездзілі па Беларусі, пісалі краявіды.
— Я абіраў на карце пэўныя месцы і планаваў, што іх трэба наведаць. Цяпер у мяне ёсць своеасаблівая майстэрня на колах, куды загружаны матэрыялы на ўсе выпадкі. А першапачаткова я пастаянна нешта забываўся, то фарбы пэўныя, то палатно браў не таго памеру. Такім чынам, я вырушваў па абраным маршруце, спыняўся звычайна ў гатэльчыку і жыў там пэўны час. Часта выязджаю на пленэры, калі адчуваю, што мясціны мне цікавыя. Хаджу, шпацырую, назапашваю матэрыял. Часам мне адкрываецца пэўны матыў, я бяру яго для карцін. Адразу раблю накіды алоўкам —
першыя ўражанні самыя моцныя і глыбокія. Потым паціху прывыкаеш, і пачуццё прытупляецца.
Затым больш дасканала распрацоўваю кампазіцыю, прадумваю колеры і пішу эцюд, які ўжо можна лічыць самастойнай карцінай. Еду ў майстэрню і раблю вялікую карціну. У мяне, дарэчы, акрамя майстэрні на праспекце Незалежнасці [уласнасць Саюза мастакоў — аўт.], ёсць яшчэ дзве — у Навагрудку і ў вёсцы Лаўрышава, адкуль я родам. У Лаўрышаве я таксама збудаваў вялікі дом, а на другім паверсе размясціў майстэрню. У майстэрні я пачынаю працаваць над матэрыялам, які назапасіўся. Галоўнае, што ў галаве ўжо створаны вобраз.
«Архітэктура — як дэкарацыя ў тэатры»
— На вашай выставе прадстаўлена серыя прыгожых, добра прапрацаваных эцюдаў. І на кожным з іх — помнікі архітэктуры.
— Гэта эцюды фармату 50 на 70, напісаныя з натуры, у манахромнай, стрыманай гаме. Яны сталі самастойнымі творамі. Хаця зазвычай эцюд — гэта этап падрыхтоўкі да больш значнага твора. Аднак гэтыя творы адбыліся. На першым эцюдзе выяўлена Сынкавіцкая царква. Гэта калісьці занядбаны храм, яго адчынілі пасля застою — адзін з цудаў Беларусі. Ён унікальны, бо будаваўся як праваслаўны храм, але ў стылі готыкі — такое не распаўсюджана ў нас, зазвычай у гатычным стылі будавалі касцёлы. У той час царквы ўзводзілася на сродкі Вітаўта, ён запрашаў архітэктараў з Еўропы. А на Усходзе будавалі храмы ў візантыйскім стылі, замест купала была цыбуліна. Адметна, што гэту царкву збудавалі не толькі як храм, але і як абарончую крэпасць. У ім запасаліся правіянтам, трымалі абарону і чакалі, пакуль хтосьці з суседзяў прыйдзе на дапамогу.
— Вашы работы, як карціны Напалеона Орды, у будучым змогуць шмат распавесці пра нашу архітэктуру.
— Сапраўды, я стаўлю такую задачу, каб помнікі архітэктуры засталіся на маіх палотнах, я перадаю іх даволі дакладна, хаця і не выпісваю ўсе дэталі, як Напалеон Орда. Для мяне архітэктура — як дэкарацыя ў тэатры. А на пярэднім плане — нейкае жыццё. На яшчэ адным эцюдзе можна ўбачыць дом у закапанскім стылі, на наступным — навагрудскі фарны касцёл, пабудаваны таксама дзякуючы Вітаўту. Ён збудаваў яго і прысвяціў сваёй жонцы. На перадапошнім — Мірскі замак. Я не стаў паказваць яго магутным, а размясціў на заднім плане — на пярэднім дамінуе позняя восень, рэчка, узараная зямля. На апошнім эцюдзе серыі — народная тыповая забудова беларускіх вёсак. Там абапал яшчэ стаяць драўляныя платы — а ў сённяшніх закінутых вёсках платоў няма.
«Няма падстаў адмаўляцца ад Бога»
— У адным з артыкулаў вы сказалі, што Бог вам дапамагае ў пэўных справах. Што для вас значыць вера?
— Пытанне вельмі складанае, я сам часта думаю пра яго. Сказаць, што я атэіст, не скажу. Сказаць, што я глыбока веруючы чалавек, як мая мама, таксама не скажу. Я не прыйшоў да Бога, я не адкрыў яго для сябе, я не адчуў яго. Але хацелася б. Прызнаваць, што Бога няма, — не ведаю, якім чалавекам трэба быць, каб так сцвярджаць. Няма падстаў адмаўляцца ад яго. Ёсць вышэйшы розум, які ўсім кіруе, гэта несумненна. І я схіляюся перад гэтым розумам. Я нават зайздрошчу людзям, якія прынялі Бога, і ён увайшоў у іх душу і накіроўвае. Я яшчэ не адчуў такога, на жаль.
— Вы пажылі ў розныя эпохі. Што скажаце пра наша XXI стагоддзе?
— Натуральна, адбыўся тэхнічны прарыў, з’явіліся IT-тэхналогіі. Людзі прасунуліся, вядома ж. Але ці на вялікую гэта карысць?.. Стала больш зручна, можна з аднаго месца хутка трапіць у зусім іншае. Не тое што ў XIX і XX стагоддзях даводзілася ездзіць цягнікамі, а то яшчэ і на брычках. Хаця шмат твораў пісьменнікі напісалі акурат седзячы ў гэтых дыліжансах. А цяпер у самалётах усе сядзяць у інтэрнэце… Жыць стала зручна. Аднак у мяне ёсць некаторыя сумненні. Напэўна, чалавек усё-такі не стаў больш шчаслівы. Мы сталі прагматыкамі, нешта страцілі.
Комментарии