Польшча забараняе ўезд замежнікам. У краіне ўводзіцца рэжым эпідэміялагічнай пагрозы. Пра гэта абвесціў прэм'ер-міністр краіны Матэвуш Маравецкі.

Глядзіце відэа прэс-канферэнцыі прэм'ера Польшчы:

Усе палякі, якія вяртаюцца з-за мяжы, павінны будуць прайсці 14-дзённы каранцін. Далейшыя паездкі за мяжу не рэкамендуюцца.

На час эпідэміі Польшча аднаўляе памежны кантроль на межах з краінамі Еўрапейскага саюза з 0:00 нядзелі.

Пасажырскія авіярэйсы за мяжу спыняюцца. Міжнародны пасажырскі чыгуначны рух таксама спыняецца ўначы з суботы на нядзелю. Польскіх турыстаў з-за мяжы вернуць на радзіму чартарамі і змесцяць на каранцін.

Перамяшчэнне тавараў праз межы не абмяжоўваецца. Прэм'ер нагадаў, што Польшча — адзін з найбольшых вытворцаў сельгаспрадукцыі ў Еўропе, таму небяспекі дэфіцыту прадуктаў няма.

Прэм'ер-міністр і прэзідэнт Польшчы таксама расказалі сёння, якія захады зробленыя, каб стрымаць распаўсюд эпідэміі на першым этапе.

Польшча ўвяла каранцін у школах. З 0.00 суботы спыніцца дзейнасць вялікіх гандлёвых цэнтраў. У іх застануцца адкрытымі толькі прадуктовыя гіпер- і супермаркеты і аптэкі. Банкі і банкаматы будуць працаваць у звычайным рэжыме. 

Ён патлумачыў, што гэта робіцца, каб першая хваля заражэнняў не была вялікая, каб не ўзнікла перагрузкі бальніц і медыкаў.

Прэм'ер праінфармаваў, якія меры былі прынятыя за апошнія дні для павелічэння запасаў медыкаментаў, медабсталявання і сродкаў прафілактыкі.

Акрамя таго, дзяржаўныя структуры пачынаюць бясплатную раздачу дэзінфікуючых вадкасцяў — праз розныя ўстановы і на запраўках.

Польшча ў тэрміновым рэжыме пераўтварае 19 шпіталёў ва ўсіх ваяводствах краіны ў інфекцыйныя. 10 % коек у гэтых шпіталях будуць абсталяваныя апаратурай для штучнага дыхання.

«Перад намі час выпрабаванняў. Час салідарнасці пакаленняў. Нашым найбольшым козырам будзе спакой», — сказаў прэм'ер Польшчы.

У Польшчы на сёння зарэгістравана 68 выпадкаў захворвання. У пераліку на душу насельніцтва гэта менш, чым у Беларусі (мы мелі на ранак 27).

Прэм'ер Польшчы патлумачыў такія рашучыя захады намерам не дапусціць памылак некаторых заходнееўрапейскіх краін, якія на два-тры тыдні зацягнулі з каранціннымі мерамі. «Мы не павінны быць разумныя заднім розумам», — адзначыў прэм'ер.

«Гэта апошні момант, калі магчымыя рашучыя дзеянні. Часу на паўмеры больш няма, — сказаў міністр аховы здароўя Лукаш Шумоўскі. — У Італіі ўжо 17 600 заражэнняў. У нас — 68. Ад таго, як мы зараз будзем сябе паводзіць у гэты цяжкі момант, залежыць лёс усіх нас і нашых блізкіх», — сказаў міністр аховы здароўя Польшчы, ён выглядаў стомленым і нявыспаным.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0