10 сакавіка ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва загінуў чалавек. Абвінавачаны 44-гадовы Валерый Сяроў ускрыў вены і сцёк крывёю. Выклікалі хуткую, але выратаваць яго не змаглі.

Валерый Сяроў

Валерый Сяроў

Афіцыйнага каментару пакуль няма. Але вядома, што Сярова абвінавачвалі ў крадзяжы, яму пагражала да 4 гадоў. Сітуацыя цяжкая для любога чалавека, але гэта не абвінавачванне ў забойстве ці гвалце. 

Дык што тады падштурхнула дарослага моцнага мужчыну на такі крок?

Як распавёў «Нашай Ніве» адзін са сваякоў Сярова, трагедыя адбылася праз збег абставінаў. 

Валерый Сяроў здзейсніў свой учынак не ў зале суда. Пасля пасяджэння яго адвялі ў асобнае памяшканне, дзе ён чакаў паездкі з суда ў СІЗА. 
«І ён там быў адзін. У мяне ёсць інфармацыя ад людзей, з якімі Валера быў у СІЗА. Яны казалі, што ён планаваў ускрыць вены, каб звярнуць увагу на сябе і трапіць пасля ў лазарэт», — распавёў сваяк загінулага.

Праз спробу суіцыду Сяроў нібыта хацеў дамагчыся больш мяккага пакарання ці, можа, трапіць не ў турму, а ў бальніцу.

Але ж ён выбраў няўдалы час і месца. 
«Ён парэзаў вены, калі быў адзін. Побач мусілі быць канвойныя, але яны выйшлі, кажуць, што на перакур.

У любым выпадку некаторы час іх не было. А калі яны вярнуліся, то нават не паспелі аказаць дапамогу Валерыю — і ён проста сцёк крывёю», — кажа сваяк Сярова.

У выніку, дактары, якія прыехалі ў суд, ужо таксама не змаглі нічога зрабіць. 
Сваяк Валерыя мяркуе, што каб канвой аказаў Сярову першую дапамогу, то мужчыну б магчыма было выратаваць.

14 сакавіка Валерыя пахаваюць. Пасля сваякі паспрабуюць разабрацца: дзе быў канвой, чаму Сярову не аказалі дапамогу і як яму далі пранесці ў суд прадмет, якім ён парэзаў рукі (кажуць, што гэта была ці аднаразовая брытва, ці лязо ад яе).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0