Ва ўкраінскім мястэчку Радомышль да лекараў звярнуліся пяцёра вернікаў царквы, якую наведвала жанчына, што памерла ад каранавіруса. Пра гэта паведамілі ў мясцовай бальніцы, у якую і звярнуліся людзі, перадае УНІАН.
Да медыкаў з высокай тэмпературай звярнуліся пяцёра прыхаджан, якія маліліся ў царкве, якую таксама наведвала памерлая ад каранавіруса жанчына.
Па словах лекараў, тры чалавекі ўжо знаходзяцца на самаізаляцыі, а ў дачыненні да яшчэ двух — гэтае пытанне вырашаецца.
Медыкі не выключаюць, што і гэтых хворых прыйдзецца ізаляваць. Таксама ўжо ізалявалі лекараў, якія аглядалі хворую на каранавірус.
У пятніцу, 13 сакавіка, ва Украіне была зафіксавана першая смерць ад каранавіруса. Памерла жанчына з Радомышля Жытомірскай вобласці.
Радомышль — мястэчка за 60 кіламетраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы.