Зварот Агнешкі Рамашэўскай‑Гузы да супрацоўнікаў і працаўнікоў каналу «Белсат».

Дарагія калегі!

Пасля амаль трох гадоў цяжкой працы мы разам здолелі здзейсніць тое, што шмат каму здавалася немагчымым. Мы стварылі сапраўдны тэлевізійны канал, які штодня транслюе свае праграмы. Мы сабралі вялікае кола таленавітых супрацоўнікаў. Нам удалося ажывіць надзею творцаў на тое, што вынікі іхнае працы трапяць да шырокай аўдыторыі і стануцца імпульсам да грамадскай дыскусіі, да зменаў у Беларусі.

Нашая праца служыць справе абмену свабоднай інфармацыяй, а таксама пашырэнню ведаў у галіне культуры і гісторыі. Мы служым той ідэі, якая ляжала ў падмурку стварэння «Белсату», — ідэі набліжэння Беларусі да Еўропы, гістарычнаю часткаю якой яна была і ёсць.

Калегі, я сапраўды вельмі ганаруся Вашаю працаю і дасягненнямі. Я вельмі хацела б, каб, нягледзячы на маё адхіленне, гэтая праца не перапынілася, а яе вынікі не змарнаваліся. Сардэчна дзякую Вам за выказаную салідарнасць. Дзякую за падтрыманне Дарадчай радзе «Белсату», супраца з якою, хоць і была кароткаю, абяцала стаць надзвычай перспектыўнаю. Дзякую Паўлу Мажэйку за жэст салідарнасці.

Незалежна ад сітуацыі на Польскім дзяржаўным тэлебачанні, я не планую пакідаць праект «Белсат», бо яшчэ не час. Наадварот, я планую яшчэ інтэнсіўней працаваць дзеля таго, каб зрабіць гэты праект сапраўды міжнародным, а таксама заўсёды буду служыць парадаю і дапамогаю дзеля паляпшэння якасці нашых праграмаў і шырокай рэкламы каналу ў Беларусі.

Спадзяюся, «Белсат» не страціць ніводнага са сваіх вядоўцаў і працаўнікоў, і ад усяго сэрца прашу Вас аб гэтым. Варта памятаць — асабліва ў цяжкія часы — максіму, якая сталася дэвізам польскіх прафсаюзаў «Салідарнасць»: «Салідарнасць немагчыма ані падзяліць, ані знішчыць».

Сардэчна паціскаю Вашыя рукі і не развітваюся.

Агнешка Рамашэўская

belsat.eu

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0