Унясенне Беларусі ў спіс краін, грамадзянам якіх абмяжоўваецца ўезд у Расію, звязана з тым, што Мінск не прымае дастатковых мер для барацьбы з каранавірусам. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ўрада Расіі, паведамляе ТАСС.

Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Там таксама запэўнілі, што Беларусь загадзя папярэдзілі аб мерах па абмежаванні на ўезд у Расію замежных грамадзян на фоне каранавіруса.

«Беларускі бок быў загадзя папярэджаны аб планаваных мерах у ходзе праведзенай 15 сакавіка 2020 года тэлефоннай размовы старшыні ўрада Расійскай Федэрацыі Мішусціна з прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Румасам. Кіраўнік Савета міністраў Беларусі быў праінфармаваны, у прыватнасці, пра тое, што абмежаванні на ўезд у РФ не будуць распаўсюджвацца на пэўныя катэгорыі асоб, у тым ліку кіроўцаў грузавога аўтатранспарту», — гаворыцца ў паведамленні.

У прапарцыйных суадносінах да колькасці насельніцтва сітуацыя ў Беларусі з распаўсюджваннем эпідэміі каранавіруса значна больш сур'ёзная, чым у Расіі, адзначае расійскі ўрад.

Сцвярджэнне, што «Расія ўся палае ад каранавіруса», не адпавядае рэчаіснасці, адзначае ўрад Расіі.

У расійскім Кабінеце дадалі, што Расія вымушана была ўвесці абмежаванні на перасячэнне мяжы з Беларуссю з-за непрыняцця Мінскам дастатковых мер для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса з тэрыторыі трэціх краін.

«Абмежаванні ўезду ў Расійскую Федэрацыю з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь уводзяцца, перш за ўсё, па прычыне непрыняцця органамі дзяржаўнай улады Беларусі рэкамендаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя адэкватных мер па перакрыцці дзяржаўных межаў з мэтай недапушчэння пранікнення каранавіруснай інфекцыі з трэціх дзяржаў», — гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, сёння Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яго азадачыла закрыццё Расіяй мяжы з Беларуссю.

У той жа час ён канстатаваў, што ў Беларусі адносна спакойнае становішча. Пры гэтым, на яго думку, «Расія ўся палае ад каранавіруса». «Дык хто ад каго павінен зачыняцца. Пытанне рытарычнае», — дадаў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0