Андрэй Расінскі адказвае Вользе Карач — у дыскусіі пра аборты і Беларускую хрысціянскую дэмакратыю.

Маладая палітык Вольга Карач на сайце «Свабоды» папракнула новаствораную партыю Беларуская хрысціянская дэмакратыя ў… таталітарызме, параўнаўшы яе з КПСС і Пракрустам.

Гутарка ішла на балючую тэму абортаў.

Калі БХД называе спарон забойствам, то нападае «на слабых безабаронных жанчын, якія прыніжаныя і расціснутыя сваёй асабістай трагедыяй, – атакуе Карач. Ёсць «права людзей распараджацца сваім лёсам, сваім целам».

Маладая палітык прыводзіць суворы аргумент на карысць абортаў: «А Вы бы хацелі быць такім дзіцём – нежаданым, нелюбімым? Якога маці выхоўвае толькі таму, што пабаялася зрабіць аборт?
І якога ненавідзіць, бо праз гэткае дзіця яна не зможа стаць у будучым «Моцнай сям’ёй»?»

Як там было ў плакатах жаночых лігаў: «Маё цела. Не ваша». Так‑так. Мае грудзі. Не вашы. Хачу кармлю дзіця, хачу – з кашай ем. Законнае жаночае права.

Нашто стварэнне, якое не дае наведаць доўгачаканы семінар па правам чалавека, псуе бізнэс‑праекты?

Пойдзем далей. Разгледзім цяжкую сітуацыю маладой жанчыны‑палітыка. Беларускія ўлады з яе здзекуюцца, калегі‑мужчыны ўсур’ёз не ўспрымаюць. «А Вы хацелі бы быць такой – нежаданаю, нелюбімаю?»
Непрызнанаю.

Дык хіба маці пажадае сваёй дачцэ такі лёс, хіба не прароніць слязы? Ці не пашкадуе пра абартыўную клініку, якой не было побач?

За сто гадоў існавання жаночы рух, які пачынаў са справядлівага патрабавання выбарчых правоў, сам стаўся «татальным апавяданнем» з жалезнай рыторыкай і спісам ворагаў.

Цяперашняя гендэрная прапаганда мае ключавыя словы, якія дазваляюць дазвання крышыць любыя падмуркі, і якія ў дыскусіі ўжо прагучалі.

Першае слова – патрыярхат.

Згодна з прапагандаю,

патрыярхат – гэта змова мужчынаў супраць жанчынаў, каб знявольваць іх працоўна, цялесна і моўна.
Жанчына даглядае дзетак – патрыярхат. Мужчына зацікаўлена паглядзеў на жанчыну – патрыярхат (а не паглядзеў, значыць, грэбуе – тым болей, патрыярхат). Слова «чалавек» мужчынскага роду – патрыярхат.

Дастаецца жанчынам‑«калабаранткам»:

Жанчына спявае сумныя песні – кепска. Яна ўмацоўвае патрыярхат.

Жанчына спявае радасныя песні – яшчэ горш: яна адмаўляе факты патрыярхальнай эксплуатацыі.

Затое правільныя тэмы – пра «менструіраванне разам», пра «катэгорыю станіка» (такія вершы сапраўды ёсць!), пра гонар ад мастурбацыі.

Змагаркі за роўнасць не могуць прывесці аніводнага прыкладу непатрыярхальнага грамадства («Сэкс‑місію» Махульскага і камедыі Арыстафана не прапаноўваць).

«Мужчына… з вытрашчанымі вачыма ўказвае жанчыне на яе месца: у моцнай (чытай: патрыярхальнай) сям’і,» – кідае ўдзельніца спрэчак пад нікам Ліда, падпісваючыся пад аборталюбным артыкулам.

Другая ўдзельніца дыскусіі Мрыя амаль даслоўна паўтарае аргументы баявой феміністкі Андрэі Дворкін: «адзін пол – у большасці выпадкаў «легітымна» – гвалціць другі, а потым згвалчанага абвінавачвае ў забойстве».

Развагі гэныя на Захадзе ішлі пад шыльдачкай «гендэру» – слоўца, пакуль не вельмі вядомага ў Беларусі.

Гендэр, згодна з вызваляльніцамі – гэта сацыяльна сканструяваная адрознасць паміж мужчынамі і жанчынамі. (І сканструяваная яна такім чынам, каб мужчыны панавалі над жанчынамі й іншымі мужчынамі.) Нават натуральныя адрозненні ігнаруюцца. Усё ёсць вынікам змовы і патрыярхальнага канструявання.

Калі на амерыканскім шоў Опры Ўінфры нейкі кардыёлаг заікнуўся, што мужчыны хварэюць інакш, чым жанчыны, яго ледзьве не парвалі на брытанскі сцяг. «Як? Вы адмаўляеце, што адрознасць толькі здаецца і мае сацыяльны характар? Ату – небяспечнага мужчынскага шавініста!» (Пра лёс няшчаснага кардыёлага не паведамляецца.)

Але і для нашай краіны не ўсё яшчэ згублена.

Журналістка саліднай газеты, якая раней з мудрай тактоўнасцю параўноўвала харызму першага прэзідэнта з «Боінгам», пасля гендэрных студый у ЕГУ ставіць рубам найактуальнейшае пытанне: «Жаночае абразанне ў Егіпце і зварот у Менскім метро да мужчынаў з просьбай саступіць месца жанчынам – два выпадкі адной і той жа з’явы пад назвай патрыярхат.
Дзяўчаты! Тыя, хто жадаюць ехаць седзячы па прычыне полавай пяшчоты і крохкасці. Хто на абразанне?»

Што ж, прыгледземся ўважлівей да «патрыярхальнае» Беларусі.

Паводле Міністэрства статыстыкі жанчынаў у Беларусі навучаецца болей за мужчынаў (905 тысячаў супраць 859). Іх болей і ў аспірантуры (56%). На працягу доўгага часу адукацыйны ўзровень жанчынаў застаецца вышэйшым за мужчынскі (59% усяго студэнцтва!). Сярод працоўных жанчынаў 55% маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, сярод мужчынаў такіх толькі – 38%.

Дзяцей у школе таксама выхоўваюць жанчыны (85%).

Дый у каго пасля разводу застаюцца дзеці?

І, нарэшце, галоўнае.

Працягласць жыцця «слабых безабаронных жанчын», прыніжаных і расціснутых – 76,2 гады. Мужчыны дажываюць толькі да 64,5 гадоў, пры гэтым на пенсію выходзяць пазней (у 60 гадоў, калі жанчыны – у 55).

Вы можаце сказаць, што гэта – справядлівая плата за панаванне; што статыстыка – створаная мужчынамі і для мужчынаў; што любыя навукі (акрамя, натуральна, гендэрных), увогуле, змоўніцкія дый няправільныя, бо не ўлічваюць «жаноцкую адчувальнасць», «двугубы дыскурс» і процьму іншых цікавых момантаў.

Але вось бяда. У Японіі, Нарвегіі, Карэе, Злучаных Штатах – жанчыны таксама жывуць даўжэй за мужчынаў. Яны жывуць даўжэй у Бельгіі, Францыі, Канадзе, Аўстраліі, Вугоршчыне і Літве. Страшна падумаць, гэнае статыстычнае правіла выконваецца нават для Ісландыі, дзе нядаўна была абраная гендэрна‑карэктная прэм’ер‑міністарка.

67% усіх службоўцаў у краіне складаюць жанчыны, якія звычайна займаюць пасады галоўных дый іншых спецыялістаў. Мужчынам дастаецца роля рабацягаў.

Дык, дазвольце скарыстацца вашаю мовай – і вярнуць вам папрокі ў таталітарнасці.

Мы маем справу з абсалютнаю жаночаю дамінацыяй, дамінацыяй татальнай, што пашыраецца і захоплівае новыя тэрыторыі. А ўсялякія гутаркі пра жаночую роўнасць – толькі сродак захопу.

Не так даўно адна такая змагарка Валеры Саланас прапаноўвала знішчыць усіх носьбітаў «дэфектыўнае У‑храмасомы».

Гэта экстрэмізм, скажаце вы. А хіба здольныя вы – «дзеля роўнасці» – падтрымаць захады «пазітыўнай дыскрымінацыі», каб ліквідаваць адукацыйнае адставанне беларускіх мужчынаў?

Або прафінансаваць праграму паляпшэння здароўя мужчынаў?

Не – лепей жахалкі пра «гендэр» і «патрыярхат».

«Сёння ідэаліца, гендэрная Пракрусціха (ацаніце, што я выкарыстоўваю карэктныя граматычныя формы, пазбаўленыя лінгвістычнага шавінізму) – гэта ўладарны набор запчастак, знітаваны гонарам за ўласную похву».

Вам такі стан і такі «дыскурс» падабаецца?

Мне – не.

Цела – яно не толькі вашае. Яно таксама ёсць целам вашага мужа (а ягонае цела – вашым). Яно – яшчэ і цела вашага ненароджанага дзіцяці.

І

аборт – не толькі індывідуальны жэст.

А лекарка, якая вымушаная помпай прабіваць чэрап і высмоктваць мазгі плоду? Вы вымагаеце саўдзельнікаў, якія хацелі б адмовіцца, ды не могуць.

Праблема абортаў насамрэч маральна і юрыдычна цяжкая, і баналізаваць яе, як робіць Вольга Карач, недапушчальна.

Магчыма, варта, каб спарон быў магчымы толькі па пісьмовым патрабаванні абодвух бакоў — жанчыны і мужчыны (акрамя выпадкаў згвалтавання) – і каб мужчына, які таксама адказны, мусіў абавязкова прысутнічаць на гэнай вусцішнай працэдуры.

Магчыма, варта ўвесці норму, каб лекары па этычных перакананнях маглі адмовіцца ад аборту.

Нарэшце, абсалютна трэба радыкальна ўзмацніць матэрыяльную падтрымку цяжарных жанчынаў.

Небяспечна выкарыстоўваць набор штампаў пра «права на цела», гендэр і патрыярхат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?