У лютым сярэдні заробак бруднымі склаў Br906 тыс. 177 рублёў, паведамiлi карэспандэнту БЕЛТА ў Нацыянальным статыстычным камiтэце.
Гэты паказчык у студзенi гэтага года складаў Br919 тыс. 637. У снежні сярэдні заробак перавышаў мільён рублёў.
Яшчэ мацнейшыя лічбы падзення ў даляравым выражэнні. У снежні заробак складаў 450 даляраў, у студзені — 330, у лютым — 320.
У цяперашні час Мінфін Беларусі рыхтуе ўдакладнены варыянт бюджэту на 2009 год. Каб выканаць патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі аб дасягненні бездэфіцытнага бюджэту, урад вымушаны быў прапанаваць скарачэнне заробкаў працаўнікоў бюджэтных арганізацый. Бездэфіцытны бюджэт, у сваю чаргу, быў умовай міжнародных крэдытораў для выдачы мільярдных крэдытаў Беларусі.
Канкрэтныя прапановы, якія падрыхтаваў Мінфін, карэктуючы бюджэт, апублікаваныя пакуль не былі. Ніякай інфармацыі незалежным СМІ здабыць таксама не ўдалося.
У сувязі з дэвальвацыяй рубля даходы працаўнікоў дзяржсектару ўжо скараціліся на траціну ў даляравым выражэнні.
Калі далейшае абразанне заробкаў адбудзецца, яно, найхутчэй што, будзе мець прыхаваную, расцягнутую, а не разавую форму.