Генпракуратура прапаноўвае штрафаваць бацькоў, чые дзеці знаходзяцца ў позні час на вуліцы.

У пракуратуры занепакоеныя тым, што з 21.00 да 7.00 падлеткамі здзяйсняецца палова злачынстваў і ў гэты ж час яны часцей за ўсё самі становяцца ахвярамі нападзення - як аднагодкаў, так і дарослых злачынцаў.

Адкуль ногі растуць?

На гэту ідэю супрацоўнікаў Генпракуратуры натхніў досвед суседняй Расіі. Там два гады таму ў дванаццаці рэгіёнах прынялі падобны закон, што прывяло да скарачэння злачынстваў.

Сэнс новага законапраекта ў тым, каб у позні час дзеці калі і знаходзіліся ў грамадскіх месцах, то абавязкова ў суправаджэнні бацькоў.

У Беларусі такі метад ужо прымяняўся, але не на заканадаўчым, а на выканаўчым узроўні. З 1999 па 2005 год усе аблвыканкамы прымалі рашэнні, якія забаранялі непаўналетнім з’яўляцца ў грамадскіх месцах без суправаджэння дарослых. Адміністрацыйная адказнасць прыпісвалася за парушэнне гэтага рашэння, але штрафаваць бацькоў без адпаведнага закону было нельга.

Бацькі на дыскатэкі хадзіць не будуць!

Інга Сіўчыкава, класная кіраўніца адной са сталічных гімназій, новы законапраект каментуе так:

— На маім досведзе па такім правапарушэнні ледзь не былі пакараны бацькі адной з маіх вучаніц. Позна вечарам яна выйшла на ганак, бацькі былі ў гэты час дома. Міма праязджала міліцэйская машына, дзяўчыну затрымалі і адвезлі ў аддзяленне. Прыбеглі ўсхваляваныя бацькі, змаглі растлумачыць сітуацыю, абышлося. Але я ўсё ж думаю, што дадзены закон можа дапамагчы некаторым бацькам лепш усвядоміць сваю ролю ў выхаванні дзяцей. Часта так здараецца, што па выкліку міліцыі першымі прыязджаюць сацыяльныя педагогі, а пасля толькі бацькі, а часам бывае, што зусім не прыязджаюць.

Калі дзеці ў гарадах знаходзяцца пад большым наглядам той жа міліцыі, то ў вёсках праблема стаіць куды больш востра. Расказвае Настасся, жыхарка вёскі Равяцічы, Бярозаўскага раёну:

— Калі я яшчэ вучылася ў школе, да нас прыйшла завуч у клас і сказала, што настаўнікі будуць дзяжурыць на дыскатэках і паведамляць бацькам пра тых, хто быў дапазна, хто напіўся. Таму, маўляў, сядзіце дома і нікуды не хадзіце. Ніхто тады не паслухаўся. Дзяўчат замыкалі ў хатах, не пускалі, а яны вылазілі праз акно і ўсё адно беглі на танцы. І напіваліся, хто хацеў. За вугал заходзілі і напіваліся. Цяпер мне 20 год і калі я прыходжу на дыскатэку, мне няма кампаніі. Звычайна ж ходзяць дзеці ад 12 да 16 год. Да позняй ночы таньчаць, а як міліцыя зрэдку прыедзе, то бягуць-хаваюцца.

На пытанне, ці дапамогуць вырашыць праблему штрафы, якія будуць даваць бацькам, Настасся кажа:

- Усё адно будуць па начах бадзяцца. А дыскатэка – адзіная забава для вясковай моладзі. Каму патанчыць, каму морду набіць – людзі ж розныя. Ну а бацькі наўрад ці змогуць дзяцей дома ўтрымаць. Суправаджаць іх на дыскатэку? Мне гэта падаецца малаімаверным!

Гадзіна «Х»

Міністэрства адукацыі неадназначна выказваецца наконт прапановы Генпракуратуры. Па іх меркаванні, штрафы не вырашаць пытання. Тым больш, многія школьнікі вучацца ў другую змену, а пасля наведваюць рэпетытараў. Выйсце Мінадукацыі бачыць у прафілактычных размовах з дзецьмі, якія павінны перш праводзіць бацькі і толькі пасля, калі гэта спатрэбіцца, настаўнікі, сацыяльныя службы, міліцыя. Гэта дапаможа выхаваць у дзіцяці самакантроль, уменне пазбягаць канфліктных сітуацый.

Цяпер вырашаецца, у які час пачнуць вартаваць непаўналетніх, якія будуць на вуліцы без бацькоў. Начальнік аддзелу па справах непаўналетніх і моладзі Генпракуратуры Валеры Іваноў паведамляе:

— Хутчэй за ўсё, дзеці 14-16 год пасля 21.00 павінны знаходзіцца на вуліцы разам з дарослымі, а падлеткі 16-18 год змогуць гуляць самастойна да 23.00.

У канцы сакавіка прапанову разгледзіць галоўны пракурор. Калі ён даць станоўчую адзнаку, то пракуратура звярнецца з заканадаўчай ініцыятывай у парламент. Змены будуць унесеныя ў закон «Аб правах дзіцяці» і Адміністрацыйны кодекс. У кодэксе будзе дакладна прапісана адказнасць бацькоў і памер штрафу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?