Андрэй Радкоў сёння вядомы як беларускі Індыяна Джонс. Дзесяць год ён шукаў каштоўныя для нашай гісторыі рэчы, знаходзіў грошы, каб перакупіць іх на міжнародных аўкцыёнах, і перадаваў у дар музеям. Аднак сёння Андрэю здаецца, што надышоў час адысці ад спраў… Мы вырашылі даведацца, чаму заканчваецца гэты раман з мінуўшчынай.

«За меч з Віхры на брытанскім аўкцыёне мы супернічалі з чалавекам з Амерыкі»

— Якую самую цікавую знаходку ты зрабіў?

— Самы вялікі поспех — гэта вяртанне Трэцяга Статута Вялікага Княства Літоўскага, арыгінальнага выдання на старабеларускай мове. Але самае прыемнае і адметнае, хоць я маю толькі ўскоснае дачыненне, — гэта адшуканы мсціслаўскі рыцар.

Знайшлі яго мясцовыя жыхары, якія мэтанакіравана, але незаконна праводзілі пошукавыя працы на беразе Віхры. Я прыехаў на месца разабрацца, што і як было, даведацца з першых крыніц гэту гісторыю і забраць з берага прыкапаныя парэшткі рыцара Вялікага Княства Літоўскага. Была спроба выкупіць у мясцовых капальнікаў меч, але я, на жаль, спазніўся, на той момант яго ўжо прадалі.

— Як думаеш, чаму менавіта там адшукалі рыцара?

— На тым месцы 200 гадоў мясцовыя жыхары знаходзяць прадметы рыцарскага ўзбраення часоў Сярэднявечча. Гэта не адзінкавыя знаходкі. У мсціслаўскім музеі ёсць два знакамітыя шаломы. На беразе была даволі вялікая бітва. Шмат людзей патанула як з нашага боку, так і з маскоўскага. Таму не дзіва, што там перыядычна нешта знаходзілася.

Ёсць інфармацыя, што з дзясятак шлемаў і іншых прадметаў узбраення ўжо канчаткова сплылі за мяжу. У нас няма дакладнай інфармацыі, усё на ўзроўні чутак, але гэта не беспадстаўныя чуткі. Штосьці магло асесці і ў Беларусі ў калекцыянераў, а штосьці апынуцца ў любым іншым месцы свету.

— Знойдзены ў Беларусі меч давялося набываць на міжнародным аўкцыёне…

— Так, скрадзены меч мог быць прададзены ў ЗША. На брытанскім аўкцыёне мы супернічалі з чалавекам з Амерыкі, які таксама хацеў яго набыць. Але перамаглі мы. Цяпер гэты меч знаходзіцца ў музеі гісторыі горада Магілёва.

«Распавядалі, які я файны, а потым прасілі пазычыць грошы»

— Як ты збіраў грошы на набыццё?

— Проста пазычыў у знаёмага чалавека, якому не абыякавая беларуская гісторыя. Пазычаў я пад сваю адказнасць. Склалася так, што пазней гарадскі бюджэт вылучыў сродкі на набыццё мяча, спонсарскую дапамогу аказала яшчэ адно прыватнае прадпрыемства горада. Але нават гэтых грошай трошкі не хапіла. 840 еўра я застаўся вінны, але мой крэдытор прабачыў мне іх.

— Дык у цябе багатыя сябры.

— Гэта не значыць, што я магу пазычыць такія грошы на ўласныя патрэбы. І не значыць, што я сам багаты. Калі я штосьці набываю або ўдзельнічаю ў набыцці нейкага экспаната за дзясяткі тысяч даляраў, гэта не азначае, што я хоць штосьці з гэтага атрымліваю. Бо за дзесяць год — можа быць, гэта была мая памылка, а можа быць, і добра, што чыстае сумленне, — я фактычна нічога на гэтым не зарабіў, але зрабіў штосьці для гісторыі і для краіны.

Такое было, што пасля набыцця Статута ВКЛ 1588 года мне тэлефанавалі знаёмыя і малазнаёмыя людзі, распавядалі, які я файны, а потым прасілі пазычыць грошы. А калі я казаў, што нічога не атрымаў, яны вельмі здзіўляліся і хутка знікалі. Мала хто разумее, што мне самому прыходзілася ўкладаць сродкі ў вяртанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, ужо не кажучы пра час.

— Колькі каштаваў меч рыцара?

— Разам з усімі выдаткамі: транспартам, дастаўкай, экспертызай — ён каштаваў недзе 7500 даляраў.

— Ты пазычаў усю суму пад сваю адказнасць?

— Так, 5840 еўра я пазычыў пад сваю адказнасць. Пасля 5000 мне вярнулі з гарадскога бюджэту. А 840 еўра, так склалася, мой крэдытор Павел Бераговіч у найлепшых традыцыях мецэнацтва і дабрадзейства мне прабачыў. Гэта адзін з тых нямногіх людзей, які працягвае традыцыі мецэнацтва і шляхецтва. Знаёмства з гэтым чалавекам шмат у чым на мяне паўплывала. Яшчэ 1000 даляраў пазычыў дзейны супрацоўнік музея гісторыі горада Магілёва Генадзь Галоўчык.

— Добра, што ў музейнага супрацоўніка знайшлася 1000 даляраў.

— Гэта не проста музейны супрацоўнік, гэта гадзіннікавы майстар, чалавек трошкі іншай фармацыі. Ён інжынер, вядомы майстар, які рамантуе вежавыя гадзіннікі па ўсёй Беларусі. Напрыклад, ён вырабіў гадзіннік для магілёўскай ратушы. Унікальная рэч і ўнікальны чалавек.

Кніжныя рарытэты з Музея гісторыі Магілёва

Кніжныя рарытэты з Музея гісторыі Магілёва

— Калі б гарадскі бюджэт не вярнуў гэтыя грошы, атрымліваецца, на табе была б такая пазыка? Ты разглядаў такі варыянт?

— Так, давялося б звяртацца да грамадскасці і дзесьці шукаць гэтыя грошы. Я разумею рызыку. Добра, што ўсё прайшло добра. У сілу грамады я веру. Але, як паказвае практыка, не ўсе праекты для яе цікавыя. Не ўсе з іх збіраюць фінансаванне. Ад чаго гэта залежыць? Натуральна, ад самога праекта, як ён пойдзе — у маім выпадку, ад артэфакта. Ці выклікае ён тугу ў сэрцы, жаль аб гісторыі, аб радзіме ці не.

За дзесяць год рознае здаралася. За тры тыдні сабралі 45 000 даляраў на Статут. Але паўгода збіралі 1000 ці 2000 на нешта іншае. Ёсць шмат багатых людзей у Беларусі, але не кожны з іх цікавіцца гісторыяй і гатовы ахвяраваць сродкі на такія праекты. Для гэтага трэба быць чалавекам з вялікай літары.

«Мару сабраць кавалкі мантыі караля Панятоўскага»

— Ці ёсць такія рэчы, аб якіх ты шкадуеш, што не здолеў вярнуць іх Беларусі?

— З таго, што вельмі хацелася адшукаць, але не атрымалася, — бронзавая шведская гармата — пра час і паходжанне сведчыць герб на задняй частцы і дата «1543». Гэта адна з першых і, напэўна, самая ранняя датаваная гармата, якая магла быць знойдзена на тэрыторыі Беларусі. Я хацеў набыць яе для аднаго з беларускіх замкаў. Аднак перад тым, як заключыць здзелку, калі я ўжо прыехаў, аказалася, што яе скралі. Атрымалася так, што прадавалася яна адным чалавекам, захоўвалася ў другога, а знайшоў яе ўвогуле трэці. І той, у каго ў гаражы яна знаходзілася, вырашыў яе перапрадаць — спадзяюся, што не здаў на бронзу.

— Над якімі знаходкамі цяпер працуеш?

— Атрымалася неяк вельмі дзіўным чынам даведацца пра парэшткі апошняга караля Рэчы Паспалітай, нашага земляка з-пад Берасця Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пачатак зімы 2018 года быў вельмі цёплым. Капаючыся ў сябе на гародзе, я знайшоў медны грош Панятоўскага. І вырашыў пацікавіцца, што прапануюць на адным з беларускіх аўкцыёнаў на тэму Панятоўскага. Я быў вельмі здзіўлены, калі сярод розных манет, выкапаных з зямлі, убачыў яшчэ і рэшткі адзення, у якіх быў пахаваны кароль. Аказваецца, да таго як былі праведзены афіцыйныя раскопкі ў Воўчыцкай крыпце, яна сама і пахаванне былі разрабаваныя — можна з упэўненасцю сказаць, што некаторымі мясцовымі жыхарамі. Ужо ў пазнейшы час па просьбе польскага прэзідэнта і з дазволу кіраўніцтва Савецкага Саюза парэшткі былі перададзены польскаму боку. Але ў нас таксама нешта засталося. Я ведаю, што на руках у людзей ёсць кавалачкі тканіны з вышытымі гербамі Панятоўскага, якія былі часткамі каралеўскай мантыі. Хацелася б сабраць усе гэтыя фрагменты разам і перадаць у музей.

Ёсць яшчэ адна справа, якую варта скончыць, — памятная дошка паэту, дыпламату і містыку Оскару Мілашу, макет якой мы ў суаўтарстве з Уладзімірам Піпіным зрабілі.

Срэбны галун з адзення Панятоўскага

Срэбны галун з адзення Панятоўскага

«Манетныя скарбы і ўзнагароды Булак-Балаховіча»

— Шмат людзей цікавіцца гісторыяй. Але бачна, што цябе яна насамрэч зачапіла. Распавядзі, з чаго ўсё пачалося?

— Аднойчы мне пашанцавала сустрэцца ў Бярэзінскім раёне, мясцінах маіх бабулі і дзядулі, з выкладчыкамі гістфака БДУ. Гэта былі светлай памяці Валянцін Рабцэвіч і Мікалай Плавінскі-старэйшы. Гэтыя людзі сапраўды прабудзілі ўва мне любоў да гісторыі, да яе захавання. Я вырас, памятаючы іх расповеды, як яны ратавалі пояс Вітаўта, як адшуквалі іншыя культурныя каштоўнасці Беларусі, у тым ліку манетныя скарбы, узнагароды Булак-Балаховіча.

Для мяне, трынаццацігадовага, гэта было вельмі захапляльна, вельмі незвычайна. Таму што большасць дарослых людзей, з якімі мне даводзілася сутыкацца, ніколі на сур’ёзныя тэмы не размаўлялі з дзецьмі. А тут я адчуў атмасферу даверу і прыязнасці. Для мяне было вельмі каштоўна, што выкладчыкі БДУ з навуковымі ступенямі так проста могуць знайсці агульную мову са звычайным хлопчыкам з ускрайку Мінска.

— А што значыць сустрэў у лесе?

— Літаральна сустрэў у лесе. Вядома, да мяне даходзілі чуткі, што ў лесе ля вёскі Харчычы нешта капаюць. Я ўсё хацеў спраўдзіць, што гэта за археолагі і што яны шукаюць. Аднойчы сеў на ровар і паехаў у гэты самы лес. З таго часу жыццё пайшло не так, нешта пайшло не так (усміхаецца).

«Рэч можа набываць сотні і тысячы разоў у кошце»

— Якія самыя першыя знаходкі прыгадваюцца?

— Усё пачалося з маёй вольнай паездкі ў Магілёў, калі я пазнаёміўся з мясцовымі краязнаўцамі, маімі аднагодкамі, хлопчыкамі, якія займаліся нелегальнымі раскопкамі на беразе Дняпра — у Падміколлі і іншых старадаўніх раёнах. І гэтыя хлопчыкі знаходзілі там вельмі цікавыя рэчы. Фактычна яны проста лазілі па закінутых раёнах горада, па будоўлях. Яны выконвалі тую функцыю, якую павінны былі выконваць дзяржаўныя органы нагляду, афіцыйныя археолагі. Як я цяпер разумею, усё гэта павінна было адбывацца ў межах археалагічнага нагляду на будаўнічых пляцоўках. Знаходзілася там вельмі шмат цікавых рэчаў.

Дагэтуль я не магу забыць гісторыю, якую мне тады распавялі, як адзін малы хлопец знайшоў залатую пячатку старой сінагогі, а старэйшы калекцыянер, які быў побач, проста яе адняў. Нават фота той пячаткі вельмі цяжка адшукаць цяпер.

Слуцкі пояс цяпер захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва

Слуцкі пояс цяпер захоўваецца ў Музеі гісторыі Магілёва

— Куды далей траплялі знойдзеныя рэчы?

— У горадзе ёсць сур’ёзныя калекцыянеры. Яны займаюцца скупкай знойдзеных рэчаў. Плюс ёсць інтэрнэт, ёсць розныя аўкцыёны, як у межах Беларусі, так і па-за ёй. Гэта залежыць ад таго, наколькі паспяховы той калекцыянер, які нешта знайшоў, ад яго прадуманасці. Наколькі выгадна ён змог гэта прадаць.

Натуральна, калі чалавек не ўяўляе, што менавіта знайшоў, калі ён бедны, недасведчаны ці яшчэ занадта малы, каб нешта разумець у гэтай справе, ён прадае сваю каштоўную рэч за бясцэнак. А пасля яна трапляе ў іншыя колы, дзе рэдка, але можа набываць сотні і тысячы разоў у кошце.

«Мы з’яўляемся артэфактавым прыдаткам больш развітых краін»

— Ты сказаў, што гэтыя хлопчыкі рабілі тое, што павінны былі рабіць археолагі. Але ці не з’яўляецца гэта сапраўдным рабаваннем?

— Так і ёсць. Фактычна гэта рабаванне. Сэнс у тым, што акрамя іх, маладых і часам не маладых краязнаўцаў, больш нікому гэта, здаецца, не патрэбна. Яны лічаць сябе паўнавартаснымі гаспадарамі знойдзеных рэчаў.

— Як ты ставішся да такой з’явы, як чорнае капальніцтва?

— Вядома, дрэнна. Гэтым займаецца цяпер абы-хто. Людзі без якой бы то ні было падрыхтоўкі, але з цвёрдым жаданнем знайсці скарб. Яны думаюць, што зямля забіта золатам і каштоўнымі металамі. Гісторыя ператвараецца ў бізнэс. Артэфакты, сляды мінуўшчыны становяцца карыснымі выкапнямі — вось і ўсё.

Пытанне нават не ў тым, што нехта багацее, займаючыся раскопкамі… Пакуль у Беларусі не будзе ўведзена такая ж сістэма, як у прагрэсіўных краінах кшталту Англіі, Ізраіля, дзе за незаконныя раскопкі, за працы на будоўлі, якія не былі спынены пасля таго, як знойдзены артэфакт, прызначаецца матэрыяльная адказнасць, прычым сумы не малыя.

Я думаю, што рана ці позна ў нас будзе ўведзена такая сістэма: калі хочаш займацца раскопкамі з металашукальнікамі, займайся, але атрымай рэгістрацыю на пошукавую прыладу, прайдзі атэстацыю, што можаш адрозніць цвік ад стралы. Вядома, улік знойдзеных артэфактаў — таксама надзвычай важна. Дастаткова проста звярнуцца да досведу суседзяў і зрабіць так, каб гэтыя законы ў нас працавалі. Бо цяпер мы з’яўляемся артэфактавым прыдаткам больш развітых краін. Ад нас часцей нешта вывозяць, чым завозяць.

«Кнігі забіралі ў апошнюю чаргу»

— Якія знаходкі для цябе самога найбольш каштоўныя?

— Гэта кніжныя скарбы. Так склалася, што кнігі вывозілі менш з гэтых зямель. Золата, упрыгожанні, карціны, іншыя прадметы мастацтва, мэблю… А вось кнігі забіралі ў апошнюю чаргу. Усё пачыналася з кніг. Для мяне кніга — гэта не проста пыльны кавалак паперы. Гэта сімвал ведаў, адукацыі, сімвал прагрэсу. Кнігі цікавяць тых, хто не страціў здольнасць думаць. А ў думаючых людзей ёсць будучыня.

Мне ўдалося вярнуць ці быць датычным да вяртання некаторых метрычных кніг, выданняў магілёўскай брацкай друкарні, кнігі Казіміра Семяновіча, некалькіх розных выданняў Статута Вялікага Княства Літоўскага, кнігі магілёўскага першадрукара Спірыдона Собаля і іншых. 

Кніга з бібліятэкі апошняга навагрудскага ваяводы Юзафа Несялоўскага

Кніга з бібліятэкі апошняга навагрудскага ваяводы Юзафа Несялоўскага

— Як ты іх знаходзіў?

— Адкрыцця тут ніякага няма. Яны захаваліся і ў нашай краіне, і за яе межамі, але ў Беларусі іх не так шмат. Фонды нашых музеяў даволі гаротныя, нешматлікія, слаба апрацаваныя. Дзесяць год таму, сёння і ў найбліжэйшы час такія артэфакты яшчэ будуць прадавацца — але іх няма ў музеях. А значыць, большасць людзей не магла іх пабачыць і не мае ўяўлення пра выдавецкую і кніжную культуры ў нашай краіне, а яны сведчаць, што не ўсе беларусы ў лапцях хадзілі і што так было не заўсёды.

Дарэчы, гэта асноўная задача маёй дзейнасці. Не проста прыдбаць нейкія артэфакты з мінуўшчыны, а паказаць, што мінулае ў нас таксама было даволі цікавым і развітым. Гэта быў узровень не толькі старадаўніх калаўротаў і сахі.

«Ніхто не сочыць, што адбываецца на гэтым рынку»

— Якія яшчэ артэфакты, акрамя кніжных, табе давялося вярнуць?

— Іх было даволі шмат, цяжка прыгадаць усе… Гэта некалькі гармат XVI стагоддзя. Ёсць верагоднасць, што адна з іх звязана з аблогай Полацка ў XVI стагоддзі, з войскамі Івана Жахлівага, якія захапілі Полацк. Яе адшукалі на беразе Дзвіны пасля таго, як апусціўся ўзровень вады. Да мяне дайшла пра тое інфармацыя. Я сеў на маршрутку, прыехаў у Полацк, забраў яе, правёў кансервацыю, перадаў музею Магілёва, якому ўдалося яе выкупіць. Музей разлічыўся цалкам, бо кошт быў невялікі, каля 500 даляраў.

— Каму пайшлі гэтыя грошы, таму, хто знайшоў гармату?

— Так, чалавек, які знайшоў артэфакт і перадаў яго мне, атрымаў гэтыя грошы. Па такой схеме мы заўсёды працуем. Натуральна, па законе чалавек, які адшукаў, мае права на частку, працэнт ад яго вартасці. Аднак гэта толькі на паперы напісана, што ён мае права на частку. Фактычна ніхто не сочыць, што адбываецца на гэтым рынку. Той чалавек, які нешта знайшоў, становіцца ўладальнікам. Ён спрабуе па рынкавым кошце, нават вышэйшым, прадаць музею. Гэта бізнэс.

— Аднак дакументальна нідзе не зацверджана, што гэта яго рэч. Ці не думаў ты пайсці іншым шляхам, заявіць, што знаходка ўжо належыць дзяржаве?

— Так, такія думкі ў мяне былі і спробы такія былі. Тая ж справа з мсціслаўскім рыцарам, я пісаў заяву з просьбай разабрацца ў сітуацыі. Бо відавочна, што рэч была знойдзена і вывезена за межы краіны, былі сведкі, якія давалі паказанні для пратакола. Наша міліцыя спрабавала правесці праверку, аднак завяршыць гэту справу не дала рады. Гэта ж не мяшок бульбы! Падумаеш, меч прадалі 500-гадовы за 7500 даляраў. У нас прывыклі спасылацца на тое, што дрэнна прапрацаваны закон. А калі б крымінальную справу завялі, можна было б спадзявацца на вяртанне тых сродкаў. Заходнія аўкцыёны, здаецца, застрахаваныя на выпадак, калі праз іх гандлююць скрадзенымі прадметамі мастацтва і даўніны.

Залатыя радзівілаўскія апосталы і Крыж Ефрасінні

— Андрэй, як ты думаеш, дзе знаходзіцца 12 залатых радзівілаўскіх апосталаў і Крыж Ефрасінні Полацкай?

— Наконт 12 апосталаў ідуць спрэчкі, ці былі яны альбо не, што сабой уяўлялі. Ці гэта былі статуі з чыстага золата, ці проста пазалочаныя. Гэта цьмяная гісторыя.

А вось Крыж сапраўды быў, гэта зафіксавана. Ён, безумоўна, у Расіі, на дзяржаўным спецзахоўванні, іншых месцаў быць не можа. Пра гэта ведаюць усе сур’ёзныя гісторыкі. Такія рэчы проста так не знікаюць. Тым больш што ён знаходзіўся зусім побач з тагачаснай «элітай», у адным будынку. Я кажу пра эвакуацыю партыйнага кіраўніцтва, абкама партыі, у 1941 годзе, на пачатку вайны. Абкам месціўся ў дарэвалюцыйным будынку магілёўскага пазямельнага банку, сёння вядомым кожнаму беларусу, бо ён размешчаны на купюры 200 рублёў. У старым сховішчы банка за вялізнымі дзвярыма, якія захаваліся да нашага часу, было сабрана некалькі тысяч гістарычных і культурных прадметаў.

Сярод іх, прашу заўважыць, быў не толькі Крыж Ефрасінні Полацкай, але і знакамітае Слуцкае Евангелле — адзіны вядомы прадмет з той калекцыі, які на сёння ўсплыў. Кніга дзіўным чынам знайшлася дзесьці «на гарышчы».

Адназначна Крыж Лазара Богшы і іншыя каштоўнасці з таго спецзахоўвання цяпер у Расіі. Нас трымаюць за дурняў, хаваючы праўду. Гэта агульная з’ява. Сёння часта кажуць, што вось немцы вывозілі… Але Германія гатова, калі ёсць сур’ёзныя працы, даследаванні, калі нешта знаходзіцца, вяртаць такія рэчы — і нам, і ў іншыя краіны свету — і робіць гэта. А Расія акурат шмат вывезла з нашых земляў і з іншых тэрыторый.

Існавалі адмысловыя камісіі ў савецкія часы, якія мэтанакіравана шукалі вельмі значныя для паднявольных нацый прадметы, якія маглі б стаць сімвалам барацьбы за незалежнасць і самі па сабе былі цікавымі прадметамі. Таму для мяне гэта адназначны адказ на пытанне, дзе Крыж.

— Ці ёсць зачэпкі, як можна сёння яго адшукаць?

— Асабіста я не стаўлю за мэту яго вяртанне, гэта было б чыстае вар’яцтва. І ўвогуле хацелася б адысці ад спраў. За гэтыя дзесяць год прыйшлося пераасэнсаваць столькі помнікаў гісторыі і іх уздзеянне на наша грамадства.

Прыйшло разуменне, што ўсяго, натуральна, не вернеш. Але самі па сабе гэтыя прадметы нічога не вартыя. Вартае тое, як мы да іх ставімся. Вартае тое, ці памятаем мы альбо не. Сёння ў нас эпоха інфармацыі, усё прасцейшае, ужо не абавязкова валодаць такімі прадметамі, важна валодаць памяццю пра іх. Гэта мая такая мара, каб усё наша грамадства ведала, паважала і любіла гэтыя сімвалы.

Але яны, як кажуць, існуюць у нашых сэрцах і душах, і гэта самае галоўнае. Гэта больш важна за тое, дзе яны знаходзяцца фізічна.

«Банкі часта набываюць прадметы даўніны, каб дыверсіфікаваць свае зберажэнні»

— Чаму ты даволі рэгулярна кажаш пра тое, што хочаш адысці ад спраў?

— Усё вельмі проста. Я зразумеў, што ўсё, што я мог зрабіць на гэтай глебе, я, напэўна, ужо зрабіў. Гэтыя дзесяць год я працаваў не за грошы, а за ідэю. І ўжо пад канец мне стала цяжка знаходзіць у сабе сілы, каб гэтым займацца. Дарослае жыццё, яно не такое, як студэнцкае. Трэба думаць пра дзень наступны і пра сваю будучыню. Гэта толькі звонку ўсё так прыгожа: праходзяць прэзентацыі, сабрана буйная сума грошай, агулам каля 80 000 даляраў, усе гэтыя артэфакты ў музеях і бібліятэках. Але за гэтым стаіць і шмат тэхнічнай працы, і шматлікія паездкі, і перамовы, і пэўныя страты. Я зразумеў, што проста не магу гэтым займацца болей. 

— Цябе неяк запрашалі працаваць у Белгазпрамбанк і займацца ў прынцыпе тым самым — знаходзіць рэчы, папаўняць калекцыю. Аднак ты прынцыпова адмовіўся. Чаму?

— Ды не, адну кнігу мы набылі разам. Гэта выданне «Жазло кіравання» Сімяона Полацкага канца XVII стагоддзя. Цяпер яна ў калекцыі банка. Аднак далей супраца не склалася.

Я б агулам не надта давяраў банкам, бо не аднойчы сутыкаўся з інфармацыяй пра тое, што банкі набываюць прадметы даўніны, артэфакты ці творы мастацтва, але на першае месца ставяць не пэўную высокую мэту, а імкненне дыверсіфікаваць свае зберажэнні.

Вядома, прыемна, калі ў беларускую культуру, гісторыю ўкладаюцца такія сур’ёзныя ўстановы. Гэта значыць, што тэма даволі перспектыўная і запатрабаваная — прадметы беларускага мастацтва, беларускай гісторыі. Але мне трошкі цяжка пераводзіць усё гэта на бізнэс. Банкі рэдка што робяць бескарысліва. Яйкі яны захоўваюць у розных кошыках…

Хата ў Любчы і лазня для Віталя Артыста

— Ты будаваў сабе хату ў Любчы. У якім яна цяпер стане?

— Гэта ўсяго праект, які даў мне толькі досвед, страчаны час. Затое цяпер я разумею ў будаўніцтве, у выбары ўчастка. З першага курса я займаўся валанцёрствам у Любчы. Там на замку збіраліся вельмі цікавыя людзі з Беларусі, а часам не толькі з Беларусі. Было файна, але ў пэўны момант трэба было сыходзіць. Лірычны настрой захоўваўся яшчэ пэўны час. Але цяпер я прадаў гэты ўчастак.

— Што за гісторыя пра будаўніцтва табой лазні для Віталя Артыста, лідара гурта «Без білета?»

— Так, было і такое. Абставіны склаліся так, што ў музеях заставацца больш было немагчыма, з-за памеру заробкаў. Я пачаў шукаць іншую працу. Тады ў будаўнічай галіне на прадпрыемствах быў крызіс. Прыйшлося прыгадаць свой досвед будаўнічых прац на замку і ўласнымі рукамі зарабляць на жыццё. Яшчэ гэта былі цудоўныя гады сяброўства з Віталём Артыстам. Гэта іншы свет, але вельмі цікавы. Вёска Белая Царква — гэта не звычайная вёска, у ёй ёсць усё: гістарычная архітэктурная спадчына, старадаўні кляштар, звязаны з канцлерам Львом Сапегам і памяццю пра яго, ёсць спадчына савецкага часу, да якой я адношу адсутнасць карэннага мясцовага насельніцтва і адсутнасць інфраструктуры, а ёсць шмат новых, маладых і сучасных, жыхароў вёскі. Гэта хлопцы і дзяўчаты, спецыялісты, якія з’ехалі з гарадоў, каб жыць у вёсцы, на прыродзе, сярод пагоркаў і блакітных азёраў. Там нарадзілася ідэя фестывалю месца Sprava, я быў сведкам тых падзей. Незабыўны досвед жыцця і супрацы — можа быць, такі тып паселішчаў калісьці стане актуальным для ўсёй Беларусі.

«Мы рускія, бо так сказалі па тэлевізары»

— Распавядзі, хто ў цябе бацькі.

— Мае бацькі — самыя простыя людзі. Мама — настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Але любові да беларускай мовы я навучыўся ад іншых людзей, штосьці сам асэнсаваў. Мая маці больш па-руску размаўляе — пэўна, такая прафесійная дэфармацыя. Таму што ў свой час беларускую мову вельмі палітызавалі і ў той жа час надалі статус вясковай. Сёння сітуацыя змянілася, але патрэбен час і патрэбны захады, каб беларускую мову палюбіла большасць. Маці, як толькі скончыўся дэкрэт, прападала на працы, у школе. А пасля былі праверкі сшыткаў да позняй ночы, нейкія школьныя мерапрыемствы. Карацей, мяне гадавала тэлевізія, а ў 1990-х было мала беларускіх каналаў, былі ў асноўным рускія. 

І вось у шасцігадовым узросце я запытаўся, хто мы такія. Мама адказала, што мы беларусы, жывём у Мінску. Я пачаў казаць, што яна хлусіць, што мы рускія, бо так сказалі па тэлевізары, са мной літаральна здарылася істэрыка.

А потым пачалося знаёмства з беларускай культурай на практыцы, калі я прыязджаў у бабуліну вёску, калі я проста не разумеў мясцовых жыхароў, як яны размаўлялі. У маім дзяцінстве там жыла класічная і сакавітая беларуская мова. Мой бацька працаваў на заводзе электрыкам, ён даволі маўклівы чалавек. Такая напаўпралетарская, напаўінтэлігентная сям’я.

«Сённяшні я — яшчэ не рамантык»

— Ты неяк казаў, што заняткі пошукамі спадчыны перашкаджаюць асабістаму жыццю. Чым жа перашкаджаюць?

— Я занадта захапіўся валанцёрствам і забыўся на біблейную ісціну, што трэба клапаціцца і пра сябе. Думаю, што асноўны складнік Бібліі, які ляжыць на паверхні, — гэта любоў да блізкага, да брата, да мамы, да сям’і, да радзімы.

— Вера ў Бога штосьці для цябе значыць?

— Натуральна, я ведаю, што ўсё не дарма. Усё, што адбываецца і са мной, і ў навакольным свеце. Я не веру, што ўсё гэта з’явілася з пустога месца.

— Ты лічыш сябе рамантыкам?

— Ранейшы я — гэта, безумоўна, рамантык. Сённяшні я — яшчэ не рамантык. Мае колішнія самыя рамантычныя ўчынкі — гэта шматлікія падарожжы аўтаспынам, аднойчы я залез у акно да дзяўчыны (смяецца). З рамантыкай неяк не вельмі.

— Калі б табе далі мільён даляраў, што б ты з ім зрабіў?

— Я б стварыў навучальную ўстанову, невялікую школку, накшталт народных універсітэтаў у Нямеччыне. Гэта былі б веды, накіраваныя на тое, каб чалавек знайшоў сваё месца на свеце, знайшоў прафесію, адаптаваўся да ўмоў. Ёсць такое адчуванне, што ў нас людзі ўсе паасобку, замкнутыя ад іншых. Трэба з гэтым нешта рабіць, трэба аб’ядноўвацца, падтрымліваць адно аднаго.

— Ці ёсць у цябе адчуванне, што ўжо паспеў зрабіць у сваім жыцці штосьці вартае?

— Не, такога адчування няма. Я разумею, можа так скласціся, што вяртанне культурных і гістарычных артэфактаў — гэта тое, што ў мяне атрымалася лепш за ўсё. Гэта можа быць вянцом маіх спраў. Спадзяюся, натуральна, на адваротнае. А пакуль што гэтая слава недзе тлее вуглямі. Агонь дагарэў, засталіся вуглі, якія часам раздзімае вецер.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?