«Калі маё становішча ў «Барселоне» не зменіцца, пасля завяршэння сезону буду разглядаць іншыя варыянты»,
— паведаміў БелаПАН паўабаронца беларускай футбольнай зборнай Аляксандр Глеб.

27-гадовы гулец мінулым летам перайшоў у іспанскую «Барселону» з англійскага «Арсеналу». Практычна ўвесь час ён праводзіць на лаўцы запасных, часам выходзіць на замену за некалькі хвілін да завяршэння матчу.

«Самае галоўнае — гэта давер трэнера, — зазначыў А.Глеб. — Ён сам мне тэлефанаваў, прапаноўваў перайсці ў «Барселону», а потым такое… Не разумею. Не адчуваю сябе слабейшым за астатніх. Чаму Гвард'ёла мне не давярае, спытайце ў яго. У маёй кар'еры такое ўпершыню».

Паводле слоў гульца, да канца сезона ён не будзе разглядаць ніякіх прапаноў.

«Калі ўсё застанецца па-ранейшаму, будзем размаўляць з трэнерам. Кар'ера футбаліста кароткая, і не хочацца праводзіць яе на лаўцы запасных.
Дзякуй блізкім і сябрам, якія мяне падтрымліваюць», — сказаў А.Глеб.

Футбаліст зазначыў, што ў бытавым плане не адчувае ніякіх праблем, «аднак хочацца гуляць, а не толькі атрымліваць зарплату». «Недахоп гульнявой практыкі хвалюе і мяне, і галоўнага трэнера зборнай Бернда Штанге», — сказаў А.Глеб.

24 сакавіка лідэр зборнай разам з іншымі гульцамі нацыянальнай каманды сустрэўся з пацыентамі Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтру для дзяцей-інвалідаў.

У футбаліста запыталі, не ці шкадуе ён аб пераходзе з «Арсеналу» ў «Барселону». «Сам думаю, навошта перайшоў. Цяпер ідзе цяжкі этап адаптацыі. Буду прыкладаць усе намаганні, каб пачаць гуляць у асноўным складзе», — заявіў футбаліст.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0