tvn24.pl

tvn24.pl

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі абвясціў пра чарговыя абмежаванні ў сувязі з пандэміяй каранавіруса, паведамляе «Белсат».

«Мы бачым, што гэта патрэбна і неабходна, каб засцерагчыся ад сітуацыі, калі каранавірус будзе распаўсюджвацца, як у Італіі ды Іспаніі», — падкрэсліў прэм’ер-міністр падчас прэс-канферэнцыі.

Улады Польшчы ўводзяць абмежаванні на перамяшчэнні. З дому можна выходзіць у краму па прадукты, каб адведаць блізкіх сваякоў, у аптэку, да доктара ды выводзіць на шпацыр сабакаў. Таксама асобы, што маюць працу, якую немагчыма выконваць дыстанцыйна, будуць мець права выходзіць на вуліцу, каб дабрацца да месца працы і вярнуцца дамоў. Пад забарону перамяшчэнняў не падпадаюць валанцёры, што дапамагаюць у барацьбе з эпідэміяй.

Прэм’ер-міністр таксама паведаміў пра забарону выходзіць на вуліцу у групах, большых за дзве асобы (за выключэннем сем’яў).

Таксама ў транспарт трэба сядаць, калі занята не болей за палову пасадачных месцаў.

Кантраляваць захаванне правілаў будзе паліцыя, штраф за парушэнне — да 5 тыс. злотых (каля 1,5 тыс. еўра). Новыя правілы ўступаюць у сілу ад 25 сакавіка і будуць дзейнічаць да 11 красавіка.

«Перад намі вельмі цяжкая фаза, бо новыя абмежаванні будуць моцна ўплываць на наша штодзённае жыццё. Усе справы, акрамя выхаду ў краму па прадукты, у аптэку па лекі ды выхад з сабакам на кароткі шпацыр, трэба адкласці», — дадаў Маравецкі.

На сёння ў Польшчы 9 асобаў памерлі ад наступстваў інфекцыі, у краіне зарэгістравалі 774 выпадкі заражэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0