У Францыі памерлі 240 чалавек за дзень, у Іспаніі — 514, у Італіі — 743.
Усяго ў свеце за 24 сакавіка ад новага віруса памёр 2381 чалавек.
Гэта першы дзень за перыяд пандэміі, калі дзённая лічба ахвяр перавысіла дзве тысячы. Рубеж 1000 быў пяройдзены 5 дзён таму. Рубеж 500 — 10 дзён таму.
19 сакавіка было зарэгістравана 1080 смерцяў, выкліканых наступствамі Covid-19. 14 сакавіка іх было 404.
Такім чынам, чалавецтва пакуль знаходзіцца ў такім моманце пандэміі, калі штодзённая лічба ахвяр падвойваецца кожныя 5 дзён.
Наступныя тыдні будуць вельмі напружаныя для сістэм аховы здароўя і жыццёвага забеспячэння краін, якія сталі эпіцэнтрамі заразы. Яны будуць таксама тыднямі выпрабавання для краін Трэцяга свету, куды зараза ўжо пранікла.
У Беларусі пакуль вядома толькі пра 81 заражэнне, наша краіна застаецца на перыферыі пандэміі. Тым не менш, Міністэрства аховы здароўя заклікала пажылых людзей і хранічна хворых заставацца дома, астатніх — захоўваць дыстанцыю паўтара метра і нормы гігіены. Усіх, хто вяртаецца з-за мяжы, просяць вытрымаць два тыдні ў самаізаляцыі.
Чытайце таксама: Тлумачым, чаму наступныя тыдні ў свеце працягнецца рост смерцяў ад каранавіруса





