Беспрэцэдэнтная кампанія пошукаў збеглага шчанюка была арганізаваная праз інтэрнэт.

Знікненне хатніх гадаванцаў — нярэдкая з’ява ў гарадах. Мы прызвычаіліся да адпаведных аб’яваў на слупах і дошках інфармацыі.

Мінская мастачка Ніка Сандрас, у якой згубіўся сабака, з дапамогай сяброў і незнаёмых людзей, што адгукнуліся на яе заклік у Сеціве, зладзіла беспрэцэдэнтную для сталіцы кампанію пошукаў шчанюка. Ніка падзялілася досведам, як шукаць сваіх гадаванцаў.

Эпапея са знікненнем, пошукамі і шчаслівым фіналам — шасцімесячнага эрдэльтэр’ера Іргуса такі адшукалі, падрабязна апісаная на блогу Нікі Сандрас.

20 сакавіка Іргус знік у раёне вуліцы Арлоўская. Мастачка пачала пошукі, падключыўшы сяброў і знаёмых. Найперш зрабіла макет абвесткі з выявай сабакі і кантактамі. Гэтую абвестку яна з сябрамі расклейвала не толькі на сваёй вуліцы, але і ў суседніх мікрараёнах.

Зварот да ЖЖ-супольнасці прынёс нечаканы эфект: аб'явы з інфармацыяй пра зніклага шчанюка пачалі з’яўляцца па ўсім горадзе — ад Вяснянкі да Серабранкі. Незнаёмыя людзі добраахвотна расклейвалі абвесткі, выходзілі на пошукі, некаторыя рабілі аб’езды вуліцаў на сваіх аўто.
Адусюль тэлефанавалі неабыякавыя, казалі, што бачылі падобнага сабаку ў сваім раёне. Адначасова Ніка патэлефанавала ва ўсе ветэрынарныя станцыі і клінікі, аб’ехала іх, размясціла паведамленне на тэлебачанне на 8 канал, пакінула інфармацыю на розных сайтах. З гарадскога прадпрыемства па часовым утрыманні жывёлаў «Фаўна гораду», што на Гурскага, патэлефанавалі і паведамілі, што ведаюць пра зніклага сабаку, паабяцалі паведаміць, калі ён у іх з’явіцца.
Не абышлося без прыгодаў. У часе пошукаў позна ўвечары Ніка адшукала ў раёне Камароўкі…ветэрана, які ляжаў у снезе. Стары параніў руку, не мог самастойна ўстаць. Яго адвезлі дамоў, па дарозе дзед паскардзіўся, што ніхто толкам не хацеў яму дапамагчы дабрацца дахаты.

Пошукі, да якіх далучыліся дзесяткі чалавек, працягваліся да 24 сакавіка. За гэты час Ніка атрымала паведамленні, што яе Іргуса бачылі на Захарава, Багдановіча і нават у Шабанах. А знайшла яго адна ЖЖ-карыстальніца, якая прачытала паведамленне пра тое, што збеглага шчанюка бачылі на яе вуліцы. Выйшла пашукаць і ўбачыла яго ў сябе пад дзвярыма. Было гэта на вуліцы Баграціёна.

«Найбольшы эфект, безумоўна, даюць абвесткі» — дзеліцца вопытам Ніка Сандрас.
За апошнія дні яна сустракалася з іншымі гаспадарамі хатніх жывёлаў, якія мелі падобны досвед. Пры гэтым мастачка дадае, што ў нас пакуль не распрацаваная сістэма дзеянняў у такіх выпадках. «Я гатовая заплаціць камунальным службам, каб яны ў дазволеных месцах расклеілі мае абвесткі, але такога, на жаль няма» — кажа яна. Сёння ёй патэлефанавалі з адміністрацыі Заводскага раёну і загадалі прыбраць усе аб’явы, а таксама прыгразілі штрафам.

«Усё адно, калі ў вас знік ваш гадаванец — расклейвайце абвесткі, бо гэта найлепш спрацоўвае» — раіць Н. Сандрас. Таксама трэба размясціць абвесткі ў Сеціве на сайтах, дзе размяшчаюцца аб’явы, на тэлебачанні і радыё (8 канал прымае абвесткі на бягучы радок па тэлефоне 166). І, натуральна, патэлефанаваць у ветэрынарныя ўстановы і на Гурскага (+375 29 611 10 52, +375 29 917 62 00).

Ніка Сандрас выказала падзяку ўсім неабыякавым людзям, якія прынялі ўдзел у пошуках. У блогу яна піша, што

«ЖЖ , гэта ўсё ж ня простае зжыранне трафіку. Гэта вялізная колькасць людзей, гатовых дапамагчы адзін аднаму».
У ЖЖ яна стварыла адмысловую суполку «Страты — знаходкі».

Такую абвестку пабачылі тысячы мінчукоў.

Такую абвестку пабачылі тысячы мінчукоў.

Ніка Сандрас з Іргусам.

Ніка Сандрас з Іргусам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?