Агнешка Рамашэўская была адноўлена на пасадзе дырэктара тэлеканала «Белсат» паводле запыту міністра замежных спраў Польшяы Радаслава Сікорскага.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую распаўсюдзіў прэзідэнт праўлення тэлеканала TVP Пётр Фафал, паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар «Белсата» Сяргей Пеляса.

«Міністр замежных спраў звярнуўся да мяне з просьбаю яшчэ раз разгледзець справу аб звальненні Агнешкі Рамашэўскай з пасады дырэктара «Белсат TV». У сувязі з тым, што МЗС з`яўляецца найважнейшым донарам тэлеканала «Белсат», я, як прэзідэнт Польскага грамадскага тэлебачання, прыняў рашэнне вярнуць спадарыню Агнешку Рамашэўскую на пасаду дырэктара тэлеканала «Белсат», — гаворыцца ў паведамленні П.Фарфала.

Як зазначыў прэзідэнт праўлення тэлеканала, ён шмат разоў падкрэсліваў, што «ніколі не умешваўся ў палітыку дзяржавы, а «Белсат TV» ёсць перад усім урадавы праект». «Кошты функцыянавання «Белсат TV» будзе несці Міністэрства замежных спраў і няўрадавыя арганізацыі», — канстатуе П.Фарфал.

Нагадаем, Рамашэўская была знятая з пасады дырэктара «Белсата» 17 сакавіка за «ігнараванне рашэнняў нагляднага савета». У дакуменце аб звальненні, у прыватнасці, гаварылася, што яна публічна крытыкавала рашэнні савета, у тым ліку на сустрэчах камісій польскага сейма, і выказвалася на старонках прэсы без адпаведнага ўзгаднення, якога патрабуе закон ад 2006 года.

Каментуючы сваё звальненне, Рамашэўская выказала меркаванне, што ў «гэтым замешаны такія палітычныя сілы, якія вельмі не хочуць нашкодзіць Лукашэнку, не хочуць ісці супраць яго». Яна таксама не выключыла магчымасці вяртання на пасаду кіраўніка тэлеканала. «Гэта мой праект. Я — заснавальнік гэтага канала. І я разлічваю вярнуцца на канал. Мая місія там яшчэ не скончаная», — заявіла Рамашэўская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?