Зігмунд Фройд з дачкой Аннай, 1928 г.

Зігмунд Фройд з дачкой Аннай, 1928 г.

1.Каго (не) хочуць жанчыны

З нейкай невядомай прычыны нават пасля бліскучай кар’еры і набыцця магутнай рэпутацыі, шмат гадоў пасля адыходу ў іншы свет, Зігмунду Фройду ўсё ніяк не дадуць спакойна адпачыць на лаўрах.

Чалавецтва, пэўна, заўсёды мае патрэба ў бацькоўскай асобе, у празорцы, які павінны растлумачыць, хто мы такія і на якіх прынцыпах насамрэч усталяваны свет. Зігмунд Фройд якраз той, хто ў свой час абнадзейваў чалавецтва, што здолее дэталёва растлумачыць светабудову, ці прынамсі дакапацца да сутнасці чалавечага грамадства. Але цяпер для многіх Фройд зрабіўся бацькам, які расчараваў, правадыром, які быў не ў стане прадбачыць і даць тлумачэнні шмат якім з’явам, якія адбыліся пасля яго смерці.

Першымі супраць бацькі псіхааналізу паўсталі жаночыя актывісткі. У апошнія гады адносіны паміж жаночым рухам і псіхааналізам можна звесці да азначэння «любоў-нянавісць»: з аднаго боку абагаўленне геніяльнасці Фройда, калі ён дапускае своеасаблівую канфрантацыю між поламі, з іншага — абсалютнае непрыманне шавіністычнай пазіцыі Фройда датычна жанчыны. Фройд жа цвердзіў, што абодва полы надаюць вялікую значнасць наяўнасці пенісу. Простымі словамі, Фройд казаў, што жанчыны, праз адсутнасць аднаго важнага органа, — гэта асобы, абдзеленыя ўжо змалку. Малая дзяўчынка, якая высвятляе, што ў яе няма чэлеса, у пэўным сэнсе, кажа Фройд, робіцца вылегчанай і на ўсё жыццё ў яе падсвядомасці пануе зайздрасць да мужчынаў. «А падобныя цверджанні з’яўляюцца недарэчнымі праявамі мужчынскага шавінізму», — абураюцца змагаркі і змагары за роўнасць полаў.

Дзеля справядлівасці трэба дадаць, што тут за Фройда ўступаюцца сацыёлагі: «Можа быць, той факт, што пацыентка на прыёмах у псіхааналітыка выказваюць сваю зайздрасць да пеніса, адно сведчыць пра тое, што да жанчыны прыйшло усведамленне, што ў сучасным грамадстве і сямейным жыцці мужчыны маюць значна больш правоў і магчымасцяў. І жанчына такім парадкам проста выказвае зайздрасць да сацыяльнага становішча мужчыны».

Тэорыю Фройда карэктуюць таксама яго паслядоўнікі, сучасныя псіхааналітыкі. Фройд, які казаў, што дзяўчынкі зайздросцяць хлопцам, не ўзяў у рахубу, што хлопчыкі ў сваю чаргу зайздросцяць жанчынам. Сучасныя псіхааналітыкі кажуць, што ў іх практыцы існуе такі феномен: калі хлопчыкі бачаць, што ў старэйшых сёстраў ці кузін увачавідкі расце жывот, дык яны, не маючы рэальных доказаў сваёй мужчынскасці, падсвядома думаюць, што іх роля ў «рабленні» дзетак і ў сэксуальным жыцці наагул менш заўважная ці нават другасная. Такім чынам, іх мужчынскі гонар зазнае прыніжэнне. Гэта і нараджае зайздрасць да жанчыны. Таму, высноўваюць сучасныя псіхааналітыкі, само дзяленне на мужчын і жанчын так ці інакш нараджае ўва ўсіх людзей (а не толькі ў жанчынаў як сцвярджаў Фройд), пачуццё шкадавання пра тое, чаго ў іх няма, і кожны чалавек можа зведаць зайздрасць да процілеглага пола. Дзяўчаты шкадуюць, што яны не хлопцы, хлопцы, што не дзяўчаты. «Падсвядома, канечне», — дадаюць псіхааналітыкі.

Выплюхваючы злосць на Фройда за тое, што ён апісваў жанчын як ніжэйшых, мы не ўспамінаем на культурны кантэкст, у якім жыў бацька псіхааналізу, які сталеў яшчэ пры канцы ХІХ стагоддзя, дзе квітнела мадэрнізацыя, але роўнасцю полаў і не пахла. Не будзем забываць яшчэ: сама вялікая нестыкоўка паміж тэорыяй і практыкай у Фройда палягала ў тым, што сам бацька тэорыі сэксуальнасці спыніў заняткі сэксам даволі рана, прыблізна ў саракагадовым узросце. Прычына: пасля шасці родаў лекары, баючыся за здароўе Марты, жонкі Зігмунда Фройда, забаранілі ёй мець яшчэ дзетак. Цяжарнасць магла азначаць для яе смерць, а ў той час сама пашыраным процізачаткавымі сродкамі было поўнае адмаўленне ад сэксуальных кантактаў. Дый сам Фройд разумеў абмежаванасць мужчынскай перспектывы і вузкасць сваіх навуковых гарызонтаў. У канцы свайго артыкула пра жаноцкасць Зігмунд Фройд напіша паўжартам: «Гэта ўсё, што я мог сказаць пра жанчынаў. І так я бачу іх са свайго гледзішча. Але калі вы сапраўды жадаеце даведацца, што такое жанчына, звярніцеся да паэтаў». А ў кожным жарце, як вядома, маем дзельку праўды.

2. Сэкс — усяму галава?

Нам, сучасным, само сабой зразумела, што тэма сэксу моцна займае думкі чалавека, але гэта не значыць, што людзі ведалі пра гэты факт заўсёды. На пачатку ХХ стагоддзя сэксуальнасць хавалася за кулісамі, любошчы з’яўляліся забароненай тэмай, якую лепей замаўчаць. Пакуль аднаго дня не з’явіўся Фройд і не падкінуў бомбу: «Шаноўныя! Сэксуальнае памкненне не толькі падсцёбваюць вас на чын, яно да таго ж абумоўлівае пераважную большасць нашых звычайных, наўпрост не звязаных з сэксам, дзеянняў». Нават чытанне артыкулу ў інтэрнэце паводле Фройда — сублімацыя, або перанос сэксуальнай энергіі, у іншыя сферы жыцця.

Цверджанне Фройда пра заўважную прысутнасць сэксу ў людскім жыцці — выдатны ўнёсак у навуку, але той уклад увадначассе стаўся крыніцай для лютай крытыкі на адрас псіхааналітыка. У апошнія дзесяцігоддзі запанавала думка, што Фройд надта ўжо засяроджваецца на сэксуальнасці. Сёння мы бачым, што чалавечая псіхіка сапраўды прывязаная да памкненняў, сэксуальных імпульсаў, але ж трэба заўважыць, што яна прывязаная да шмат якіх іншых рэчаў, якія не злучаюцца з любошчамі, сярод іх: патрэба развівацца (у прастамоўі —»жаданне рухацца далей»), патрэба ў знаходжанні і пабудове сэнсу, жаданне зразумець ўласную разнапланавасць і шматграннасць, каб звесці іх ва ўнутраную цэласнасць.

Паводле Фройда (і з ім цяжка не пагадзіцца) любошчы — тэма, якая надта турбуе людзей, падахвочвае іх на ўчынкі і ўплывае на лёс. У дадатак Фройд адзін з першых псіхолагаў, хто пачаў казаць лёсавызначальнасць адносінаў з блізкімі: адносіны бацькоў з дзецьмі, мужа з жонкай. А ў яго ж часы панавалі ідэі Паўлава і Скінэра, якія ўпадабнялі людзей да спрошчаных жывуноў, якія адно станоўча ці адмоўна рэагуюць на вонкавыя раздражненні. Сёння псіхалогія хіба пашырыла ўяўленні Фройда: унутраны свет і душэўны спакой чалавека вызначаецца не толькі сямейнымі адносінамі: да іх дадаліся сяброўства і стасункі на працы.

Большасць тэорыяў Фройда складана назваць навуковымі, паколькі іх цяжка, амаль немагчыма, не толькі пацвердзіць, але і абвергнуць. Хлопчык, якога вабяць і не падабаюцца дзяўчаткі, не дазваляе цвердзіць, што ў яго гомасэксуальныя схільнасці, а жанчына, якія скардзяцца псіхааналітыку на адсутнасць пеніса, яшчэ не сведчыць пра ўсеагульную зайздрасць Евіных дачок да Адамавых сыноў.

Нягледзячы на тое, што псіхааналіз паходзіць з медычнай галіны, яго не варта мераць меркамі антыбіётыкаў, або імгненна карыснай аперацыі для псіхікі, трэба разумець яго ў больш шырокім сэнсе, як поле для творчых ідэяў у справе лекавання, як паступовую, шматузроўневую псіхатэрапію, як пра тэорыю, дзе ёсць і акрэсленная пазіцыя, і ўласны свет паняццяў. Ня важна наколькі Фройд меў рацыю: кожны раз што мы ўваходзім у браму цудоўнага каралеўства, якое завецца людская псіхіка, дык дух вялікага аўстрыйца па-ранейшаму лунае там, каб завабіць нас у дзікае, і, можа, трохі вусцішнае, але разам з тым захапляльнае і што не менш важна, павучальнае, падарожжа ўглыб саміх сябе.

Талі Равэ, з іўрыту, скарачаючы, пераклаў Павал Касцюкевіч, паводле ynet.co.il

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0