Замежны студэнт, які праходзіць навучанне ў Мінску, выкраў у свайго знаёмага земляка больш за 74 тысячы даляраў, піша «Мінск-Навіны».

31 снежня 2019 года ў міліцыю з заявай звярнуўся 20-гадовы замежны студэнт, які паведаміў, што ў яго выкралі буйную суму. Высветлілася, што напярэдадні ён папрасіў дапамагчы набыць кватэру ў Мінску ў 21-гадовага суайчынніка. Пацярпелы нядаўна прыехаў у беларускую сталіцу, а яго зямляк жыў у Мінску амаль два гады.

У банк для атрымання буйнога грашовага пераводу маладыя людзі адправіліся разам на машыне земляка. Пасажыр даверыўся і на зваротным шляху нават паклаў для захавання грошы ў бардачок. Адсвяткаваць атрыманне буйной сумы студэнты адправіліся ў рэстаран, а пасля ўладальнік аўто проста з'ехаў з грашыма. Каб адцягнуць знаёмага, ён папрасіў яго пакласці ежу ў багажнік, а сам націснуў на педаль газу. Пацярпелы не мог адразу звярнуцца ў міліцыю — яго зямляк папрасіў мабільны тэлефон, каб нібыта патэлефанаваць, і не вярнуў яго.

Тым не менш рабаўнік быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. У ходзе расследавання выяўлены і канфіскаваны ўсе выкрадзеныя грошы, большая частка якіх (70 тысяч даляраў) знойдзена ў тайніку ў лесапаласе. Астатнія былі ў аўтамабілі замежнага студэнта.

21-гадоваму маладому чалавеку выставілі абвінавачванне ў рабаванні, здзейсненым у асабліва буйным памеры (ч. 4 арт. 206), і махлярстве (ч. 1 арт. 209 КК). Абвінавачанага ўзялі пад варту, наклалі арышт на яго маёмасць агульным коштам больш за 30 тысяч рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0