Новаўвядзенне закране не ўсё войска, а толькі пэўныя вайсковыя часці. Іх пералік стане вядомы па сканчэнні эксперыменту. У агульнавайсковы паёк дададуць смятану і сыр.

Пра пераход беларускіх вайскоўцаў на «шведскі стол» паведаміў намеснік міністра абароны па тыле генерал-маёр Аляксандр Балігатаў. Цяпер на базе 50-й змяшанай авіяцыйнай базы праводзіцца адпаведны эксперымент, паведаміла інфармагенцтва «Інтэрфакс-Захад». Паводле намесніка міністра, салдаты атрымаюць магчымасць выбіраць адну з дзвюх першых страваў, адну з дзвюх другіх, кампот, малако, гарбату.

Варта адзначыць, што пэўныя элементы «шведскага стала», пра якія казаў генерал-маёр Балігатаў, ужо некалькі гадоў выкарыстоўваюцца ў некаторых часцях краіны. Прынамсі, аўтар гэтых радкоў сутыкаўся з такой практыкай пяць гадоў таму ў часе праходжання вайсковай тэрміновай службы ў радыётэхнічным палку ў Навагрудку: там вайскоўцы таксама мелі магчымасць выбару страваў.

Як патлумачыў кіраўнік прэс-службы Мінабароны Вячаслаў Раменчык, новаўвядзенне не абмяжоўваецца адно магчымасцю выбару страваў, трэба казаць таксама і пра распрацоўку новага тэхнічнага забеспячэння.
Па яго словах, для паляпшэння арганізацыі харчавання вайскоўцаў ствараюцца новыя лініі, якія дазволяць наблізіць вайсковыя сталоўкі да прынцыпаў «шведскага стала». Новаўвядзенне закране не ўсё войска: па сканчэнні эксперыменту будзе вызначаны пералік вайсковых часцей, дзе гэтыя прынцыпы будуць прымененыя. «Выбар той ці іншай часці залежыць ад задачаў, якія яна выконвае» — падкрэсліў кіраўнік прэс-службы. Ён нагадаў таксама, што да канца году ў войску будуць уведзеныя новыя палепшаныя агульнавайсковыя пайкі. Цяпер салдаты будуць ужываць яйкі і сок штодня, а не раз на тыдзень, таксама ў рацыён дадаткова ўвядуць сыр, смятану і часнок, у некаторых часцях — полівітаміны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?