Помста леснікам з’яўляецца адной з прычын лясных пажараў, паведаміў на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 25 сакавіка загадчык сектара па ахове, абароне лесу і надзвычайных сітуацыях Міністэрства лясной гаспадаркі Іван Мыслейка.

Паводле яго слоў,

наўмыснымі падпальшчыкамі лесу з’яўляюцца парушальнікі заканадаўства. У прыватнасці, злоўленыя браканьеры, якія такім чынам помсцяць леснікам.
«Прычым могуць падпаліць не толькі лес, але і дом лесніка», — зазначыў чыноўнік.

Першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Мікалай Крук зазначыў, што ў Расіі наўмысны падпал лесу часта выкліканы жаданнем атрымаць фінансавую выгаду. Зламыснікі спачатку падпальваюць лес, а потым дабіваюцца права правядзення на гэтай тэрыторыі работ па нарыхтоўцы драўніны, якая ўпала ў цане з‑за пажару.

На тэрыторыі Беларусі больш як 70% лясных насаджэнняў аднесены да найбольш высокіх класаў прыроднай пажарнай небяспекі. Пры гэтым прычынай большасці пажараў з’яўляецца чалавечы фактар. Летась у лясным фондзе краіны адбылося 673 лясныя пажары на агульнай плошчы 440,5 гектара. Урон, нанесены ляснымі пажарамі, уключаючы расходы на ліквідацыю іх наступстваў, склаў больш як 240 млн. рублёў. За парушэнне правілаў пажарнай бяспекі ў лясах службовымі асобамі дзяржаўнай лясной аховы было складзена 239 пратаколаў аб адміністрацыйнай адказнасці, парушальнікі аштрафаваны на агульную суму 9,6 млн. рублёў.

Андрэй Кажамякін, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0