25 сакавіка ў штрафным ізалятары аршанскай выпраўленчай калоніі №8 быў знойдзены павешаным 27-гадовы Дзмітрый Сёмчык.

«Наша Ніва» звязалася з яго маці. Жанчына распавяла, што яе сын атрымаў тэрмін у Расіі, куды паехаў на заробкі. Дзмітрыя затрымалі ў Сочы, асудзілі на 9 гадоў за распаўсюд наркотыкаў.

Чатыры гады Сёмчык адсядзеў у Расіі, а летась яго перавялі ў Беларусь. Змясцілі ў аршанскую калонію №8.

«Дзіма вельмі хацеў, каб яго перавялі ў Беларусь, хаця і казаў пасля, што ў Расіі яму сядзелася лягчэй, — кажа Ірына, маці загінулага.

— Але ж тут у яго я, брат, тут 5-гадовая дачка… Я два разы была на спатканні з сынам. Ён казаў, што ўсё нармальна, асабліва не скардзіўся. У лістах таксама нічога такога не паведамляў…»

Апошні ліст Дзмітрый напісаў 23 сакавіка. Ірына атрымала яго ў дзень смерці сына. Звычайны ліст, «усё было выдатна».

А 27 сакавіка жанчыне паведамілі, што яе сын павесіўся ў ШІЗА на ўласнай робе.

«Я пакуль не гатовая падрабязна гаварыць на гэтую тэму. Я хачу, каб у сітуацыі разабраліся, — кажа маці Дзмітрыя. — Чакаю адказ ад Следчага камітэта, пракуратуры, Дэпартамента выканання пакаранняў. Я звярнулася ва ўсе інстанцыі, усё ім патлумачыла.

Следчы камітэт Аршанскага раёна вядзе раследаванне, але я хачу, каб справу перадалі мінскім следчым. Бо баюся, што аршанскі СК будзе штосьці хаваць. Чаму я так думаю? Бо два дні хавалі, што Дзіма памёр, а пасля ў моргу нам не хацелі паказваць яго без грыму».

Ірына кажа, што ў моргу яна ўбачыла на целе сына сляды збіцця.

«У мяне ёсць усе фота. У яго зламаныя рукі былі, гематомы… І калі мне не павераць і будзе трэба, то я гатовая да эксгумацыі цела.

У калоніі мяне заверылі, што гэта быў суіцыд. Выканаўца абавязкаў начальніка калоніі, яшчэ не маючы ніякіх дакументаў, мне катэгарычна заявіў: сто працэнтаў, што ваш сын павесіўся сам,— згадвае жанчына. — Пра сляды збіцця адміністрацыя калоніі ўчора адказала па тэлефоне майму старэйшаму сыну: ніякіх пабояў не было».

Цяпер яна чакае, што адкажа Следчы камітэт і кіраўніцтва Дэпартамена выканання пакаранняў. Там жанчыне абяцалі разабрацца ў сітуацыі.

«Наша Ніва» таксама пагаварыла з былым асуджаным Дзянісам, які сядзеў з Сёмчыкам амаль 10 гадоў таму. Тады Дзмітрый адбываў пакаранне за хуліганства ў калоніі №2 у Бабруйску.

«Я Дзіму памятаю, харошы быў хлопец. Ён сядзеў за хуліганку, ці то год яму далі, ці то два. У яго канфліктаў ніколі не было, ні з адміністрацыяй, ні са зняволенымі. Так, у ШІЗА часам трапляў, але за маленькія касякі, кшталту нявыхаду ў сталовую. Ён не быў блатным, не «ламаў рэжым», — кажа Дзяніс.

— Цяпер я даведаўся, што ён загінуў у ШІЗА… Гэта вельмі дзіўна. На маю думку, здзейсніць суіцыд ён мог у адзіным выпадку, калі яго «апусцілі». Але ж Дзмітрый сядзеў у Расіі, дзе норавы ў калоніях больш суворыя, чым у нас, там сочаць за паняццямі. І ў Расіі праблем з блатнымі ў яго не было. Таму не думаю, што ён быў апушчаны.

Ведаю, што часам зэкі адмыслова «закрываюцца» на ШІЗА, бо весь «блаткамітэт» зоны там знаходзіцца. І «просты» зэк можа сам пастарацца, каб яго закрылі ў ШІЗА за нейкае дробнае парушэнне на пару дзён у выпадку, калі яму трэба вырашыць нейкія пытанні з кімсьці з блатных.

Таксама пісалі людзі, што ў Дзімы нібыта былі зламаныя рукі і пальцы. Ламаюць рукі на зоне за «крысятніцтва», калі чалавек штосьці крадзе. Але зноў жа — на Дзіму гэта было не падобна, не думаю, што ён пайшоў бы на крадзеж».

Пахавалі Дзмітрыя Сёмчыка 28 сакавіка.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?