tvn24.pl

tvn24.pl

Прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі абвясціў пра новыя абмежаванні ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса, якія накіраваны на прадухіленне распаўсюджвання патагена. Рашэнні былі прыняты ў ходзе пасяджэння ўрадавай групы па кіраванні крызіснымі сітуацыямі, піша «Радыё Польшча».

«Самае галоўнае абмежаванне — гэта захаванне дыстанцыі, сацыяльнае дыстанцыяванне ў эпідэміялагічным значэнні. Гэтыя меры накіраваны на стрымліванне распаўсюджвання патагена. Неабходна прытрымлівацца дыстанцыі ў два метры ад іншага чалавека за выключэннем тых выпадкаў, калі мама ці тата клапоцяцца пра дзіця падчас прагулкі або калі гаворка ідзе пра клопат пра чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. Давайце выконваць дыстанцыю, у тым ліку падчас прагулак па тратуары, калі камусьці ўсё ж такі даводзіцца пакідаць дом», — сказаў кіраўнік урада.

Маравецкі заявіў, што ўрад уводзіць абмежаванні на доступ да паркаў і месцаў адпачынку, будуць зачыненыя гарадскія станцыі пракату ровараў.

Ён растлумачыў, што абмежаванні закрануць таксама гандлёвыя пункты і рынкі. Кіраўнік урада паведаміў, што ў крамах у чарзе на касу змогуць адначасова знаходзіцца максімальна тры чалавекі, а ў паштовых аддзяленнях у чарзе да аднаго акенца адначасова змогуць стаяць два чалавекі.

«На рынках і кірмашах пад адкрытым небам, дзе польскія фермеры прадаюць сваю прадукцыю, таксама будзе ўведзена абмежаванне, згодна з якім максімальна тры чалавекі адначасова могуць стаяць у чарзе да аднаго прылаўка, адной палаткі», — сказаў Маравецкі.

Будуць зачыненыя ўсе салоны прыгажосці і цырульні, а таксама салоны татуіроўкі і пірсінгу. Па выхадных будуць зачыненыя ўсе будаўнічыя крамы. Пры гэтым прэм'ер запэўніў, што прадуктовыя крамы, аптэкі і крамы, якія прадаюць сродкі асабістай гігіены, застануцца адкрытымі, але з 10-й да 12-й гадзіны дня іх змогуць наведваць толькі асобы, старэйшыя за 65 гадоў.

Прэм'ер-міністр заявіў, што на ўсіх працоўных месцах павінны быць даступныя дэзынфікуючыя сродкі, што павінна прадухіліць распаўсюджванне каранавіруса. Працадаўца павінен забяспечыць сваіх супрацоўнікаў дэзынфікуючымі сродкамі з чацвярга, 2 красавіка.

Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла аб 77 новых выпадках заражэння каранавірусам. Усяго ў краіне інфікаваныя 2132 чалавекі, 31 з іх памёр. Больш за 106 тысяч чалавек знаходзяцца на каранціне, а колькасць людзей, адпраўленых на каранцін пасля вяртання ў Польшчу, складае больш за 163 тысячы. Больш за 52 тысячы чалавек знаходзяцца пад эпідэміялагічным назіраннем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0