Пнеўманій у Беларусі ў мінулым годзе было больш, чым сёлета, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Лічбы падчас брыфінгу агучыла намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
«Калі ў краіне ў цэлым за мінулы год за тры месяцы ў стацыянары пралячыліся 20 250 пацыентаў з пнеўманіяй, і прычынай смерці пацыентаў пнеўманія стала ў 153 выпадках, то за тры месяцы гэтага года 18 032 пацыента пралечаныя ў стацыянары, памерла 128 пацыентаў.
Па Віцебскай вобласці лічбы наступныя: у стацыянары пралечана за тры месяцы мінулага года 4 258 пацыентаў, памерлі 28. Сёлета за тры месяцы пралечаныя 3 608 пнеўманій, памерлі 23», — сказала намесніца міністра.
Такая ўвага да пнеўманій тлумачыцца тым, што каранавірус часта выклікае цяжкія запаленні лёгкіх.
У той жа час невялікая колькасць пнеўманій у студзені і лютым магла быць звязаная з мяккай зімой і адсутнасцю моцнай эпідэміі грыпу сёлета.