Студэнты застануцца на каранціне ў інтэрнаце прынамсі на 14 дзён. Ежу ім перадаюць сваякі. Заняткі будуць праходзіць праз skype і zoom, паведамляе Радыё Свабода.
Пра гэта Свабодзе паведамілі студэнты, якія цяпер знаходзяцца ў інтэрнаце №10 у студэнцкай вёсцы каля станцыі метро «Пятроўшчына». Гэтую інфармацыю таксама пацвярджаюць выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
«Раніцай у суботу (4 красавіка) нам паведамілі, што наш факультэт пераходзіць на дыстанцыйнае навучанне», — сказаў студэнт Ігар (імя зменена), заблакаваны ў інтэрнаце.
Па словах студэнта, ужо раніцай каля інтэрната з'явілася машына хуткай дапамогі.
Людзі ў поўным абмундзіраваньні грузілі чалавека ў капсуле. У нас пацверджаны выпадак каранавіруса», — сказаў Ігар.
Усіх суседзяў па блоку забралі як кантакты першага ўзроўню. Іншым студэнтам проста забаранілі выходзіць з інтэрната. Таксама як персаналу і адміністрацыі.
Выйсці з інтэрната цяпер немагчыма, нават у краму. Ежу студэнтам могуць перадаць сваякі і знаёмыя.
«Пакеты з ежай і запіскамі пакідаюць у тамбуры на першым паверсе, паміж дзвюма шэрагамі дзьвярэй», — сказаў Свабодзе Андрэй, яшчэ адзін студэнт з 10-га інтэрнату.
Паводле яго, з панядзелка 6 красавіка можна будзе замовіць гарачыя стравы, якія прыгатуюць у сталовай і перададуць у ланчбоксе. Салат, другое і гарнір будзе каштаваць 4 рублі. Аплаціць можна будзе пасля сканчэння каранціну.
Па гучнай сувязі пытаюцца, каму патрэбная медыцынская дапамога
Яшчэ раней у 10-м інтэрнаце былі блокі, дзе студэнты знаходзіліся ў самаізаляцыі. Туды зьмяшчалі кантакты 2-га ўзроўню, а таксама студэнтаў, які мелі вострыя рэспіраторныя захворванні.
«Гэта рабілася хутчэй для заспакаення іхных суседзяў па блоку», — кажа Андрэй.
На вахце быў лекар, які правяраў ізаляваных студэнтаў.
«Цяпер па гучнай сувязі абвясцілі: званіце на вахту ці загадчыцы, калі вам блага, прыйдзе лекар і вас праверыць», — кажа Андрэй.
Колькі дакладна студэнтаў знаходзяцца цяпер у інтэрнаце — невядома. Ён разлічаны амаль на тысячу чалавек, але частка студэнтаў выехалі на выходныя.
Таксама праз выяўлены выпадак каранавіруса зачынены інтэрнат БДМУ № 4. Гэта 5-павярховы будынак на вуліцы Лермантава.
Як будуць праходзіць заняткі
Ад 6 красавіка ўсе заняткі будуць праходзіць дыстанцыйна. Лекцыі ў медыцынскім універсітэце адмянілі раней. Частка выкладчыкаў ужо перайшла на дыстанцыйнае навучанне. Але на мінулым тыдні навучальныя карпусы ўніверсітэта былі адкрытыя і там праходзілі некаторыя заняткі.
«У панядзелак будуць заняткі праз skype і zoom. Некаторыя выкладчыкі просяць сфатаграфаваць аркуш з выкананым заданнем і даслаць фота ў viber», — распавёў адзін са студэнтаў.