Наталлі Літвяковай было 57 гадоў, яна працавала дэзынфектарам у Бешанковіцкай санітарна-эпідэміялагічнай службе. У чацвер, 2 красавіка, жанчыне стала кепска.

Наталля Літвякова працавала ў санстанцыі

«Паднялася тэмпература. Ёй зрабілі здымак — пнеўманія. Паклалі ў рэанімацыю», — распавялі «Нашай Ніве» сваякі.

Але ўжо 5 красавіка Літвякова памерла.

«Кажуць, што ў пасведчанні аб смерці стаіць проста «пнеўманія», — расказвае сваяк. — Але патолагаанатам казаў нам, што рабілі тэст на каранавірус. І ён быў станоўчы».

Муж памерлай таксама здаваў аналізы, вынікаў пакуль няма. Ён дома, на самаізаляцыі.

Сваякі кажуць, што хаваць Наталлю будуць у закрытай труне.

Як жанчына магла заразіцца, сваякі не ведаюць. Мяркуюць, што гэта магло быць звязана з працай.

Звязацца з кіраўніцтвам Бешанковіцкай санітарна-эпідэміялагічнай службы немагчыма.

Але адна з работніц паведаміла, што цяпер увесь персанал ізалявалі. Па яе словах, супрацоўнікі санэпідслужбы знаходзяцца на каранціне ў бальніцы, ім робяць тэсты на каранавірус.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?