Першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч і намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Мартыненка звязалі сваё жыццё вузамі шлюбу.

Цырымонія адбылася 27 сакавіка а 10‑й у Мінскім гарадскім доме шлюбаў на вуліцы Камуністычнай.

Гэтая падзея абодвума бакамі не афішавалася.

«Салідарнасць» дазналася пра яе ўсяго толькі за дзесяць хвілін да пачатку цырымоніі. Таму, прыехаўшы ў Дом шлюбаў у 10.20, наш карэспандэнт Аляксандра Мартыненка і Натальлю Пяткевіч ужо не заспеў.

— Спазніліся вы… Яны ўжо распісаліся і з’ехалі, — сказала супрацоўніца ЗАГСу.

Загадчыца Дому шлюбаў, у сваю чаргу, не стала адказваць ні на якія пытанні. А ў прыёмнай Мартыненка каментаваць асабістае жыццё начальніка адмовіліся. Аднак ягоны сакратар адзначыў, што Аляксандр Іванавіч знаходзіцца ў адпачынку да 30 сакавіка.

Адзначым, што Наталля Пяткевіч (Краўчанка) ужо была замужам. Яе былы муж Уладзіслаў Пяткевіч узначальвае «Нацыянальныя спартыўныя латарэі». Аб прыватнай біяграфіі жаніха вядома меней. Агульнавядома, што апошнія гады ён з’яўляецца намеснікам Аляксандра Зімоўскага. Беларусам ён знаёмы і візуальна, як вядоўца і аўтар ток‑шоў Першага каналу «Ответный ход».

Салідарнасць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0