На сайце «Газеты выборчай» артыкул пра Дзень Волі ў Менску сабраў больш за 130 каментароў.
Каментары самыя розныя. «Ізноў авантуры на польскія і амерыканскія грошы!» – каментуе адзін з наведнікаў сайту артыкул «Тысячы асобаў на мітынгу ў цэнтры Мінска».
Другі перасцерагае: «Не зычу беларусам такой траўмы, якую маюць цяпер украінцы па так званай «памаранчавай рэвалюцыі».
Трэці каментатар хваліць беларусаў за гасціннасць: «Беларускі народ вельмі гасцінны. Што мне з таго, што ёсць там рэжым і дысцыпліна, іх сістэма дастаткова стабільная, думаю, што лепш такая сістэма, чым сістэма тыпу польскай, дзе дзеецца канстытуцыйны балаган і столькі галодных людзей, найперш дзяцей. Ці бачыў хто ў Беларусі галоднае дзіця? Галоўнае, каб не было зладзейства і карупцыі, бо гэта губіць дзяржаву».
А ў кагосьці апазіцыйная актыўнасць у сталіцы суседняй дзяржавы выклікае зайздрасць: «Можа гэта па-ідыёцку, але зайздрошчу ім. Маюць, за што змагацца. Маюць пачуццё нацыянальнай ідэнтычнасці. А мы, пакаленне МТV, маем яшчэ якіясьці вартасці?»





