Пакуль школьныя канікулы працягнутыя яшчэ на тыдзень у сувязі з каранавірусам, сістэма адукацыі рыхтуецца да ўвядзення дыстанцыйнага навучання.

Ад імя камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама і Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі па школах быў разасланы ліст.

«У сувязі з магчымай адсутнасцю дастатковай колькасці навучэнцаў, адукацыйны працэс неабходна аператыўна арганізаваць з дапамогай інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, у прыватнасці, з выкарыстаннем сістэмы дыстанцыйнага навучання Moodle (do.minsk.edu.by)», — гаворыцца ў ім.

Педагогам прапануецца зарэгістравацца ў сістэме, правесці інструктаж для калег і гэтак далей.

«Звяртаем вашу ўвагу на тое, што гэта будзе адзіная дазволеная пляцоўка для арганізацыі элементаў дыстанцыйнага навучання ў горадзе Мінск», — падкрэсліваецца асобна.

Але праблема ў тым, што згаданы сайт — do.minsk.edu.by, проста злёг ад нечаканай нагрузкі. 

Ужо цягам двух сутак на ім назіраюцца перыядычныя збоі, правісанні, немагчымасць зарэгістравацца. 

З улікам таго, што ў Мінску вучыцца каля 200 тысяч школьнікаў, а праблемы пачаліся, калі на сайт пачала заходзіць толькі нейкая частка настаўнікаў, становіцца незразумелым, як чыноўнікі хочуць арганізаваць справу.

Прэс-сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая ў размове з карэспандэнтам «Нашай Нівы» адзначыла, што гэта не ініцыятыва міністэрства, а канкрэтна Мінгарвыканкама, які міністэрству не падпарадкоўваецца, таму яна не можа сказаць, як школьнікам працаваць з глючнай платформай. 

Мы адрасавалі гэтае пытанне наўпрост дырэктарцы Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяне Мароз. 

Таццяна Мароз, скрыншот YouTube

Таццяна Мароз, скрыншот YouTube

Таццяна Мароз: У нас ёсць адзіная платформа — Moodle, на якой мы працуем у дадатковай адукацыі дарослых. Настаўнікам было прапанавана распрацаваць уласныя курсы і размясціць іх на гэтай платформе. Больш ніякіх тлумачэнняў я даць не магу. Адносна правісанняў — на гэтую платформу загрузілася вельмі шмат людзей, якія не павінны былі загрузіцца. Таму што яна мае пэўны рэсурс.

«Наша Ніва»: Які рэсурс? Большы, чым колькасць школьнікаў і настаўнікаў у Мінску? 

Таццяна Мароз: Вы задаеце пытанні, якія вас, па сутнасці, не павінны хваляваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0