Ці адменяць у Мінску парад на 9 Мая. Чаму мы не будзем закупляць расійскія тэсты. І чаму міністр замежных спраў не носіць маскі. Кіраўнік МЗС Уладзімір Макей расказаў Tut.by пра рашэнні, якія прымаюцца афіцыйным Мінскам у сітуацыі пандэміі.

Пра адсутнасць каранціну і рэакцыю расійскіх СМІ, што крытыкуюць Беларусь

— Я думаю, што час пакажа, хто мае рацыю, а хто не мае рацыю. Для мяне гэта абсалютна непрымальна ў гэтай сітуацыі, хоць я не думаю, што гэта пазіцыя ўсіх расійскіх каналаў або ўсяго расійскага істэблішменту. Але лепш было б паглядзець, што робіцца ў сябе ў краіне. Там, у Расіі, часцяком таксама незразумела, што адбываецца: то ўводзіцца татальны каранцін, то аслабляецца, рэгіёны па-свойму трактуюць дзеянне рэжыму каранціну, прадпрыемствы то на каранціне, то не зачыняліся, як «Ростсельмаш», то адкрываюцца, як КамАЗ.

І потым, трэба паглядзець на рэальныя лічбы: у Ніжнім Тагіле, па афіцыйных даных, нуль выпадкаў заражэння COVID-19 (Афіцыйна першы заражаны ў Ніжнім Тагіле зарэгістраваны днём 10 красавіка, — Заўв. Tut.by), а да нас з Ніжняга Тагіла на будаўніцтва АЭС прыязджаюць 15 заражаных каранавірусам. Таму лепш бы кожнаму глядзець на тое, што адбываецца ў сябе пад носам, а не спрабаваць дадаць пэўнай атрутнай вадкасці для распальвання ў суседняе вогнішча.

Пра параўнанне сітуацыі ў Беларусі з Еўропай

— Сітуацыя ў нас нашмат адрозніваецца ў лепшы бок у параўнанні з шэрагам еўрапейскіх краін, нават калі браць у працэнтных суадносінах. І мы ідзём практычна па той самай траекторыі, як і суседнія краіны, і па колькасці інфіцыраваных у нас не такія вялікія лічбы.

Пра каранцін

— З майго пункту гледжання, мы дзейнічалі даволі разумна і слушна ў гэтай сітуацыі: уводзілі жорсткія каранцінныя і кантралюючыя меры на межах і ў аэрапорце, у выпадках выяўлення тых, хто захварэў, усіх ізалявалі і не дапускалі кантактаў са знешнім светам. Таму логіка росту крывой [захворвання] адпавядае навуковым графікам, якія распаўсюджвала ў сваіх брашурах СААЗ. Я не думаю, што мы тут неяк адрозніваемся ад сітуацыі ў іншых краінах. Сітуацыя ў Беларусі знаходзіцца пад кантролем, і я не думаю, што калі б быў уведзены татальны каранцін, то тут усё было б паважна і высакародна. […]

— Можна вельмі доўга спрачацца на гэтую тэму, ёсць прыхільнікі розных пунктаў гледжання. Але я, назіраючы, як развіваецца сітуацыя ў нас у краіне, не думаю, што ўвядзенне татальнага каранціну змагло б зберагчы нас ад росту гэтай крывой, які ў любым разе быў бы. Напэўна, магу пагадзіцца з тым, што на першапачатковым этапе трэба было больш транспарэнтнасці, аператыўнасці ў давядзенні інфармацыі [ад уладаў], каб у выніку недамовак не ўзнікала падазрэнняў, і тады было б менш пытанняў.

Пра гатоўнасць медыкаў да пандэміі

— Вядома, калі ў сацсетках чытаеш нейкія асобныя заявы [медыкаў], складваецца негатыўная карціна. Але, з іншага боку, міністр аховы здароўя валодае інфармацыяй, у тым ліку, пра наяўнасць касцюмаў і масак, таму я думаю, што трэба давяраць тым заявам, якія робяцца па лініі Міністэрства аховы здароўя. Наколькі мне вядома, праблем з набыццём гэтых масак няма. Хоць бачыў, што ў аптэках з імі пытанні. Але ў таварах для дома я асабіста бачыў шматразовыя, баваўняныя, яны прадаюцца за 1,65 рубля.

Пра парад

— Давайце не будзем забягаць так далёка. Я перакананы, што ўлады, кіраўніцтва краіны выдатна ўсведамляюць, ці трэба альбо не трэба праводзіць гэтыя мерапрыемствы. Рашэнні будуць прымацца, як я разумею, бліжэй да даты ў залежнасці ад развіцця сітуацыі.

Пра вяртанне беларусаў з-за мяжы

— Мы аказалі садзейнічанне ў вяртанні на радзіму 6527 грамадзянам. За мінулыя суткі ў Беларусь вярнулася больш за 100 чалавек. Зараз, паводле нашых ацэнак, больш за тысячу грамадзян знаходзяцца ў 80 краінах. Гэта ўсё неарганізаваныя турысты: хтосьці паехаў на лячэнне, хтосьці на вучобу, нехта, аказваецца ў нас такіх шмат, ездзіць у Індыю на зімоўку. Цяпер у нас засталіся чатыры гарачыя пункты: каля 200 грамадзян у Індыі, 50 з іх у паўночных штатах, каля 150 — на Гоа, 170 — у Тайландзе, 120 — у В'етнаме і каля 50 — у Шры-Ланцы. Мы працуем над пытаннем вяртання гэтых грамадзян. Ёсць ужо ўзгоднены алгарытм дзеянняў, думаю, на працягу найбліжэйшых пары тыдняў мы зможам завяршыць гэты працэс. Але павінен адразу сказаць, што грамадзяне трапілі туды самастойна, таму выдаткі па іх вяртанні ім, можа, і не адразу, але прыйдзецца пакрыць. Вядома, дзяржава павінна клапаціцца пра грамадзян і мы пастараемся зрабіць усё, каб вярнуць нашых людзей дадому. Паверце, гэта вельмі складана, асабліва ў краінах, дзе ўведзены каранцін. У Індыі, каб людзей вывезці, трэба сабраць паўтоны дакументаў, прайсці ўсе кардоны і гэтак далей.

Пра ўзаемадзеянне з Кітаем

— Мы ў свой час адправілі туды два барты з медыцынскімі таварамі, Кітай адразу ж, як толькі ў нас пачала развівацца сітуацыя з пандэміяй, накіраваў да нас борт з тэстамі і медабсталяваннем. На наступным тыдні чакаюцца яшчэ гуманітарныя грузы з медабсталяваннем з Кітая. Гэта ўсё гуманітарная дапамога, мы за яе не плацілі.

Тут яшчэ вельмі важна, што кітайскія правінцыі і прадпрыемствы самі выходзяць на вобласці-пабрацімы і прадпрыемствы-партнёры ў Беларусі і прапануюць сваю дапамогу. Спачатку гэта ўсё было стыхійна, але зараз мы акумулюем усё ў пасольстве, складаем спіс таго, што нам хочуць перадаць з Кітая, і адпраўляем яго ў Рэспубліканскі цэнтр арганізацыі медыцынскага рэагавання. Яны і з'яўляюцца атрымальнікамі гэтых грузаў.

Мы, вядома ж, удзячныя нашым кітайскім партнёрам за жаданне актыўна ўзаемадзейнічаць і дапамагчы Беларусі ў гэтых умовах.

Пра расійскія тэсты

— Так, Расія перадала нам такі груз [10 тысяч тэст-сістэм — Рэд.]. Мы перадалі гэтыя тэсты ў рэгіёны, на памежныя пераходы, каб правяраць транзітных пасажыраў з Расіі, дальнабойшчыкаў з Расіі і на АЭС. Мы, вядома, удзячныя, але 10 тысяч тэстаў — гэта на 2,5 дня працы — у нас кожны дзень па краіне расходуецца каля 4 тысяч тэстаў. […]

— Гэтыя 10 тысяч былі бясплатнымі. У нас вяліся перамовы з дзвюма расійскімі кампаніямі па набыцці яшчэ 30 тысяч тэстаў, але гэтыя перамовы застапарыліся. Аднак нам цяпер гэтыя тэсты і не патрэбныя: мы самі вырабляем тэсты, а яшчэ каля 50 тысяч тэстаў мы атрымалі з іншых краін. Тым больш галоўны ўрач інфекцыйнай бальніцы ў Камунарцы Дзяніс Працэнка сказаў, што расійскія тэсты ненадзейныя, яны даюць імавернасць выяўлення каранавіруса каля 60%. Так што нам цяпер гэтыя тэсты не патрэбныя.

Пра расійскую «дапамогу»

— Нам бы самім хацелася зразумець, пра якую дапамогу ідзе гаворка [Учора Дзмітрый Пяскоў заявіў, што Расія дапамагае Беларусі ў барацьбе з каранавірусам — Рэд.]. Можа, дапамога ў тым, што нечакана закрылі межы, паставіўшы нас у такое становішча? Я да гэтага часу ўспамінаю з дрыжыкамі, калі на першапачатковым этапе мы атрымлівалі інфармацыю пра тое, што нашых грамадзян, у якіх былі білеты на самалёты па лініі расійскіх тураператараў, проста выкідалі з самалёта. Нават сем'і падзялялі: калі муж беларус, а жонка — расіянка, на рэйс саджалі толькі жонку. Былі выпадкі, калі спрабавалі падзяліць 5-гадовага беларуса з бацькам-расейцам. Але гэта было, вядома, на першапачатковым этапе. Пасля нашых настойлівых зваротаў да расійскіх калегаў сітуацыя больш-менш наладзілася.

Ці ж вось гэтыя 15 заражаных чалавек прыехалі з Ніжняга Тагіла — гэта таксама дапамога Расіі? Богам прашу, мы ўсіх вылечым, усім дапаможам, справімся з усім. Але хацелася б, каб, калі робяцца заявы, яны мелі пад сабой падставы.

Пра абарону ад каранавіруса

— Вядома, кантакты значна абмежаваныя. Мы рэгулярна праводзім нарады па пэўных пытаннях у Адміністрацыі прэзідэнта, а ў Міністэрстве я імкнуся выклікаць сваіх падначаленых радзей і гаварыць з імі па тэлефоне. Я забараніў з'яўляцца ў Міністэрстве тым, хто чхае ці адчувае сябе хворым, каб ён не заразіў іншых. Пры найменшым праяўленні прастуды, чалавека адпраўляем да ўрача. У значнай меры мы стараемся засцерагчыся ад магчымага заражэння. Але шчыра хачу сказаць, мне неяк сорамна надзяваць маску, калі ідзеш у краму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?