«Радыё Свабода» хацела разабрацца, што насамрэч адбываецца ў Докшыцах. Але з раённага цэнтра з насельніцтвам 7 тысяч чалавек прывезлі больш пытанняў, чым адказаў. «Свабода» з'ездзіла ў «гарачы» раён на Віцебшчыне, дзе два шпіталі цяпер прымаюць хворых на пнеўманію, а ўлады тым часам настойліва адмаўляюць праблему.

«Проста катастрофа». З такой шчыльнасцю хворых як у Докшыцах, у Мінску былі б занятыя 11 бальніц

Улады лічаць, што ў Докшыцах няма нічога надзвычайнага. Намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан 10 красавіка так адказала на пытанне пра сітуацыю ў раёне: «Чаму гэта надзвычайная сытуацыя? Гэта прагназаваная і чаканая намі сітуацыя», — сказала Богдан.

Зусім іншая думка ў жыхароў Докшыц.

«Вы ж з Мінска прыехалі, можа вас там пачуюць? Нам тут патрэбны каранцін», — кажуць прадавачкі ў краме, якая месціцца па дарозе да шпіталя. На ўваходзе тут антысептык. Супрацоўнікі — у масках. На падлозе наклееныя знакі, каб людзі ў чарзе трымалі паміж сабой дыстанцыю.

Што такога здарылася ў гэтым невялікім горадзе на Віцебшчыне, што людзі просяць журналістаў напісаць пра карантын. Да нядаўняга часу тут толькі хадзілі чуткі пра перапоўнены шпіталь. Людзі з дыягназам «пнеўманія» масава паступалі спачатку ў Докшыцкую цэнтральную раённую бальніцу, а потым і ў Бягомльскую бальніцу (Бягомль уваходзіць у склад Докшыцкага раёна).

8 красавіка звесткі пра ўсплёск пнеўманій у рэгіёне пацвердзіла загадчыца раённай паліклінікі Валянціна Вештарт. У інтэрв'ю раённай газеце «Родныя вытокі» яна паведаміла, што па стане на 7 красавіка зафіксавана 85 пацыентаў з пнеўманіяй.

Чаму нават афіцыйныя звесткі пра 85 чалавек — гэта вельмі шмат? У Докшыцах жыве 7 тысяч чалавек. Агулам ва ўсім раёне — 22,4 тысячы. Калі б такая ж прапорцыя хворых на пнеўманію была ў Менску, гэта склала б 7600 чалавек. Для разумення, у 1-й гарадской клінічнай бальніцы ў Мінску маецца 650 койка-месцаў. То бок, былі б цалкам запоўненыя 11 такіх шпіталёў.

«Я 35 гадоў працую тут у шпіталі і нічога падобнага тут не было, як цяпер, — распавядае медсястра, якая скончыла сваю змену і вяртаецца дахаты. — Гэта проста катастрофа».

Па яе словах, новых хворых прывозяць штодня. Але колькі дакладна цяпер ляжыць чалавек — невядома.

«Нам ніхто нічога не расказвае. І мы ведаем толькі тое, што бачым у сябе ў кабінеце. Але людзей процьма. Вам не перадаць», — кажа медсястра.

«Сама не выходжу і дзяцей ужо каторы тыдзень не пускаю нікуды»

Людзей на вуліцах горада вобмаль. Некаторыя прыватныя крамы і кавярні самі зачыніліся і адпусцілі супрацоўнікаў у адпачынкі, каб перачакаць эпідэмію. Хто мае магчымасьць, стараецца не выходзіць з дому.

«Я сама не выходжу і дзяцей ужо каторы тыдзень не пускаю нікуды», — кажа па тэлефоне жанчына, чый бацька памёр ад пнеўманіі ў шпіталі пару дзён таму. Па папярэдніх аналізах ёй сказалі, што смерць не звязаная з каранавірусам. Але цяпер дактары робяць дадатковыя аналізы. Вынікі будуць у панядзелак.

Ад сваякоў на сёння рэдакцыі вядома прынамсі пра адзін смяротны выпадак ад пнеўманіі толькі за апошнія суткі. Раней «Наша Ніва» пісала яшчэ пра тры смерці ад пнеўманіі. Сярод іх не было пацверджаных выпадкаў каранавіруса.

Таксама «Свабодзе» вядома прынамсі пра дваіх чалавек, у каго пацверджаны каранавірус. Загадчыца раённай паліклінікі казала, што выпадкі каранавіруса ў Докшыцкім раёне можна «пералічыць па пальцах».

Мы датэлефанаваліся да жанчыны з пацверджаным каранавірусам, якая цяпер знаходзіцца ў шпіталі. Яна распавяла, што шпіталь цалкам пераабсталявалі пад прыём хворых на пнеўманіі. Хірургічнае, гінекалагічнае аддзяленне — паўсюль цяпер кладуць людзей з запаленнем лёгкіх.

Жанчына ляжыць у палаце яшчэ з адной пацыенткай, у каго пацверджаны каранавірус. Яна толькі ведае, што ёсць і іншыя са станоўчым тэстам на COVID-19. Але колькі іх — ёй невядома.

«Спачатку тут нават жартавалі, што гэта каранавірус дабраўся да Докшыц»

І наша суразмоўца, і яе суседка па палаце апошнім часам не выязджалі за мяжу. Яны нават за межамі раёна не былі. І дзе маглі падхапіць каранавірус, яны не ведаюць.

«Людзі пачалі хварэць з другой паловы сакавіка, — распавядае нам іншая жанчына, чые бацькі цяпер ляжаць з пнеўманіяй у шпіталі. — Хадзілі, кашлялі. Спачатку тут нават жартавалі, што гэта каранавірус дабраўся да Докшыцаў. А цяпер вось хаваемся па хатах».

Колькі жыхароў Докшыцкага раёна захварэлі на COVID-19? Колькі дакладна людзей памерлі ад пнеўманіі? У колькіх сярод іх быў каранавірус? Вось якія афіцыйныя адказы ўдалося сёння атрымаць:

«Я пра лічбы гаварыць не буду. Ёсьць хворыя ў Докшыцкім раёне, як і ў многіх іншых раёнах», — сказала намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан пасля прэсавай канфэрэнцыі 10 красавіка.

«Старшыні цяпер няма. Намеснік па сацыяльных пытаннях у нас у адпачынку. Супрацоўніка аддзела ідэалогіі няма на месцы. Па тэлефоне на дадзены момант вы ні з кім не пагаворыце», — адказалі ў прыёмнай райвыканкама.

«Я не дам вам такой інфармацыі. Сяргей Фёдаравіч, галоўны доктар, мог бы, але ён у рэанімацыі. І працуе і кансультуе», — адказалі ў прыёмнай Докшыцкай цэнтральнай раённай бальніцы.

«Калі б улады адразу казалі, як ёсць, не было б такой сур’ёзнай праблемы»

Не чакаючы парадаў ад уладаў, людзі самі даюць рады эпідэміі. Мы сустрэлі некалькі чалавек, якія ў апошні час звольніліся са шпіталя.

«Бо проста не хачу прынесці гэтую заразу дахаты і заразіць унукаў», — неахвотна расказаў адзін з іх.

Мужчыну не было складана звольніцца, бо ён пенсіянер. Але, каб не эпідэмія, ён бы і далей працаваў.

«Колькі гадоў я ў шпіталі, дык касцюмы абарончыя толькі падчас вучэнняў бачыў. Гэта трэніравалі ўцечку аміяку, ці яшчэ што. А цяпер тут усё сур’ёзна», — кажа ён.

Ён і іншыя адмаўляюцца фатаграфавацца і здымацца на відэа. Нават на пенсіі, калі не пагражае звальненьне, людзі распавядаюць свае гісторыі, просячы не ўказваць іхных імёнаў.

Пакуль невядома, хто стаў нулявым пацыентам і завёз каранавірус у Докшыцы. Наконт гэтага ёсць толькі чуткі. Але людзі больш задаюцца пытаннем, чаму мясцовыя ўлады сваім маўчаннем давялі сітуацыю ў цэлым раёне да эпідэміі. Бо калі б ад самага пачатку яны паведамілі, што па горадзе распаўсюджваецца вірус, хворых было б нашмат меней.

«Людзі пачалі надзяваць маскі толькі пасля чутак, што шпіталь перапоўнены хворымі на пнеўманію, — кажа мясцовы прадпрымальнік, які цяпер рэдка выходзіць з дому. — А каб улады адразу казалі, як ёсць, не было б такой сур’ёзнай праблемы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?