Пракол з рэкламай не перашкодзіў гурту Ігара Варашкевіча сабраць поўную «Казу».

Фота Сямёна Печанка

Фота Сямёна Печанка

Фота Сямёна Печанка

Фота Сямёна Печанка

Ігар Варашкевіч. Фота Юліі Дарашкевіч

Ігар Варашкевіч. Фота Юліі Дарашкевіч

Мікалай Аруцюнаў. Фота Юліі Дарашкевіч

Мікалай Аруцюнаў. Фота Юліі Дарашкевіч

Напярэдадні канцэрту «Крамы» панавала лёгкая неўпэўненасць за лёс напаўнення канцэртнай залі «Мінск». Справа ў тым, што за тыдзень да канцэрту афішы гурта пазаклейвалі новымі. Неабыякавыя інтэрнаўты арганізавалі добраахвотную рэкламную акцыю, размясціўшы на сваіх блогах інфармацыю пра канцэрт. Магчыма дапамагло гэта, а найхутчэй тое, што «Крамы» даўно не было на вялікіх пляцоўках у Мінску і прыхільнікі яе зачакаліся, але перад самым пачаткам у залі засталося не вельмі і шмат вольных месцаў. Пастаралася і грамадская кампанія «Будзьма» — інфармацыйны ды ўвогуле спонсар канцэрту.

Ігар Варашкевіч не прымусіў сваіх прыхільнікаў доўга чакаць — канцэрт пачаўся з нязвыклай педантычнасцю. «Mein Vaterland, auf Wiedersehen» — «Крама» пачала вялікі сольны канцэрт з развітання. Карыстаючыся момантам, аглядаю публіку. Вельмі шмат сталых людзей — дзядзькі з доўгімі сівымі валасамі, жанчыны перадпенсійнага ўзросту. Мікалай Аруцюнаў ведаў, што казаў ў інтэрв’ю Tut.by пра рок-н-рол, як музыку 40-гадовых і старэй. Былі ў вялікай колькасці і маладыя людзі, нават дзеці (на плячах у бацькоў).

«Усё жыццё — дзіўны сон» — лілося са сцэны. І ў гэта ахвотна верылася, гледзячы на публіку, якая паслухмяна сядзела ў крэслах, нібы прыйшла на канцэрт класічнай музыкі.

У залі былі родныя Варашкевіча. Першай сваёй жонцы ён прысвяціў «Будзь разам з намі», маці, якая нарадзілася ў Гомелі, натуральна, — «Гомельскі вальс». Як напамін пра студэнцкую маладосць, прагрымеў «Камендант». Песні пра каханне — дзве «Стэфкі», а калі быць шчырым, то першая, пранялі да хрыбта. Успомніліся такія далёкія, як падаецца цяпер, дзевяностыя, калі я са здзіўленнем адкрываў для сябе нашу музыку, і гэтае адкрыццё магутнай хваляй змывала-зносіла старыя мае захапленні, пераважна расійскія.

«А зараз мы вернемся ў СССР, але не трэба баяцца, бо гэта будзе толькі стары мульцік і па-беларуску: баю-бай, не кладзіся ты на край!» — пастрашыў і адразу ж супакоіў залю Ігар Варашкевіч.

Перад выхадам на сцэну свайго сябра і калегі Мікалая Аруцюнава Варашкевіч выканаў «Хавайся ў бульбу», аўтарытэтна заявіўшы са сцэны, што «ўсё толькі пачынаецца, як кажуць па ТБ».

Першыя танцы каля сцэны пачаліся з першымі ж акордамі «Хворы на рок-н-рол». На сцэну выйшаў «сябра мой Вярэніч Лёнік». А за ім і Аруцюнаў. Лідэр расійскага «Funky Soul» зрабіў анонс: зараз будуць дзве песні «Rolling Stone», дзве «Lynyrd Skynyrd» і дзве кампазіцыі гурта, які аб’ядноўвае два першых гурта і робіць гэта па-беларуску — «Крамы». Пры гэтым Аруцюнаў катэгарычна заявіў, што дзве апошнія песні будзе спяваць таксама ён і на мове.

І тут пачалося! Калі раней адважных на ўсю залю было некалькі чалавек, і танчылі яны пераважна на балконах, то цяпер адрывалася ці не палова прысутных. Ахоўнік каля сцэны, які спрабаваў вяртаць людзей у крэслы, змірыўся. На сцэну ён глядзеў з падкрэсленай абыякавасцю, на публіку — з лёгкай пагардай. Карацей, прафесіянал.

Аруцюнаў спяваў па-беларуску не горш за Пугача з «J:морс». І заля дзячыла яму апладысментамі і задаволенымі воклічамі. «Выпі са мной да дна» спявалі хорам і стоячы, пад народную «украіна-беларуска-расійскую пра хлопца» («Бяжы, бяжы, хлопец») танчылі ўсе — і стары і малады, палітыкі і праваабаронцы, кабеты бальзакаўскага ўзросту і зусім маладзенькія дзяўчаты. Нават сур’ёзны дзядзечка ў строгім гарнітуры пад гальштукам.

«Мы растапілі такі лёд гэтай афіцыйнай пабудовы! Цяжка тут працаваць» — прызнаўся лідэр «Крамы».

Музыкі зніклі за кулісамі, але слухачы былі настойлівыя. На біс прагучаў «Падае дождж».

«Парвалі залю!» — выгукнуў з шчаслівай усмешкай палітык Аляксей Янукевіч. І дадаў: ««Крама» — наша мама!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?