У Ганконгу дзеля мінімізацыі кантактаў пастаяльцаў у гатэлях пачалі абслугоўваць робаты, паведамляе ria.ru.

Калі ва ўмовах пандэміі COVID-19 уласнікі гатэляў ва ўсім свеце скарачаюць персанал, то ганконскі аператар L'hotel Group, наадварот, узяў на працу новага супрацоўніка.

Яго завуць Genie: гэта першы з трох робатаў са штучным інтэлектам, які будзе абслугоўваць гасцей з 432 нумароў. Ён можа дастаўляць ежу пастаяльцам, у тым ліку і тым, хто на каранціне. У дзень у яго — ад 130 да 150 замоваў. Прычым частка пастаяльцаў спецыяльна звяртаюцца ў room service па дастаўку страў, каб сфатаграфаваць незвычайнага «супрацоўніка».

Да кожнай місіі Genie рыхтуе чалавек, калі загружае замову ў кантэйнер усярэдзіне робата і ўводзіць нумар пакоя госця. Пасля гэтага машына дзейнічае самастойна: выклікае ліфт, знаходзіць патрэбны пакой, паведамляе пастаяльцу пра прыбыццё і чакае, пакуль забяруць замову. Пасля кожнага візіту «супрацоўніка» дэзынфікуюць.

Па меры аднаўлення індустрыі турызму ў Ганконгу ў Genie з'явяцца яшчэ два калегі. Цана кожнага — больш за 100 тысяч даляраў.

Атэльеры спадзяюцца, што робаты стануць іх «практычнай» перавагай: з-за асцярогі падхапіць каранавірус турысты просяць звесці да мінімуму кантакты з іншымі пастаяльцамі і персаналам.

Паводле ацэнкі прадстаўнікоў гасцінічнага сектара, патрэба ў «бескантактавым» абслугоўванні гасцей стане «мегатрэндам» у найбліжэйшыя пяць гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0