Папа Рымскі Францыск ў традыцыйным велікодным звароце «Гораду і свету» паказаў, што Уваскрасенне Хрыстова дае надзею на пераадоленне бедаў, у тым ліку пандэміі каранавіруса. Ён выступіў са зваротам пасля святочнай службы ў саборы Святога Пятра ў Рыме з удзелам усяго некалькіх дзесяткаў чалавек, у тым ліку харыстаў, упершыню не з балкона гэтага храма, як звычайна прынята, а ўнутры — перад папскай кафедрай. Увесь велікодны рытуал трансляваўся ў нядзелю ў прамым эфіры ў многіх краінах.

«Як новая іскра, гэтая светлая навіна (Хрыстос уваскрос — заўв. tass.ru) запалілася ў ночы ў свеце, што ўжо стаіць перад эпахальнымі выклікамі, а сёння сагнуўся пад грузам пандэміі, якая стала выпрабаваннем для ўсёй нашай вялікай чалавечай сям'і, — сказаў пантыфік. — Гаворка не ідзе пра чарадзейную палачку, якая дапамагае праблемам знікнуць. Уваскрасенне Хрыста — гэта іншае, — сказаў ён далей. — Гэта перамога любові над злом, перамога тых, хто не пераскоквае праз пакуты і смерць, але пераадольвае іх, ператвараючы зло ў дабро».

«Я думаю і малюся сёння ў першую чаргу за тых, хто пацярпеў ад каранавіруса, — за хворых, памерлых і іх сваякоў, якія аплакваюць сваіх родных, з якімі нават часам не паспелі развітацца. Хрыстос, дай сіл і надзею лекарам і медперсаналу, усім, хто дэманструе любоў і клопат пра блізкіх», — сказаў Папа. «Многія праводзяць гэты Вялікдзень у адзіноце, у жалобе і роспачы з-за пандэміі, у фізічных пакутах і ва ўмовах эканамічных праблем», — адзначыў ён.

Францыск канстатаваў, што «ў гэтыя тыдні жыццё мільёнаў людзей змянілася нечаканым чынам». «Для многіх, хто застаецца дома, гэта стала магчымасцю для разважанняў, але для многіх гэта і час турботы за будучыню», — дадаў ён.

Папа таксама заклікаў да паслаблення санкцый ва ўмовах пандэміі.

«Хай будуць паслабленыя міжнародныя санкцыі, якія перашкаджаюць аказанню краінамі годнай падтрымкі насельніцтву, каб усе дзяржавы маглі забяспечваць патрэбы сваіх грамадзян, скарачаючы, калі наогул не даруючы, даўгі найбольш бедных краін. Цяпер не час для праявы эгаізму, паколькі выклік датычыцца ўсіх без выключэння», — сказаў пантыфік.

Ён таксама заклікаў да «неадкладнага і паўсюднага спынення агню ва ўсіх кутках свету», асобна згадаўшы Сірыю, Емен, Ірак, Ліван, Палесціну і ўсход Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0