Яўген Лівянт. Фота Надзеі Бужан

Яўген Лівянт. Фота Надзеі Бужан

Рэпетытар Яўген Лівянт падчас праграмы «Ток» расказаў пра сваё стаўленне да «Спутніка» і «рускага свету». Запіс інтэрв'ю працягваўся рэкордныя дзве з паловай гадзіны, гэта частка не ўвайшла ў выніковую відэаверсію.

— Вы часта выказваеце сваю пазіцыю на «Спутніку», які лічыцца рупарам расійскай прапаганды. Чаму вы з імі размаўляеце ўвогуле?

— Добрае пытанне. Па-першае, я ўвогуле не выбіраю СМІ ні па якіх прынцыпах: каму цікавае маё меркаванне, хто звяртаецца да мяне з пытаннямі, я ўсім адказваю — ніяк не сартую. Дзяржаўныя, недзяржаўныя, такая прапаганда, сякая прапаганда — мне ўсё адно.

Ёсць толькі адно патрабаванне — прыстойнасць. Калі гаворка ідзе пра тэлефоннае інтэрв’ю, я павінен вычытаць, каб не было фактычных памылак, каб маю пазіцыю не скажалі.

Журналісты ўсіх СМІ паводзілі сябе выключна прыстойна, за выключэннем аднаго — «Белсата». Не «Спутнік», не «Советская Белоруссия» — «Белсат». Некалькі разоў мяне спрабавалі выкарыстаць як падстаўку да мікрафона, калі я мусіў сказаць роўна адну галоўную фразу кшталту «Усё дрэнна!». Я адмовіўся з імі супрацоўнічаць, але толькі са службай навінаў, у размовах з Калінкінай ці Мацкевічам усё было карэктна.

Цяпер што датычыцца «Спутніка». Гэта вы лічыце яго зброяй прапаганды, а я так не лічу. Тады давайце ўсім раздадзім ордэны ці клеймы: «Белсат», гэта зразумела, зброя польскай прапаганды, «Наша Ніва», думаю, таксама. Яшчэ раз: я так не лічу, але калі так, то давайце раздаваць.

Калі вы пагаворыце з пісьменнікам Андрэем Жвалеўскім, чые палітычныя погляды з маімі разыходзяцца, яны бліжэйшыя да «Нашай Нівы», чым да «Спутніка», ён вам скажа: ні адзін сродак масавай інфармацыі так сур’ёзна, часта, адэкватна не змагаўся за тое, каб беларускія гімназіі не знішчаліся, і не прыцягваў столькі ўвагі да сістэмы адукацыі.

Пункт два. Калі апошні раз я выступаў на «Спутніку»?

— Не прыгадаю.

— А ведаеце чаму? Ім забаранілі камунікаваць са мной. Гэтак жа, як прадстаўніку Самарскага ўніверсітэта забаранілі ўезд у Беларусь [Яўген Лівянт раней расказаў, што работніку расійскага ўніверсітэта забаранілі знаходзіцца ў Беларусі — праз правапарушэнне ў Жабінцы. Найхутчэй, гаворка ідзе пра перавышэнне хуткасці на трасе М1 у Жабінкаўскім раёне — Рэд.], журналістам «Спутніка» загадана — з верасня мяне там няма. Зроблена гэта было зусім амаральна — на журналістаў ціснулі, пагражалі непрыемнасцямі ім і іх сем’ям, яшчэ нейкім чынам. Мне казалі, што да гэтага прыклаў руку міністр адукацыі [Ігар Карпенка] праз свае сувязі ў Расіі: ён дамовіўся, каб ім загадалі зверху.

— Як вы ставіцеся да ўмоўнага «рускага свету»? Ці пагражае ён Беларусі?

— Восенню 2014 года я быў у паездцы ў Ізраіль, куды запрасілі прадстаўнікоў СМІ або людзей, якія публікуюцца, у якіх ёсць яўрэйскія карані, рускамоўных, з постсавецкай прасторы. Адным з пунктаў праграмы быў Яд ва-Шэм, музей Халакосту.

Якраз восенню 2014 года з’явіліся два тэрміны, пра якія я нават адразу не зразумеў, што яны азначаюць, — «каларады» і «ватнікі». Хачу адразу сказаць, што я не падам рукі людзям, якія іх выкарыстоўваюць.

Другая зала Яд ва-Шэма была прысвечана нацысцкай прапагандзе. Экскурсавод нам расказаў, што ў 1933 годзе, калі нацысты прыйшлі да ўлады, яўрэяў, якія займалі высокае становішча, пачалі пакрысе адсоўваць. Немцы былі гатовыя адсоўваць яўрэяў, але не былі гатовыя іх забіваць. Тады знайшлі добрых мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў, іх мэтай было давесці нямецкаму народу, што яўрэй — гэта не чалавек, а жывёла, насякомае. У другой зале Яд ва-Шэма карціны, карыкатуры, якія стварылі нямецкія мастакі з мэтай расчалавечыць яўрэяў. З гэтай экскурсіі ёсць фатаграфія, на якой я стаю абсалютна без твару, і толькі я ведаю прычыну чаму: я пабачыў «каларада», вусеня, з яўрэйскім носам. Вось так расчалавечвалі яўрэяў, каб пасля вусеня раздушыць.

Тады сфармаваліся мае погляды, што такое добра, што такое дрэнна. Мяне не моцна турбуе праблема «рускага свету», мяне хвалюе праблема расчалавечвання. Калі мой народ прайшоў праз тое, праз што прайшоў, я для сябе лічу немагчымым далучацца да тых, хто гатовы расчалавечваць кагосьці іншага.

Калі я чую ў дачыненні да рускіх слова «каларад» — дарэчы, цяпер ужо гэта слова не выкарыстоўваюць, дайшло, што «неакуратненька» неяк, — для мяне гэта немагчыма, гэта табу. Можна спрачацца, сварыцца.

А што датычыцца страху перад тым ці іншым светам, страх згубіць свой, мабыць, ёсць перад любым знешнім светам. А чаму вы кажаце толькі пра рускі свет? Давайце пагаворым пра польскі! Я лічу, што чалавек, які з’яўляецца рэальным беларускім патрыётам, але кажа толькі пра рускую пагрозу і не кажа пра польскую, — ён ілгун.

— Гэта відавочна, чаму мы кажам пра рускі свет, бо ў нас расійскія каналы, медыя, кнігі, фільмы…

— А карта паляка ў якой колькасці людзей?

— Гэта таксама праблема, пра яе мы таксама гаворым.

— Не помню, не чуў, не чытаў. А вы ведаеце, што прымаецца рашэнне польскім урадам: прызнаем карту паляка пашпартам. Нешта я даўно не чытаў, каб людзі абмяркоўвалі, што гэта вялікая праблема. У Польшчы болей нашых маладых людзей, чым у Расіі.

— Мы пастаянна пішам пра карту паляка, у нас абсалютна беларуская пазіцыя.

— Штосьці я не чытаў пра гэту пагрозу. Скінеце мне спасылку — я выбачуся. А колькі разоў вы напісалі пра тое, пра што мне ўсё больш і больш нашых студэнтаў расказвае, што яны 11 лістапада ў Польшчы не выходзяць на вуліцу — гэта Дзень Незалежнасці Польшчы, у гэты дзень небяспечна выходзіць на вуліцу: б’юць. Мне нядаўна мая вучаніца расказвала: яны ішлі кампаніяй, выскачылі хлопцы, палкамі пабілі. Калі мы гаворым пра рускую пагрозу, а не гаворым пра польскую, — гэта прапаганда. Калі я прачытаю аналітычны матэрыял пра пагрозу з усходу, а пасля пра пагрозу з захаду — я сур’ёзна пастаўлюся да гэтага СМІ. А я чытаю толькі пра пагрозу з усходу і не чытаю пра пагрозу з захаду. Нашы вучні расказваюць, што ў польскіх ВНУ ёсць такое, што парты падзялілі — палякі сядзяць асобна. А ў Расіі такога няма. Таму або размаўляць шчыра, або не размаўляць.

А для мяне беларускім патрыётам з’яўляецца той, хто тут шчыра працуе, стварае працоўныя месцы, плаціць падаткі тут і менш размаўляе пра гэтыя міфічныя пагрозы.

А тыя людзі, якія вядуць сістэму распазнавання «свой — чужы», — яны вядуць да разбурэння краіны. 

00:43 — як сышоў з дзяржаўнай сістэмы адукацыі,
09:30 — пра асноўную праблему прыватных беларускіх школ 1990-х,
10:41 — што было, калі паставіў першую двойку ў прыватнай школе,
11:41 — як школьнік прапаноўваў грошы,
13:35 — ці мог бы вярнуцца ў дзяржаўную сістэму, і якая была б умова,
15:21 — колькі павінен зарабляць настаўнік,
16:07 — дзе ўзяць грошы на падвышэнне заробкаў настаўнікаў,
21:08 — чаму гомельскую настаўніцу, якая нецэнзурна лаялася і пагражала партай вучню, нельга было звальняць,
24:59 — што было дазволена і не дазволена вучням Лівянта на яго ўроках,
26:32 — чаму ў еўрапейскіх і амерыканскіх школах вучні не спазняюцца і не зрываюць урокі,
30:14 — за што тэхнічка назвала Лівянта-школьніка вырадкам, і чаму ён ёй за гэта ўдзячны,
33:36 — чаму настаўнікі дазваляюць рабіць з сябе рабоў,
38:29 — пра тое, што настаўнікі фальсіфікуюць выбары,
41:46 — пра Ігара Карпенку, міністра адукацыі Беларусі з 2016 года,
50:52 — цудоўная гісторыя, як стаў прадпрымальнікам года,
53:10 — якія крокі, зробленыя Карпенкам у адукацыі, разбураюць яе,
55:33 — пра выгаду рэпетытараў ад грамадскай думкі «без рэпетытара не паступіш»,
59:35 — ці ёсць пачуццё віны, што рэпетытарскі цэнтр Лівянта забірае найлепшых настаўнікаў са школ,
01:01:07 — пра ўцечку мазгоў,
01:03:05 — Post Scriptum: чаму яшчэ ніколі жанчына не была міністрам адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0