У нядзелю, 12 красавіка, Берасьці прайшла чарговая акцыя праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ля Берасьця. Гэта была першая акцыя пасьля паведамленьня аб станоўчых выніках чарговай экалягічнай экспэртызы заводу. У мітынгу і шэсьці прынялі ўдзел каля 200 чалавек, піша «Радыё Свабода».

«Сёньня сабралася каля 200 чалавек тут, гэта значна больш, чым звычайна, — расказаў «Свабодзе» адзін з праціўнікаў будаўніцтва заводу, праваабаронца Раман Кісьляк. — Людзі абураныя. Апошняя экалягічная экспэртыза, якую завод прайшоў пасьпяхова, паказвае, што ўлады далі яго ўласьнікам карт-блянш на запуск прадпрыемства».

Акцыя працягвалася больш за гадзіну. Падчас мітынгу і шэсьця затрыманьняў удзельнікаў не было.

Большасць людзей прыйшла ў масках і марлевых павязках.

Акумулятарны завод ТАА «АйПаўэр» пабудаваны на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст», паблізу вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2. На заводзе плянуецца наладзіць поўны цыкл вытворчасьці сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэньняў пры рэалізацыі праекта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0