Палякі з літоўцамі вымушана едуць з заробкаў дамоў. Праз гэта шмат хто з нашых суайчыннікаў губляе працу ў Літве і Польшчы.
Сяргей працаваў у Варшаве ў вялікай будаўнічай кампаніі. Яшчэ нядаўна ён планаваў перабрацца стуль у Партугалію. Цяпер жа з Партугаліі пачалі вяртацца польскія будаўнікі, і яму трэба думаць, як утрымацца ў Варшаве. На асноўнай працы ён зарабляў каля тысячы еўра, акрамя гэтага, падпрацоўваў рамонтамі. Эканамічны крызіс падкарэктаваў ягоны бюджэт: заробак перастаў расці, яго пачалі выдаваць у злотых. «Добра, што хоць не зніжаецца», — сумна ўсміхаецца Сяргей. На «халтуру» давялося забыць — ашчаджаючы грошы, учорашнія кліенты рамантуюць кватэры ўласнымі сіламі.
Міколу, дальнабойшчыку з Гудагаю, не пашчасціла. Ён працаваў у невялічкай літоўскай кампаніі, уласнік якой меў шэсць «фураў». Цяпер аўтаперавозкі сталі нявыгаднымі для такіх маленькіх фірмаў, літовец прадаў пяць з шасці аўто, пазвальняў супрацоўнікаў, у тым ліку і беларуса. Такіх гісторый на Астравеччыне, адкуль шмат хто едзе шукаць лепшага заробку ў Літву, сёння можна пачуць безліч.
Зазналі праблемы і беларускія студэнты, якія мерыліся застацца на працу за мяжой. Аляксандр вучыцца ў Варшаўскім універсітэце. Застацца ў Польшчы на працу цяпер нерэальна, кажа Аляксандр. Калі, канечне, не лічыць працай раздачу рэкламы ў метро, бо на такі заробак пражыць праблематычна.
У будаўніка Сяргея варыянт вяртання на радзіму выклікае разгубленасць, бо акурат малыя заробкі ды ніякая дысцыпліна на айчынных будоўлях і падштурхнула яго з’ехаць. У Расію таксама не хоча, памятаючы свой колішні няўдалы досвед працы ў Падмаскоўі. Праца за мяжой, хай сабе і не самая лёгкая, давала, акрамя заробкаў, маральнае задавальненне. Вярнуцца да свайго пасля якасна іншых умоваў многім нялёгка.