Запрашэнні польскіх працадаўцаў сталі хадавым таварам для былых прадпрымальнікаў, якія зацікаўленыя ў працы на беларуска-польскай мяжы.

З 2007 года ў Польшчы дзейнічае спрошчаная працэдура часовага працаўладкавання для грамадзян з сумежных дзяржаваў: Беларусі, Расіі, Украіны. Вынаходлівыя людзі хутка зразумелі, што атрымаць шматразовую працоўную візу стала прасцей, чым гасцявую, бо далёка не кожны мае сваякоў у Польшчы.

Пры падачы дакументаў на працоўную візу польскія дыпламаты патрабавалі ад замежнікаў толькі фармальны ліст працадаўцы аб прадастаўленні працоўнага месца. Ранейшае патрабаванне аб дазволе мясцовых уладаў адмянілі.

Гэтым фактам хутка скарысталіся прадпрымальныя грамадзяне, якія наладзілі новы від «бізнэсу» — актыўна пачалі прадавацца запрашэнні польскіх працадаўцаў. «Пуцёўкі ў новае жыццё» сталі распаўсюджваць ля польскіх консульстваў у Брэсце і Гродна.

Цэны даходзяць да 200 еўра за запрашэнне.
Гандаль запатрабаваны, бо ў прымежных гарадах заўсёды было шмат ахвотных наведваць суседнюю дзяржаву.

Такім чынам, значна вырасла колькасць так званых «супрацоўнікаў», якія паехалі ў Польшчу па набытых запрашэннях. Адпаведна вырасла і колькасць разбіральніцтваў у раённых судах Падляскага ваяводства.

На лаве падсудных аказаліся тыя, хто змог на працягу некалькіх месяцаў перасячы беларуска-польскую мяжу ад 80 да 100 разоў, маючы ў пашпарце толькі працоўную візу, хоць гэтая віза можа выкарыстоўвацца выключна ў мэтах працаўладкавання за мяжой.
Тым, хто рызыкуе, варта ведаць, што Крымінальны кодэкс Польшчы тлумачыць гэта як наданне лжывай інфармацыі службовым асобам краіны, у дадзеным выпадку консулам і памежнікам. Пакаранне за дадзенае правапарушэнне прадугледжвае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Адар’я Гуштын

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?