Крызіс? Прэзідэнт нам такога не казаў. А для даверу між уладамі і грамадствам дастаткова аднаго — каб людзі мелі магчымасць удзельнічаць у падліку бюлетэняў на выбарах, адказвае на заклік Яўгена Прэйгермана Аляксандр Фядута. 

Цяпер жанр «Наш адказ Прэйгерману!» увойдзе ў моду, падобна таму, як у 1920-я гады ў Савецкай Расіі было модна адказваць Чэмберлену. Але я вымушаны звярнуцца з лістом у рэдакцыю партала «Наша Ніва» на тых жа падставах, што і спадар Прэйгерман.

І ён, і я нікога ў дадзеным выпадку не прадстаўляем, таму знаходзімся ў абсалютна аднолькавым статусе.

І ён, і я з'яўляемся прыхільнікамі дыялогу. Толькі я — прыхільнік дыялогу паміж уладай і апазіцыяй, а ён — прыхільнік дыялогу паміж беларускімі ўладамі і гатовымі мець з імі зносіны заходнімі коламі. За першае ў нас не раз білі дубінкамі па галовах і садзілі на розны тэрмін пад варту, другому радасна апладзіравалі і нават прыводзілі на мерапрыемствы найвышэйшых службовых асоб дзяржавы. Але ў дадзеным выпадку мы абодва — менавіта прыхільнікі дыялогу.

Менавіта таму я прашу рэдакцыю надрукаваць мой ліст.

Чытайце таксама. Прэйгерман: Беларуская дзяржаўнасць стаіць перад сур'ёзным выпрабаваннем

Паважаны Яўген!

Мне шкада, што Вы паддаяцеся паніцы, супраць якой выступаюць усе дзяржаўныя тэлеканалы ў сваіх праграмах навін і нават у спецыяльна знятай (на грошы падаткаплацельшчыкаў?) рэкламе.

Вы, не будучы доктарам, прадракалі нам «экспанентны рост колькасці інфікавання» каранавірусам. Адкуль у Вас такая інфармацыя? Міністр аховы здароўя заклікае чэрпаць яе выключна з вартых даверу крыніц, а якраз правераныя крыніцы — гэта значыць, яго намеснікі, яго прэс-служба, дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва і, нарэшце, асабіста кіраўнік дзяржавы сцвярджаюць, што ўсё пад самым строгім кантролем і баяцца няма чаго.

Іншая справа, што ім не вельмі вераць, пра што сведчыць у тым ліку самамабілізацыя грамадзянскай супольнасці, з'яўленне валанцёрскіх груп, якія кінуліся забяспечваць лекараў (якія, мяркуючы па бравурных справаздачах ведамства спадара Караніка, у нас забяспечаны ўсім) самым неабходным. Вы не лічыце, што вы рызыкуеце? Ну добра, нам не прывыкаць, але Вас шчыра шкада: прэзідэнт загадаў разабрацца з панікёрамі і распаўсюджвальнікамі фэйкаў.

Далей Вы кажаце пра эканамічны крызіс «у сённяшнім становішчы татальнай нявызначанасці». Шчыра кажучы, я не надта разумею, што менавіта з'яўляецца «татальна нявызначаным».

Чытаючы — як, зрэшты, і Вы — не толькі беларускія сайты, я бачу якраз абсалютную пэўнасць — ад Кітая да ЗША, ад Францыі да Польшчы, ад Расіі да Украіны. Я бачу, як улады прымаюць рашучыя крокі па выратаванні прыватнага сектара эканомікі, прычым гэта крокі разнастайныя, у кожнай дзяржаве — свае. Супадаюць яны ў галоўным: малы і сярэдні бізнэс павінен атрымаць падтрымку, зберажэнні грамадзян павінны быць захаваны і павінны захаваць сваю пакупніцкую здольнасць. Дзеля гэтага выплачваюцца пазачарговыя дапамогі — прычым выплачваюцца ўсім, за дзяржаўны кошт. Аб'яўляецца мараторый на любое павышэнне кошту дзяржаўных паслуг. Уводзіцца кантроль за цэнамі — прычым не толькі на маскі і дэзынсептыкі.

У нас пакуль абмяркоўваецца пытанне, ці варта ўводзіць адтэрміноўку на выплату арэнды для бізнэсу, а заадно аддаецца распараджэнне не затрымліваць у медыцынскіх установах інфіцыраваных больш за пяць-сем дзён — і гэта пры тэрміне актыўнасці каранавіруса ў два тыдні. Верагодна, гэта робіцца для таго, каб не аплачваць бальнічны работнікам дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў. Так што — ніякай нявызначанасці, ці не так?

А што тычыцца нявызначанасці «эканамічнай будучыні» свету, то тут Вы, зразумела, маеце рацыю. Ніхто не ведае, колькі нас застанецца і ў якіх менавіта галінах.

І трэцяе — крызіс сістэмы міжнародных адносін. Пра яго Вы пішаце з поўным веданнем справы, прычым асабліва звяртаюць на сябе ўвагу наступныя радкі: «Цяпер трансфармацыя можа ісці значна хутчэй і, адпаведна, можа стаць больш небяспечнай».

Менавіта таму, што ў дадзеным пытанні я лічу Вас цалкам кампетэнтным,

хацелася б зразумець, якая менавіта трансфармацыя нам пагражае сёння? Расія паспрабуе канчаткова нас паглынуць? Еўропа возьме намер нарасціць санкцыі ў дачыненні да нас? Або Беларусь проста выпадзе з сусветнага парадку, а таму ў нас не будзе магчымасці зняважана прасіць дапамогі ні ў Захаду, ні ва Усходу? Але Вы апісалі гэтую трэцюю небяспеку настолькі абцякальна, што Вас можна прыняць за прэм'ер-міністра Румаса, які абмяркоўвае са сваім расійскім калегам (ужо былым) «дарожныя карты інтэграцыі»: поўная, кажучы Вашай мовай, татальная нявызначанасць!

Я ўдзячны Вам за тое, што Вы загаварылі не толькі пра памылкі апазіцыі, але і пра памылкі ўлады. У крытыцы памылак апазіцыі я паспеў набіць сабе столькі шышак, што ўжо нават не адчуваю, калі калегі па дэмакратычным лагеры паліваюць мяне брудам. Але і ў адсутнасці крытычнай пазіцыі ў адносінах да ўлады Вы мяне абвінаваціць таксама не можаце. У гэтым пытанні я бачу, што мы з'яўляемся аднадумцамі.

Менавіта таму звяртаюся да Вас, Яўген, з просьбай. Калі ў чаканні прадказанай Вамі «беспрэцэдэнтнай турбулентнасці», Спадарыня Улада напіша Вам у адказ ліст, у якім падтрымае ідэю грамадзянскага міру ў Беларусі, не палічыце за клопат азнаёміць нас з яго зместам. Мы ўсе — я аб прыватных асобах, накшталт нас з Вамі — з радасцю падставім не падножку, а плячо роднай дзяржаве. Нагадаю: у 2017 годзе — акурат напярэдадні юбілею года «беспрэцэдэнтнай турбулентнасці» вядомы журналіст і грамадскі дзеяч Іосіф Сярэдзіч прапанаваў правесці «круглы стол» паміж апазіцыяй і ўладай, каб абмеркаваць найбольш актуальныя праблемы. Спадарыня Улада абяцала падумаць. Прайшло амаль тры гады.

Спадзяюся, Вы атрымаеце адказ значна раней. Можа быць, Вас нават запросяць, каб даведацца, што трэба зрабіць для атмасферы даверу і грамадзянскага міру.

Многага прапаноўваць не трэба, тым больш што шмат чаго — гэта, кажучы Вашымі словамі, «непрыемнае для аднаго з бакоў». Тады проста прапануеце, каб назіральнікі і журналісты падчас падліку галасоў маглі знаходзіцца непасрэдна каля сталоў з бюлетэнямі і ў выпадку сумневаў — ну, дзеля ўмацавання атмасферы даверу — атрымаць магчымасць удзельнічаць у пераліку бюлетэняў.

Прычым не па рашэнні камісій, а ў абавязковым парадку.

І больш пакуль нічога не прасіце. Прынамсі, для мяне як для прыватнай асобы.

З павагай,
Аляксандр Фядута

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0