Старшынёй рады праваабарончага грамадскага аб’яднання «Наша Вясна» абраны Алесь Бяляцкі.
Яго кандыдатуру падтрымалі аднагалосна ўсе 82 удзельнікі з’езда арганізацыі, што прайшоў у Мінску 29 сакавіка.

Усяго ў склад рады ўвайшлі пяць чалавек. Апрача Алеся Бяляцкага, гэта Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч, Таццяна Равяка і Марына Станкевіч.

Як сказаў А.Бяляцкі пасля абрання, цяпер ініцыятары стварэння аб’яднання накіруюць сваю актыўнасць на рэгістрацыю «Нашай Вясны» ў Міністэрстве юстыцыі і арганізацыю міжнароднай падтрымкі для яе легалізацыі ў Беларусі.

Паводле слоў праваабаронцы, члены аб’яднання будуць працягваць працаваць у тых кірунках дзейнасці, якія прадугледжаны статутам арганізацыі, паколькі ніхто не можа ім забараніць дзейнічаць у якасці праваабаронцаў у індывідуальным парадку.
Пры гэтым А.Бяляцкі зазначыў, што ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі ў трэці раз больш дакументы ў Мінюст падавацца не будуць.

Удзельнікі з’езда таксама прынялі статут і праграму арганізацыі.

Гэта ўжо трэцяя спроба зарэгістраваць аб’яднанне.
Мінюст адмаўляў у яго рэгістрацыі двойчы — у 2007 годзе і ў лютым 2009‑га. Законнасць першага рашэння пацвердзіў Вярхоўны суд. Другое цяпер аспрэчваецца ў Вярхоўным судзе.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» быў створаны ў красавіку 1996 года падчас масавых акцый пратэсту дэмакратычнай апазіцыі.
Праваабаронцы аказвалі дапамогу затрыманым удзельнікам гэтых акцый. Першапачаткова арганізацыя называлася «Вясна‑96», аднак у 1999 годзе была зарэгістравана Мінюстам як ГА «Праваабарончы цэнтр «Вясна».

У кастрычніку 2003 года цэнтр быў ліквідаваны рашэннем Вярхоўнага суда. Прычынай ліквідацыі стаў удзел членаў арганізацыі ў назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года.

6 сакавіка 2004 года цэнтр «Вясна» быў прыняты ў Міжнародную федэрацыю правоў чалавека.

24 чэрвеня 2007 года Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў, што, калі беларускія ўлады ліквідавалі «Вясну», яны парушылі пункт 1 артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У Мінску гэтае рашэнне праігнаравалі, а ў жніўні 2007 года Мінюст адмовіў у рэгістрацыі ГА «Вясна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?