Пра сітуацыю ў Бешанковічах, раённым цэнтры ў Віцебскай вобласці, «Нашай Ніве» расказалі жыхары. Старых шпіталізавалі ў раённую бальніцу, дзе ляжаць дзясяткі людзей з пнеўманіямі і каранавірусам.

[Першапачаткова ў тэксце паведамлялася пра адзін выпадак каранавіруса ў доме састарэлых. Аднак Рэдакцыя атрымала ад Міністэрства інфармацыі ліст з патрабаваннем выдаліць гэтыя звесткі, бо яны не адпавядаюць рэчаіснасці].

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Дом састарэлых у Бешанковічах — гэта аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў пры мясцовым цэнтры сацабслугоўвання. Аддзяленне разлічана на 33 чалавекі, сёння там жывуць 28 «пацыентаў». Акрамя таго, у цэнтры працуе аддзяленне дзённага знаходжання.

Інфармацыю пра шпіталізацыю старых пацвердзілі супрацоўнікі аддзялення.

«Цяпер 6 чалавек шпіталізавалі ў інфекцыйнае аддзяленне, — расказалі «Нашай Ніве» ў Бешанковічах. — Абстаноўка ў нас тут нармальная, людзей з тэмпературай няма, з прастудай нікога няма. 

Аналізы на каранавірус ва ўсіх узялі, ні ў кога не пацвердзіўся. Цяпер будзем здаваць паўторны аналіз», — расказалі нам.

Людзі ва ўсёй Віцебскай вобласці наракаюць, што чакаць вынікаў тэстаў даводзіцца вельмі доўга. «Чакаць трэба недзе тыдзень: тэсты возяць правяраць у Магілёў», — сказаў нам медработнік з Бешанкавіч.

Абмежаванне на наведванне дамоў састарэлых у Віцебску ўвялі толькі ў канцы сакавіка.

На думку жыхароў раёна, пачалося ўсё тут, магчыма, з дома адпачынку «Крупеніна», які месціцца ў меднастволым сасновым бары на беразе аднаго з азёр. Са слоў жыхароў, у гэтым спа-комплексе на 80 месцаў размяшчалі «першыя кантакты» заражаных каранавірусам. Пасля санапрацоўку спа-комплексу праводзілі супрацоўніцы раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Пазней 57-гадовая дэзынфектарка санстанцыі памерла ад пнеўманіі. За жыццё яшчэ адной яе калегі змагаюцца дактары раённай бальніцы.

Сёння стала вядома пра смерць ад пнеўманіі яшчэ адной 87-гадовай жанчыны ў райцэнтры. У бальніцы яна праляжала пяць дзён, тэст на каранавірус у яе не бралі. Сваякам сказалі: «Таму што няма тэстаў». 57-гадовая дачка памерлай таксама ляжыць у бальніцы з запаленнем лёгкіх, як і яе 56-гадовы муж — ён у цяжкім стане, на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Чытайце таксама: «Пахаваюць у закрытай труне». У Бешанковічах за тры дні згарэла дэзынфектарка санстанцыі

У сваю чаргу, некалькі медработнікаў у Бешанковічах таксама заразіліся, расказалі нам. Сярод іх і дактары.

Інфармацыі пра агульную колькасць хворых на пнеўманіі і каранавірус па Бешанковічах няма. Жыхары перадаюць вядомае ім з вуснаў у вусны. У дамапогу дактарам Бешанковіцкай бальніцы адкрыты дабрачынны пазабюджэтны рахунак: BY44AKBB36323110030582200000 УНП 300194206 БІК AKBBBY21215 у філіі №215 ААТ «ААБ Беларусбанк».

Бальніца просіць таксама тэрмінова купіць ёй тры ўвільгатняльнікі кіслароду для людзей з лёгачнай недастатковасцю. Яе зварот рэпоснуў акаўнт райвыканкама УКантакце. На гэта трэба 960 рублёў.

Дапамогу медыкам Віцебшчыны збірае таксама грамадская ініцыятыва «Каранавірус Віцебск. Дапамога медыкам».

Каранавірус падступны тым, што дае ўскладненні на лёгкія. Ён выклікае цяжкія і часам вельмі хуткацечныя пнеўманіі.

У Францыі, Бельгіі і Іспаніі вялікую долю ахвяр каранавіруса склалі менавіта пацыенты дамоў састарэлых, бо старэйшыя людзі крайне цяжка пераносяць COVID-19.

Усяго ў Беларусі па стане на пачатак 2019 года было 22 дзяржаўныя дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў агульнага тыпу і 50 — псіханеўралагічнага профіля. У іх жывуць больш за 17,5 тысяч чалавек. Існуе таксама каля дзесяці прыватных устаноў такога плана. Акрамя таго, у многіх гарадах ёсць гэтаксама цэнтры дзённага перабывання для старых людзей. І яны ў сітуацыі эпідэміі робяцца зонамі рызыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0